Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны адрэагаваў на нафтавую блякаду Расеі


Прэм’ер-міністар Украіны Уладзімір Гройсман
Прэм’ер-міністар Украіны Уладзімір Гройсман

«Ёсьць увесь сьвет, дзе можна набываць якасныя нафтапрадукты», — заявіў кіраўнік украінскага ўраду Ўладзімір Гройсман, кажучы пра забарону Расеі на пастаўкі ва Ўкраіну нафты і нафтапрадуктаў.

Прэм’ер-міністар Украіны Уладзімір Гройсман прагназуе, што рашэньне Расеі аб спыненьні паставак нафтапрадуктаў не адаб’ецца на забесьпячэньні ўнутранага рынку палівам.

«Расея працягвае сваю эканамічную вайну супраць Украіны, яны заўсёды спрабуюць нас блякаваць такім ці іншым чынам. Мы прагназавалі, што такое можа быць, цяпер мы робім пэўныя крокі, каб мінімізаваць нэгатыўны ўплыў ад такіх зьяў. Але гэта відавочна: мы мусім усё больш і больш адыходзіць ад узаемных дачыненьняў з Расеяй, нават калі размова ідзе пра нафтапрадукты. У нас ёсьць увесь сьвет, у якім мы можам набываць якасныя нафтапрадукты. Я думаю, што ўсё будзе добра», — заявіў Уладзімір Гройсман сёньня журналістам.

Паводле статыстыкі, у балянсе паставак паліва ва Ўкраіну на Расею прыпадае 33% ад пастаўленага аб’ёму. Яшчэ 17% нафтапрадуктаў Украіна вырабляе сама, 32% набывае ў Беларусі, 7% — у Літве і яшчэ 11% — зь іншых крыніц.

Найперш гаворка ідзе пра дызэльнае паліва і звадкаваны газ, бо ні нафту, ні бэнзін Украіна з Расеі не імпартуе. Доля расейскага дызэльнага паліва ва Ўкраіне складае 42,7 %, а звадкаванага газу — 29,1.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт»

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG