Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра затрыманьне агента расейскай ваеннай выведкі, які выкарыстоўваў тэрыторыю Беларусі для перадачы інфармацыі.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе СБУ, апэратыўнікі вызначылі, што працаўнік аднаго з прадпрыемстваў дзяржаўнага канцэрна «Украбаронпрам», жыхар Запарожжа, быў завэрбаваны ў 2014 годзе «на часова анэксаванай тэрыторыі Крыму кадравым супрацоўнікам Галоўнага ўпраўленьня Генштаба ВС РФ на аснове матэрыяльнай зацікаўленасьці і падтрымкі ідэй «рускага сьвету».
Апэратыўнікі «задакумэнтавалі, што зламысьнік за грашовае ўзнагароджаньне зьбіраў для прадстаўнікоў расейскай спэцслужбы інфармацыю пра розныя аспэкты функцыянаваньня прадпрыемстваў айчыннага ВПК і сацыяльна-палітычным становішчы ў Запароскім рэгіёне.
Сабраную інфармацыю ён пасылаў праз адпрацаваныя яму высокапастаўленым расейскім афіцэрам каналы электроннай сувязі, а таксама перадаваў падчас асабістых сустрэч на тэрыторыі РФ, Рэспублікі Беларусь і часова анэксаванага Крыму», паведамляецца ў прэс-рэлізе СБУ.
Мужчына быў затрыманы на ўкраінска-расейскай мяжы, ён ехаў у Варонеж «на сустрэчу са сваім куратарам» з «матэрыяламі разьведвальнага характару» і «схаваным магнітным носьбітам інфармацыі (мікра-SD)». Ён падазраецца ў дзяржаўнай здрадзе. Работнік абароннага прадпрыемства арыштаваны на 60 дзён, паведамляе БелаПАН.
У кастрычніку 2018 года міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін заявіў польскай газэце «Рэчпаспаліта», што на тэрыторыі Беларусі «дзейнічаюць расейскія ўладныя структуры» і «Расея прысутнічае там у сфэры бясьпекі». Сваю выснову дыплямат зрабіў у сувязі зь гісторыяй свайго суайчынніка Паўла Грыба, які ў жніўні 2017 года выправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, а затым зьнік. Пасьля яго знайшлі ў СІЗА Краснадара. 19-гадовага Грыба вышуквала ФСБ РФ. У сакавіку 2019 года ён атрымаў 6 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў падбухторваньні да тэракту грамадзянкі Расеі.
У кастрычніку 2017 года па падазрэньні ў шпіянажы быў затрыманы акрэдытаваны ў Беларусі карэспандэнт Украінскага радыё Павал Шаройка. Ён атрымаў 8 гадоў пазбаўленьня волі. Шаройка падаў прашэньне аб памілаваньні.
Зараз у Чарнігаве праходзіць судовы працэс над грамадзянінам Беларусі Юрыем Палітыкам, які абвінавачваецца ў шпіянажы. У чэрвені 2017 года ў пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» ён быў зьняты з аўтобуса Гомель — Чарнігаў і затрыманы супрацоўнікамі СБУ.