Аляксей Марачкін напісаў праект «Антыкамуністычнага маніфэсту», сабраў групу аднадумцаў і заклікаў правесьці форум, які асудзіў бы злачынствы камунізму.
Мастак і грамадзкі дзеяч Аляксей Марачкін узначаліў групу па стварэньні грамадзкай ініцыятывы «За Маскоўскі Нюрнбэрг: Аб асуджэньні маскоўскага камунізму». 10 чэрвеня Марачкін з аднадумцамі правялі ў Менску першы сход гэтай групы, на 12 чэрвеня ў сядзібе БНФ прызначаны другі сход ініцыятараў суду над камунізмам. На абмеркаваньне прапанаваныя плян дзеяньняў і праект маніфэсту, у якім Алесь Марачкін выклаў свае ідэі па дэкамунізацыі Беларусі.
Чаму Беларусі патрэбная дэкамунізацыя
«Нам вельмі патрэбная дэкамунізацыя грамадзтва, мы бачым, што бяз гэтага працэсу Беларусь ня зможа разьвівацца ў бок дэмакратыі,— кажа Аляксей Марачкін пра мэты ініцыятывы ў інтэрвію Свабодзе. — Краіна зайшла ў тупік, бо своечасова не адмовілася ад камуністычнай спадчыны, мы не асудзілі камунізм як палітычную зьяву, не правялі суду над вінаватымі ў камуністычным тэроры, у такіх жудасных зьявах, як масавыя расстрэлы невінаватых у Курапатах. Але мы і самі не пакаяліся ў тым, што маўчалі і не супраціўляліся камуністычнаму тэрору. На першым месцы мусіць быць дэкамунізацыя палітычнага жыцьця, а ўжо потым — люстрацыя ды іншыя захады пакараньня».
Паводле Марачкіна, ідэя назвы — «За Маскоўскі Нюрнбэрг» — узятая з артыкула вядомага расейскага гісторыка, былога прафэсара Маскоўскага ўнівэрсытэту Андрэя Зубава, які ў 2016 годзе выказаўся за тое, каб у Расеі прайшоў свой Нюрнбэрг.
Аляксей Марачкін падтрымлівае гэтую ідэю расейцаў, але разьлічвае, што беларусы сваіх усходніх суседзяў апярэдзяць у дэкамунізацыі.
«Мы плянуем нашай ініцыятывай падштурхнуць да дэкамунізацыі і дзейную ўладу, — кажа Марачкін. — Камуністычныя назвы вуліц, помнікі Леніну, якіх яшчэ шмат стаіць ня толькі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі, але і ў вёсках, „Лінія Сталіна“, якой у сапраўднай гісторыі не было, іншыя шматлікія прыкметы камуністычнай эры — гэта ня тая экзотыка, якой можна прывабліваць турыстаў, а насамрэч вельмі шкодная рэч для будучыні нашай краіны.
Камуністычныя сымбалі, камуністычны міт нам навязалі звонку. Я сам памятаю, як у канцы 1950-х гадоў да нас прыяжджаў Мікіта Хрушчоў і агітаваў, што ўжо праз 10 гадоў усе будзем жыць пры камунізьме. Камуністычны пухір лопнуў, але яго прыкметы застаюцца, і гэта пагражае нам уцягваньнем у новую імпэрыю. Таму і беларускай уладзе трэба ўцяміць, што ад камуністычнай спадчыны трэба як мага хутчэй пазбаўляцца», — лічыць Аляксей Марачкін.
Марачкін ініцыяваў Антыкамуністычны форум
Грамадзкую ініцыятыву, якую прапанаваў мастак, падтрымалі палітыкі, навукоўцы, дзеячы культуры. Аляксей Марачкін кажа, што гэтая прадстаўнічая і аўтарытэтная група праз падпісаньне ягонага «антыкамуністычнага маніфэста» будзе павялічвацца. Сьпіс тых, хто яе падтрымаў, будзе зьмешчаны ў інтэрнэце.
Тых, хто далучыцца да ініцыятывы, паводле Аляксея Марачкіна, восеньню 2019 году зьбяруць на першы ў Беларусі форум грамадзкай ініцыятывы «За Маскоўскі Нюрнбэрг: Аб асуджэньні маскоўскага камунізму».
Запрасілі Пазьняка
Асобна сход абмеркаваў пытаньне пра тое, як заручыцца падтрымкай лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Вырашылі да яго зьвярнуцца пэрсанальна з заклікам далучыцца і падтрымаць ініцыятыву.
Пры гэтым сябры працоўнай камісіі прагаласавалі і за зварот да іншых вядомых беларускіх эмігрантаў, у тым ліку прадстаўнікоў Рады БНР у эміграцыі.
Сям’я Марачкіна пацярпела ад камунізму
Аляксей Марачкін — актывіст БНФ «Адраджэньне», адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі», мастак, вядомы шэрагам працаў патрыятычнай тэматыкі.
Марачкін распавёў Свабодзе, што камуністычныя рэпрэсіі закранулі і ягоную сям’ю:
«Двух маіх дзядзькоў арыштавалі і забілі ў лягерах, бацьку ледзьве не арыштавалі, ён мусіў зьехаць на Далёкі Ўсход, каб выратавацца. Прыйшоўшы з фронту, ужо пасьля вайны, бацька мне шмат разоў казаў: «Ляксей, ніколі не ўступай у гэтую партыю камуністаў, бо там адны бандыты».