Паводле Аляксандра Лукашэнкі, 20–25% гаспадарак у Беларусі слабыя. Экспэрт Аляксандар Ярашук кажа, што ўсё наадварот: максымум чвэрць працуе нармальна. Рашэньне тут адно, кажа Ярашук: адмова ад камандна-адміністрацыйнай эканомікі.
Аляксандар Лукашэнека 26 сакавіка рэзка скрытыкаваў стан малочнага комплексу «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, за адзін кароўнік звольніў кіраўніка ўсёй Магілёўскай вобласьці і загадаў распачаць крымінальную справу. «Разнос» паказалі на дзяржаўнай ТВ без купюраў, у тым ліку фразу Лукашэнкі пра «абас…ых кароваў».
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук пра сябе кажа, што большую частку жыцьця правёў у сельскай гаспадарцы на розных пасадах. Ён называе «сызыфавай працай» спробы Лукашэнкі зрабіць сяло эфэктыўным.
Ці шмат гаспадарак у такім стане, як «Сьліжы»?
Стратныя 13,7% сельскагаспадарчых арганізацыяў зь дзяржпадтрымкай і 55,9% безь яеБелстат, студзень 2019
«Наколькі я чую ад прадстаўнікоў АПК, якія знаходзяцца на кіроўных пасадах, 75–80%, — адказвае Свабодзе Ярашук. — Лукашэнка ўчора называў лічбу ў 20–25% праблемных гаспадарак і фэрмаў, а папраўдзе ўсё наадварот. 20–25% яшчэ неяк варушацца, астатнія ці на шляху да банкруцтва, ці ўжо збанкрутавалі. І з кожным годам колькасьць банкрутаў узрастае».
Ярашук адзначае, што гэткі стан і ва ўсёй астатняй беларускай эканоміцы, «банкруцтва палітычнага курсу, заснаванага на камандна-адміністрацыйнай эканоміцы» і «прысуд, які сам Лукашэнка ўчора сабе вынес».
У жніўні 2018 году палову ўраду і прэм’ер-міністра Лукашэнка зьняў за «нейкія дзіркі ў дахах» у Воршы, цяпер загадаў «усіх пад нож» за стан кароўніка на Шклоўшчыне.
«Спадара Лукашэнку я асабіста ведаю, неаднаразова зь ім дыскутаваў, даказваў, што такая палітыка ў АПК прывядзе да банкруцтва і трагедыі, — кажа Ярашук. — І сёньня гэта адбываецца, мы назіраем гэта чарговы раз».
Чаму так?
«Павінен гаспадар быць! — запэўнівае Ярашук. — Якая справа ўсім тым кантралёрам і ў тым ліку спадару Лукашэнку, што там робіцца? Калі быў бы гаспадар, не было б ніякага „Асьвенціма“, як ён выказваўся. Бо вы нідзе ніколі ня ўбачыце ў фэрмэра, у прыватнай гаспадарцы, каб каровы стаялі ў гноевай жыжы. Яны будуць дагледжаныя і сухія, бо гэта ж ягоная ўласнасьць».
Ярашук мяркуе, што лукашэнкавы параўнаньні кароўніка з Асьвенцімам недапушчальныя (Асьвенцімам ад назвы польскага гораду называюць комплекс нямецкіх лягераў сьмерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе ў часе Другой усясьветнай вайны забілі і закатавалі больш за мільён чалавек). Але ён кажа, што цяперашні стан сельскай гаспадаркі — канцлягер для эканомікі.
Чакаць рэформаў ад фанатаў камандна-адміністрацыйнай сыстэмы не даводзіцца, дадае Ярашук. А калі надалей адмаўляць у разьвіцьці прыватнай уласнасьці і бізнэсу, мяркуе ён, раней ці пазьней адбудзецца «выбух зь непрадказальнымі наступствамі».
Калі людзям даць зямлю, ці не застанецца ўсё так жа з каровамі?
Ярашук пагаджаецца, што вяртаньне прыватнай уласнасьці на зямлю ня дасьць імгненнага эфэкту і ня зьменіць стан кароўнікаў адразу ж. Тое, што «столькі гадоў змарнавана» за час савецкай і лукашэнкаўскай улады, якія «выключаюць існаваньне ўласьніка і гаспадара», істотна адбілася на жаданьні людзей станавіцца добрымі гаспадарамі, кажа Ярашук. Ува ўсіх іншых постсавецкіх краінах адбываецца пераход ад калгасаў да прыватнай уласнасьці, ды пасьпяховымі прыкладамі можна назваць хіба краіны Балтыі.
«Але ёсьць такі выраз: пупышкі, якія сьпяць. У нас мноства людзей і на сяле, і ў горадзе, і ў бізнэсе, якія сьпяць. Яны баяцца, яны не запатрабаваныя, — тлумачыць Ярашук. — Важна, каб быў пададзены сыгнал, зроблены першы крок. Вельмі цяжка будзе выпраўляць сытуацыю, але яна не безнадзейная».
Ды й не абавязкова, каб на месцы сучасных калгасаў узьніклі менавіта фэрмэрскія гаспадаркі, дадае ён. Напрыклад, у Чэхіі або Германскай дэмакратычнай рэспубліцы рэфармавалі дзяржаўныя гаспадаркі — яны захавалі свае памеры, але існуюць на грунце прыватнай уласнасьці і, кажа Ярашук, працуюць узорна. Тое ж прапаноўвалі ў 1990-я для Беларусі, ды склаліся «дзікунскія мэтады кіраваньня ў духу ваеннага камунізму».
Але ж у Ізраілі ёсьць калгасы!
У дыскусіях пра беларускія гаспадаркі часам згадваюць кібуцы, якія называюць «ізраільскімі калгасамі». Сельскагаспадарчыя камуны ў Ізраілі існуюць дагэтуль, і дагэтуль шмат у якіх захоўваецца калектыўная форма ўласнасьці. Яшчэ 10 гадоў таму кібуцы давалі 40% сельскагаспадарчай вытворчасьці краіны.
Але Ярашук лічыць, што кібуцы і калгасы нельга параўноўваць. Ёсьць і гістарычныя прычыны (габрэі вярталіся на тыя землі празь дзьве тысячы гадоў з перасяленьня), і кліматычныя (гаспадаркі ладзіліся фактычна ў пустэльні), і арганізацыйныя.
«У калгасах і блізка нічога няма таго, што ёсьць у кібуцах, — тлумачыць ён. — Там ад пачатку прызнавалася наогул права прыватнай уласнасьці, разьвіваўся бізнэс, не было камандна-адміністрацыйнай сыстэмы. Гэта была больш форма ўзаемадапамогі, чым супольнай працы. У нас жа вы ведаеце, як зьяўляліся калгасы».
Ленінскія і сталінскія пляны калектывізацыі Ярашук называе вяртаньнем да рабаўладальніцтва: зямлю адбіралі гвалтоўна, найлепшых гаспадароў абазвалі «кулакамі» і зьнішчылі, былі бунты… Да таго ж, кажа ён, цяпер у Ізраілі кібуцы рэфармуюцца, форма ўласнасьці мяняецца на прыватную, бо і тыя кібуцы «сталі тормазам».