У саму канцэпцыю «Ўсходняга партнэрства» эўрапейскімі палітыкамі былі закладзеныя дэфэкты, якія не дазволілі дасягнуць пастаўленых мэтаў.
Сьцісла
- Першапачатковыя задачы УП былі ўтапічныя.
- Пернік аказаўся не зусім смачны.
- ЭЗ ня хоча траціць на праект «Усходняга партнэрства» вялікія рэсурсы.
- Эліты і грамадзтва краін-партнэраў аказаліся не гатовымі да дэмакратычнай трансфармацыі.
- Беларусь выпадае з працэсу УП.
Мэты УП
13–14 траўня ў Брусэлі адбываюцца імпрэзы ў гонар 10-годзьдзя праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» (УП). На іх прыбылі лідэры ўсіх краінаў партнэрства, акрамя прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Яго запрашалі, але ён не паехаў. Беларусь прадстаўляе міністар замежных спраў Уладзімер Макей.
10 гадоў — дастатковы тэрмін, каб падводзіць пэўныя вынікі.
Мэта, якую ставіў ЭЗ, прапануючы ў 2009 годзе УП, палягала ў тым, каб стварыць на сваёй усходняй мяжы пояс дэмакратычных, рынкавых, праэўрапейскіх краін. Прынцып супрацоўніцтва быў сфармуляваны як «большае за большае». То бок — чым глыбейшыя эканамічныя і палітычныя рэформы ў кірунку эўрапейскіх стандартаў праводзяць постсавецкія краіны, тым большую падтрымку атрымліваюць яны з боку Эўразьвязу.
Канцэпцыя прыгожая. Тры дзяржавы (Грузія, Малдова, Украіна) з шасьці краін-партнэраў узялі курс на інтэграцыю ў эўрапейскую прастору, падпісалі дамову аб асацыяцыі з ЭЗ і аб бязьвізавым рэжыме. Здавалася б, вынік нядрэнны.
Аднак выявіліся сурʼёзныя праблемы. Пабочным наступствам рэалізацыі УП стаў украінскі крызіс. У кожнай з трох дзяржаў, якія падпісалі дамову аб асацыяцыі з ЭЗ, Расея адшчыкнула частку тэрыторыі.
У дзьвюх краінах-партнэрах (Азэрбайджане і Беларусі) ня выявілася прагрэсу ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека. Больш за тое, за час існаваньня УП колькасьць палітвязьняў у Азэрбайджане павялічылася ў разы.
Дэфэкты УП
Падаецца, у саму канцэпцыю УП эўрапейскія палітыкі заклалі дэфэкты, якія не дазволілі дасягнуць пастаўленых мэтаў.
Найперш, эўрапейскі пернік для гэтых краін аказаўся замалы. Ім не прапаноўваюць паўнавартаснага ўступленьня ў ЭЗ, а толькі заахвочваюць рознымі схемамі супрацоўніцтва.
Калі няма такога перніка, то яго адсутнасьць трэба было б кампэнсаваць грашыма. Здавалася б, больш багатая Эўропа ў гэтым пляне зможа выйграць канкурэнцыю з Расеяй за кантроль над згаданым рэгіёнам.
Аднак праблема ў тым, што ЭЗ ня хоча траціць на праект «Усходняга партнэрства» вялікія рэсурсы. Найперш таму, што ў Эўрапейскага зьвязу няма такіх імпэрскіх амбіцый, як у Расеі, дзеля якіх варта ахвяраваць рэсурсамі. У краінах ЭЗ, адрозна ад РФ, бюджэт кантралюецца грамадзтвам праз парлямэнт. Таму выбаршчыкі, напрыклад, Партугаліі ці Ірляндыі не зразумеюць, чаму іх грошы трацяцца на нейкія геапалітычныя праекты ў далёкіх ад іх краінах.
Нават Кітай укладвае ў краіны гэтага рэгіёну нашмат больш рэсурсаў, чым ЭЗ. Ніякі праект бяз грошай не працуе, тым больш такі амбітны. А трансфармацыя на аснове эўрапейскіх стандартаў патрабуе вялікіх рэсурсаў, якіх у саміх гэтых краін не было.
Расея гатовая была плаціць, але не за рэформы, а за захаваньне статус-кво. Узгадайце, як Пуцін паабяцаў Януковічу 15 млрд даляраў за адмову ад пагадненьня з ЭЗ.
Негатоўнасьць краін-партнэраў да эўрапеізацыі
Такім чынам, ЭЗ хацеў эўрапеізаваць і дэмакратызаваць краіны-чальцы «Ўсходняга партнэрства» толькі за кошт прыцягальнасьці сваёй сацыяльнай мадэлі. Паводле прынцыпу: мы даём, адрозна ад Расеі, ня рыбу, а вуду. Яны лічылі, што прыцягальнасьць эўрапейскага ўладкаваньня і ўзроўню дабрабыту ў пэрспэктыве акажацца больш важкай, чым цяперашнія скарацечныя фінансавыя субсыдыі з Расеі.
Але так не выходзіць. На тле крызісу, які перажывае ЭЗ, ягоная прывабнасьць аказалася не такая і спакушальная.
Грамадзтвы гэтага рэгіёну мэнтальна аказаліся менш гатовымі да рынку і дэмакратыі. Зразумела, чаму ня хочуць эўрапеізавацца ўлады гэтых краін: без дэмакратыі кіраваць прасьцей. Але і грамадзтва таксама ня надта імкнецца да такіх перамен. Бо трэба перабудоўваць лад жыцьця. А гэта псыхалягічна дыскамфортна.
Таму цяпер Эўразьвяз адмовіўся ад першапачатковых амбіцый. Ягоны падыход да УП зрабіўся больш прагматычны і рэалістычны. Прыйшло ўсьведамленьне, што шэсьць краін-партнэраў — гэта вельмі розныя дзяржавы, з рознымі адносінамі да інтэграцыі з ЭЗ.
Цяпер Эўразьвяз імкнецца рабіць акцэнт на двухбаковых адносінах ЭЗ з кожнай канкрэтнай краінай-партнэрам УП, каб рэалізоўваць індывідуальны падыход, улічваць іх асаблівасьці. Але ў такім разе губляецца першапачатковая ідэя аб агульнай праграме для цэлага рэгіёну, якая грунтуецца на нейкіх агульных прынцыпах, правілах. Бо калі рабіць стаўку на індывідуальны падыход, то праект «Усходняга партнэрства» не патрэбен.
Беларусь выпадае з працэсу УП
Але, нават з улікам індывідуальнага і больш прагматычнага падыходу Брусэля да кожнай краіны-партнэра УП, Беларусь у пэўным сэнсе выпадае з гэтага працэсу. Ужо пяць гадоў Менск і Брусэль ня могуць падпісаць пагадненьне аб прыярытэтах партнэрства і спрашчэньні візавага рэжыму. Хоць падтрымка Беларусі з боку эўрапейскіх фінансавых арганізацый паступова пашыраецца.
Уладзімер Макей растлумачыў, чаму Лукашэнка не прыехаў у Брусэль. Бо, паводле міністра, Беларусь і Эўразьвяз пакуль не дасягнулі высокага ўзроўню разьвіцьця стасункаў. «Візыт (Лукашэнкі. — РС) павінен быць максымальна выніковым, максымальна насычаным», — сказаў Макей.
Але варта спытаць: а якая выніковасьць і эфэктыўнасьць самітаў СНД, АДКБ, ЭАЭС, якія кіраўнік Беларусі рэгулярна наведвае па некалькі разоў на год?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.