Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Чарнігаве пачаў разглядаць па сутнасьці справу «беларускага шпіёна»


Юры Палітыка
Юры Палітыка

Новазаводзкі раённы суд Чарнігава выклікаў усіх сьведак для разгляду па сутнасьці справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога ва Ўкраіне абвінавачваюць у незаконным зборы інфармацыі на карысьць нявызначанай дзяржавы.

Юры Палітыка перад судом сказаў Свабодзе, што ў яго добры настрой і ён спадзяецца хутка выйсьці на волю. На ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары СБУ Ўкраіны ён ня скардзіцца, знаходзіцца ў адной камэры з грамадзянінам Украіны.

Пракурор: «Зьбіраў сакрэтную інфармацыю для выведвальнага органа Беларусі»

Пракурор зачытвае абвінаваўчы акт. Цяпер у Палітыкі ўжо новае абвінавачаньне — зьбіраў сакрэтную інфармацыю для перадачы нявызначанаму падчас дасудовага расьсьледаваньня дзяржаўнаму органу Рэспублікі Беларусь.

Палітыка заявіў у судзе, што не прызнае сваёй віны і ніколі не займаўся шпіёнствам.

Суд у Чарнігаве пачаў разглядаць па сутнасьці справу «беларускага шпіёна»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:21 0:00

Палітыка: «Я ніколі не займаўся шпіянажам»​

«Я не разумею таго, у чым мяне абвінавачваюць. Я ніколі не займаўся шпіянажам і пабачыў мапу ўпершыню на сьледзтве», — заявіў ён пасьля таго, як пракурор Сяргей Дамашэнка абвясьціў абвінаваўчы акт.

Выступаў Палітыка па-беларуску. Ён у судзе карыстаецца паслугамі прафэсійнага перакладчыка з украінкай на беларускую Дзёбіка Ягора, беларуса паводле паходжаньня, які жыве ў Луцку, ажаніўся з украінкай і паўгады таму пераехаў ва Ўкраіну.

Палітыку перакладаюць абвінаваўчы акт на беларускую мову
Палітыку перакладаюць абвінаваўчы акт на беларускую мову

Знойдзены ў мабільным тэлефоне Палітыкі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм» зьяўляецца галоўным доказам абвінавачаньня.

У абвінаваўчым акце адзначаецца, што Юры Палітыка зьбіраў сакрэтную інфармацыю ва Ўкраіне «для перадачы неўстаноўленаму ў часе дасудовага расьсьледаваньня дзяржаўнаму выведвальнаму органу замежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь».

Пакуль пракурор не агучыў меру пакараньня, якую будзе патрабаваць у судзе па выніках разгляду справы. Палітыку абвінавачваюць у злачынстве паводле часткі 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, які прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Абвінавачаньне перадало калегіі судзьдзяў для вывучэньня пісьмовыя доказы, сабраныя ў часе дасудовага расьсьледаваньня. Толькі пасьля іх вывучэньня ў суд будуць выкліканыя сьведкі.

Суд падоўжыў утрыманьне Юрыя Палітыкі пад вартай на 60 дзён і завяршыў пасяджэньне. Наступнае пасяджэньне адбудзецца 6 траўня. ​

Пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі Ўкраіна зьвярталася да Беларусі па прававую дапамогу ў расьсьледаваньні справы, але Генэральная пракуратура Беларусі адмовілася яе надаваць. У той жа час беларускія дыпляматы прысутнічаюць на ўсіх судовых паседжаньнях у справе беларуса.

Гісторыя шпіёнскага скандалу

Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.

Паводле артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («шпіянаж») грамадзяніну Беларусі пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасьці.

Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.

Летась у жніўні Юрыя Палітыку прывезьлі на чарговае паседжаньне суду ў Чарнігаве зь сіняком пад левым вокам. Але сам ён ня мог удакладніць абставіны атрыманьня траўмаў і сьцьвярджаў, што ня памятае, як гэта адбылося. На той момант Галоўнае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі ў Чарнігаўскай вобласьці ўжо расьсьледавала крымінальную справу паводле гэтага факту.

Адвакаты беларуса, як і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, ня выключалі, што Юрыя Палітыку зьбілі супрацоўнікі сьледчага ізалятара, аргумэнтуючы тым, што ў часе дасудовага расьсьледаваньня ў дачыненьні да яго нібыта выкарыстоўваліся незаконныя мэтады дазнаньня.

У той жа час у адным з судовых рашэньняў у справе пра зьбіцьцё Юрыя Палітыкі адзначалася, што гаворка ідзе аб ягоным канфлікце зь іншым затрыманым, які ўтрымліваўся ў адной камэры зь беларусам: «Устаноўлена, што Палітыка Юры атрымаў цялесныя пашкоджаньні ад сукамэрніка ў выглядзе пералому скулавай косткі зьлева і гематомы пад левым вокам».

Дарэчы, Юры Палітыка паведаміў пра гэты канфлікт сваёй маці, а тая, у сваю чаргу, праінфармавала аб інцыдэнце амбасаду Беларусі ва Ўкраіне. Сам Юры адмовіўся даваць сьледчым паказаньні, бо адсутнічалі ягоныя адвакаты. У межах гэтай справы суд прызначыў экспэртызу аб цяжкасьці пашкоджаньняў і магчымасьці іх атрымаць у выніку падзеньня, але вынікі пакуль невядомыя.

Пасьля гэтага выпадку Юрыя Палітыку перавялі ў Кіеў, у сьледчы ізалятар Службы бясьпекі Ўкраіны, адкуль яго цяпер возяць у Чарнігаў на ўсе судовыя паседжаньні.

У лютым беларусу падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай да 6 красавіка. Сёньня суд чарговы раз мусіць падоўжыць ягоны арышт яшчэ на два месяцы, каб завершыць разгляд справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG