Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: «Нам камфортна працавалася з Бабічам»


Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Былі прэтэнзіі па форме, але ня сутнасьці працы расейскага амбасадара, заявіў міністар замежных справаў Беларусі.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў 14 траўня ў Брусэлі на канфэрэнцыі з нагоды 10-годзьдзя «Ўсходняга партнэрства», што замена амбасадара Расеі ёсьць «абсалютна ўнутраным рашэньнем расейскіх сяброў», піша БелаПАН.

«У нас няма прэтэнзіяў да працы расейскага амбасадара па зьмесьце, — тлумачыў Уладзімер Макей замену Міхаіла Бабіча на Дзьмітрыя Мезенцава. — Можа быць, па форме трошкі.

Скажам, не зусім і не заўсёды дыпляматычныя былі некаторыя дзеяньні, але нам камфортна працавалася з паслом Расеі. Але тое, што было прынятае рашэньне адклікаць, — гэта, я лічу, ўнутраная справа нашых сяброў».

Раней і прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі казала, што замена Бабіча — справа расейскіх уладаў, і нічога дрэннага пра яго сказацьня могуць.

Але ў час працы Бабіча ў Беларусі МЗС ня раз крытыкаваў яго, ужываўшы фразы:

  • «Хацелася б парэкамэндаваць больш часу прысьвяціць таму, каб паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • «Ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай».
  • «Разбурыць цесныя і сяброўскія адносіны двух братэрскіх народаў [...] пасьпяхова і эфэктыўна ўдаецца спадару Бабічу літаральна за некалькі месяцаў».

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG