Радослаў Сікорскі, колішні міністар замежных справаў Польшчы, сказаў Свабодзе, што ён ня меў бы нічога супраць, каб паабедаць з Аляксандрам Лукашэнкам за адным сталом з нагоды 10-годзьдзя праграмы Эўразьвязу Ўсходняе партнэрства.
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці прэзыдэнтаў Беларусі і Азэрбайджану варта было запрашаць у Брусэль на саміт Усходняга партнэрства 13–14 траўня, Сікорскі сказаў:
«Я дэмакрат — у тым ліку ў сваёй уласнай краіне — але замежную палітыку трэба весьці і зь людзьмі, зь якімі мы не ва ўсім пагаджаемся».
Наконт цяперашняй сытуацыі ў Беларусі Сікорскі адзначыў:
«Калі мы былі з візытам у Менску з [былым міністрам замежных справаў Нямеччыны] Гідам Вэстэрвэле і іншымі, мы спрабавалі зьмякчыць ўнутраную палітыку Лукашэнкі. Спатрэбіўся некаторы час, але, наколькі я ведаю, у Беларусі цяпер няма прызнаных палітвязьняў. Гэта не дэмакратыя, але гэта нешта. Так што я думаю, што мы павінны прызнаць эвалюцыю ў правільным кірунку».
13–14 траўня ў Брусэлі праходзіць юбілейны саміт «Усходняга партнэрства» Эўрапейскага зьвязу. Праграму ініцыявалі ў 2009 годзе. Мэта «Ўсходняга партнэрства» — стварыць рамкі для супрацоўніцтва і інтэграцыі ЭЗ з 6 краінамі Ўсходняй Эўропы: Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Азэрбайджанам і Армэніяй.
У Брусэль прыбылі лідэры ўсіх краінаў партнэрства, акрамя прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Краіну на сустрэчы прадстаўляе міністар замежных спраў Уладзімер Макей.