Украінскае прадпрыемства «Укртранснафта» працягвае транзыт нафты па паўднёвай галіне магістральнага нафтаправоду «Дружба» ў плянавым рэжыме.
Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе прадпрыемства, сутачны аб’ём перапампоўкі нафты для эўрапейскіх спажыўцоў складае 40 тысяч тонаў, адпаведна зь міжнароднымі абавязаньнямі.
У той жа час «Укртранснафта» можа спыніць транзыт — у выпадку, калі Вугоршчына і Славаччына адмовяцца прымаць няякасную нафту.
«За якасьць нафты нясе адказнасьць краіна-пастаўшчык», — падкрэсьлілі ў прэсавай службе прадпрыемства.
На прадпрыемстве зазначылі, што правядзеньне лябараторных дасьледаваньняў, каб вызначаць паказчыкі якасьці нафты, для кампаній, якія ажыцьцяўляюць яе транспартаваньне, не рэглямэнтаванае.
АТ «Укртранснафта» 19 красавіка атрымала паведамленьне ад ААТ «Гомельтранснафта Дружба» (Рэспубліка Беларусь), што з тэхналягічнага ўчастку магістральнага нафтаправоду АТ «Транснафта — Дружба» (Расейская Федэрацыя) паступае нафта пагоршанай якасьці. У прыватнасьці, паказчык долі арганічных хлярыдаў у расейскай нафце ў некалькі разоў перавышаў дапушчальную норму.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту