Расея паставіла ў Беларусь партыю няякаснай нафты, беларускія НПЗ з гэтай прычыны часткова спыніліся, прыпынены экспарт нафтапрадуктаў. Свабода паглядзела, як і колькі Беларусь зарабляе на расейскай нафце.
Што адбылося
21 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў. Гэта зьвязана з частковым спыненьнем працы беларускіх НПЗ, на якія, як сьцьвярджае беларускі бок, прыйшла партыя няякаснай расейскай нафты. Некалькі дзён беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы заўважылі, што ў нафце, якая паступае праз нафтаправод з Расеі, узровень хлярыдаў вырас у 20 разоў.
Праз пазаштатную сытуацыю на «Нафтан» прыяжджаў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка. Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты. Перамовы, у тым ліку пра кампэнсацыю, прызначылі на 23 красавіка. Няякасная нафта пашкодзіла абсталяваньне на Мазырскім НПЗ. Беларускі бок заяўляе, што страты могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў. Разьбіраемся, чаму расейская нафта важная для Беларусі і як Менск на гэтым зарабляе.
Набываем, перапрацоўваем, прадаём
Летась Беларусь набыла ў Расеі нафты на 6,8 мільярда даляраў. Гэтая нафта па трубе «Дружба Гомельтранснафта» паступае на беларускія НПЗ у Мазыр і Наваполацак, дзе перапрацоўваецца, а пасьля ў выглядзе нафтапрадуктаў экспартуецца. Летась Беларусь прадала нафтапрадуктаў на 6,4 мільярда даляраў (бэнзін, газа ды іншыя). Асноўныя пакупнікі — Вялікая Брытанія (2,7 мільярда), Украіна (2 мільярды). Такія падлікі прыводзіць Белстат (PDF).
Але гэта ня ўвесь прыбытак ад нафтапрадуктаў. Таксама Беларусь прадае лёгкія дыстыляты (1,9 мільярда) ды іншыя дыстыляты (4,5 мільярда). Дыстыляты — гэта прамежкавы прадукт перапрацоўкі сырой нафты, зь яго можна пасьля атрымаць бэнзін і газу. Асноўны рынак іх збыту — краіны ЭЗ.
Атрымліваецца, нафты купілі на 6,8 мільярда даляраў, а прадалі нафтапрадуктаў з улікам дыстылятаў — на 12,8 мільярда. Гэта больш, чым экспарт усіх мінэральных прадуктаў зь Беларусі ў іншыя краіны (калійныя ўгнаеньні ды іншае). Украінскі рынак для Беларусі — адзін з прыярытэтных.
«Украінскі рынак лёгкі для Беларусі ў пляне лягістыкі, бо гэта побач з мазырскім НПЗ. Ён і адзін з самых высокамаржынальных, бо Ўкраіна амаль не выпрацоўвае сваіх нафтапрадуктаў і яны амаль не абкладаюцца мытам. Даходзіла да таго, што беларускія кампаніі хацелі там адкрываць свае аўтазаправачныя станцыі, каб быць бліжэй да пакупніка», — тлумачыць Тацяна Манёнак, экспэрт у галіне энэргетыкі.
Шлях беларускіх нафтапрадуктаў у Эўропу
На эўрапейскія аўтазапраўкі беларускія нафтапрадукты трапляюць праз цэнтры ў Эўропе. Самы буйны экспартэр — Вялікая Брытанія набывае іх ня толькі на свой рынак, далей яны распаўсюджваюцца ў Эўропе. Такія ж цэнтры ёсьць у Нідэрляндах, кажа Тацяна Манёнак.
Напрыклад, у Нідэрлянды летась Беларусь прадала нафтапрадуктаў на 820 мільёнаў даляраў. У Польшчу — на 302 мільёны даляраў. Вялікая Брытанія, Нідэрлянды і Польшча — асноўныя перавалачныя пункты для беларускіх нафтапрадуктаў.
«Беларусь цалкам залежыць ад расейскай нафты»
Залежнасьць беларускай эканомікі ад расейскай нафты калясальная, упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук. Любыя недамоўленасьці і праблемы, як, напрыклад, няякасная нафта, б’юць па беларускім бюджэце.
«Значэньне экспарту нафтапрадуктаў вялізарнае. Калі ёсьць такія недамоўленасьці ў кантэксьце гандлю з Расеяй, гэта адбіваецца на стабільнасьці бюджэту і на тым, як Беларусь можа выконваць свае фіскальныя абавязаньні. Тут трэба ня толькі захоўваць гэтыя старыя схемы, але і разьвіваць іншае. Для нас было б лепш будаваць свой энэргетычны рынак, а не спрабаваць нешта ўзяць ад расіянаў, тую ж кампэнсацыю за падатковы манэўр», — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.