Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму Беларусі з Эўразьвязам завершаныя, — эўракамісар Ган


Эўракамісар у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Ёганэс Га
Эўракамісар у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Ёганэс Га

Асноўныя перамовы Эўразьвязу зь Беларусьсю па пакетных пагадненьнях аб рэадмісіі і спрашчэньні візавага рэжыму завершаныя, бакі шукаюць час і месца для іх падпісаньня, заявіў эўракамісар у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Яганэс Ган.

«Усе асноўныя перамовы завершаныя, і мы цяпер літаральна шукаем час і месца для яго (пакета пагадненьняў. — РС) падпісаньня», — сказаў Яганэс Ган у сюжэце беларускага тэлеканалу АНТ, камэнтуючы сытуацыю з абмеркаваньнем пагадненьняў.

Падпісаньне пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму дазволіць зьнізіць кошт візаў для беларусаў у Эўразьвязе з 60 да 35 эўра.

Між тым эўракамісар канстатаваў, што базавае пагадненьне аб прыярытэтах супрацоўніцтва Беларусі і Эўразьвязу бакі пакуль ня могуць падпісаць праз пазыцыю літоўскага боку, які блякуе прыняцьце сябрамі Эўразьвязу адзінага рашэньня, што зьвязана з пазыцыяй Літвы ў пытаньні Беларускай АЭС.

«Цяпер мы абмяркоўваем гэта з краінамі-партнэрамі, як вырашыць гэтую праблему, якая паўстала паміж Літвой і Беларусьсю. Але мы таксама разумеем, што прыярытэты партнэрства — гэта тое, што цікавіць усіх, і я спадзяюся, што агульнае рашэньне будзе знойдзенае. Мы працуем над гэтым», — дадаў Яганэс Ган.

13–14 траўня ў Брусэлі праходзіць саміт Эўразьвязу і шасьці краін «Усходняга партнэрства» — Украіны, Грузіі, Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі і Малдовы, якія адзначаюць 10-годзьдзе «Ўсходняга партнэрства».

Беларускую дэлегацыю на саміце «Ўсходняга партнэрства» ўзначальвае міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG