Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве, Менску, Лёндане, Нью-Ёрку і іншых гарадах праходзяць акцыі салідарнасьці з Алегам Сянцовым


Ілюстрацыйнае фота. Падчас мінулагодняй акцыі ў падтрымку Алега Сянцова
Ілюстрацыйнае фота. Падчас мінулагодняй акцыі ў падтрымку Алега Сянцова

У некалькіх краінах сьвету 13 ліпеня праходзяць акцыі ў падтрымку Алега Сянцова. Украінскаму рэжысэру, якога ў Расеі абвінавацілі ў тэрарызьме і пасадзілі ў турму на 20 гадоў, сёньня спаўняецца 43 гады, паведамляе «Настоящее время».

Гэта ўжо шосты дзень нараджэньня, які Алег Сянцоў сустракае за кратамі.

У Кіеве і іншых гарадах Украіны акцыі праходзяць у фармаце флэш-мобу «Сянцоў +». Іх удзельнікі ня толькі выказваюць падтрымку рэжысэру, але і патрабуюць вызваліць іншых грамадзян Украіны, якія зазналі перасьлед у Расеі. Гэта арыштаваныя пасьля расейскай анэксіі 2014 году крымскія татары і захопленыя ФСБ у Керчанскай пратоцы экіпажы ўкраінскіх караблёў.

Удзельнікі флэшмобаў пішуць лісты са словамі падтрымкі, адрасаваныя ўкраінскім палітвязьням. На прымеркаваных да дня нараджэньня Алега Сянцова імпрэзах паказваюць яго фільмы і зачытваюць творы рэжысэра.

Да акцыі салідарнасьці далучыліся Масква, Менск, Лёндан, Люксэмбург, Мюнхен, Бэрлін, Рыга, Нью-Ёрк, Люблін і Галіфакс.

Міністэрства замежных спраў Украіны ў чарговы раз заклікала Расею вызваліць незаконна зьняволенага ўкраінскага рэжысэра.

  • Алег Сянцоў — ураджэнец Крыму, неаднаразова выступаў супраць анэксіі паўвострава Расеяй.
  • У жніўні 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яго да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме.
  • Сянцоў сваю віну не прызнаў і на працэсе заяўляў, што яго катавалі. Тэрмін ён адбывае ў калёніі ў горадзе Лабытнангі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расеі.
  • У калёніі Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў у Расеі. Ён пратрымаўся больш за 140 дзён, але быў вымушаны спыніць галоўку, калі кіраўніцтва калёніі вырашыла карміць яго прымусова і даваць сэдатыўные прэпараты.
  • Украіна і пераважная большасьць праваабаронцаў лічаць справу Сянцова палітычнай і патрабуюць яго неадкладнага вызваленьня.
  • 25 кастрычніка Эўрапарлямэнт прысудзіў Сянцову прэмію імя Сахарава, адну з самых прэстыжных сусьветных узнагародаў у галіне абароны правоў.
  • 13 ліпеня 2018 году маці рэжысэра Людміла Сянцова папрасіла Ўладзіміра Пуціна аб памілаваньні сына, але атрымала фармальную адмову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG