У красавіку спажывецкія цэны вырасьлі толькі на 0,04% адносна сакавіка, сьцьвярджае Нацыянальны статыстычны камітэт. Адносна сьнежня 2018 году цэны вырасьлі на 2,7%.
Паводле Белстату, калі выключыць сэзонны рост цэнаў, назіралася нават дэфляцыя на 0,03%.
Харчовыя тавары падаражэлі за месяц у сярэднім на 0,2%, нехарчовыя — на 0,1%. Паслугі ў сярэднім патаньнелі на 0,2%.
Цэны на прамысловую прадукцыю таксама вырасьлі нязначна: на 0,6% за месяц, або на 2,8% да сьнежня. Сельскагаспадарчая прадукцыя патаньнела за месяц на 0,3%.
Індэкс цэнаў у будаўніцтве меў адваротную тэндэнцыю: вырас на 3,2% да сакавіка, але ўпаў на 0,4% да сьнежня. У тарыфах на сувязь за месяц у сярэднім не было зьменаў, цэны на перавозкі грузаў зьнізіліся на 0,2%.
Нацыянальны банк Беларусі раней прагназаваў, што гадавая інфляцыя не перавысіць 5% (такую задачу ставіў і Аляксандар Лукашэнка). Гэта значыць, нават бяз росту ў красавіку інфляцыя «аперэджвае графік» — 2,7% за траціну году.
На пачатку траўня старшыня праўленьня Нацбанку Павал Калаўр казаў, што інтэнсіўнасьць інфляцыйных працэсаў павялічылася, але ў другім паўгодзьдзі інфляцыя зьменшыцца і наблізіцца да прагнозу, пры тым, што ёсьць і зьнешнія, і ўнутраныя рызыкі.
Недзяржаўны дасьледчы цэнтар ІПМ, як перадае БелаПАН, прагназуе запавольваньне інфляцыі: пік росту цэнаў, верагодна, быў у лютым, і калі Нацбанк будзе трымацца кансэрватыўнай грашова-крэдытнай палітыкі, інфляцыю ўтрымаюць у межах 5% за год.
У сувязі з тым, што ад папярэдняй індэксацыі заробкаў цэны яшчэ не падвысіліся на 5%, індэксаваць заробкі за красавік у Беларусі не плянуюць.