Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан здароўя журналіста Шаройкі ў турме КДБ рэзка пагоршыўся, — Тымчук


Карэспандэнт «Украінскага радыё» Паўло Шаройка, архіўнае фота
Карэспандэнт «Украінскага радыё» Паўло Шаройка, архіўнае фота

Украінскі журналіст Павел Шаройка, асуджаны ў Беларусі на 8 гадоў турмы за шпіянаж, паскардзіўся на рэзкае пагаршэньне стану здароўя. Пра гэта паведаміў у Facebook кіраўнік валянтэрскай суполкі «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.

Паводле Тымчука, у прыватнасьці, у крыві Шаройкі рэзка павысіўся ўзровень глюкозы, што можа стаць прычынай зьяўленьня цукровага дыябэту.

«Каб прадухіліць захворваньне, журналісту неабходнае дбайнае мэдыцынскае абсьледаваньне, узяцьце мэдыцынскіх пробаў „пад нагрузкай“ і прызначэньне адпаведнай дыеты», — адзначае Тымчук.

Акрамя гэтага, на скуры Шаройкі зафіксавалі чырвоны сып, «што можа быць сьледзтвам распаўсюджваньня ў СІЗА КДБ невядомага захворваньня», паколькі, як сьцьвярджае Тымчук, аналягічныя сымптомы, фіксуюцца практычна ва ўсіх, хто знаходзіцца ў дадзеным СІЗА. Аднак мэдработнікі КДБ даводзяць, што дадзеныя сымптомы не павінны выклікаць трывогу, і ніякіх мер не прымаюць.

Пры гэтым, адзначае Тымчук, КДБ Беларусі ўсяляк блякуе доступ да Шаройкі дыпляматычных прадстаўнікоў Украіны ў Беларусі, а матэрыялы суда над Шаройкі па незразумелых прычынах так і застаюцца засакрэчанымі.

Гісторыя шпіёнскага скандалу

Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка 2017 году ў Менску і абвінавачаны ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».

У дачыненьні да Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358 артыкула Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж. 23 траўня Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Украінскія экспэрты лічаць, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве, які абвінавачваецца ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.

Экспэрты мяркуюць, што Ўкраіна і Беларусь могуць абмяняцца «шпіёнамі» да наступнай сустрэчы прэзыдэнтаў Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, якая мае прайсьці 24–25 кастрычніка ў Гомлі ў рамках форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG