Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча спыніла транзыт расейскай нафты зь Беларусі — баіцца пашкодзіць заводы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства энэргетыкі Польшчы апублікавала ўвечары 24 красавіка афіцыйную заяву аб спыненьні на нявызначаны час — «да высьвятленьня прычынаў» — транзыту ў Польшчу расейскай сырой нафты празь Беларусь.

Паводле польскага боку, забруджаная нафта пачала паступаць ад 19 красавіка, і «ўзровень забруджаньня можа прывесьці да фізычнага пашкоджаньня нафтаперапрацоўчых заводаў». Першымі пра забруджаньне паведамілі беларусы: польскі апэратар трубаправоду PERN атрымаў зьвесткі ад «Гомельтранснафты» пра павелічэньне канцэнтрацыі ў расейскай нафце арганічных хлярыдаў.

Цяпер Польшча чакае высьвятленьня прычынаў пагаршэньня якасьці нафты. Калі гэта зацягнецца, піша польскае міністэрства, то нафту для НПЗ будуць пастаўляць альтэрнатыўным маршрутам, праз порт у Гданьску.

Пры гэтым Польшча празь міжнародныя дамовы абавязаная трымаць запасы нафты на 90 дзён і можа дзейнічаць узгоднена з чальцамі Эўразьвязу і Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, адзначае польскае Міністэрства энэргетыкі. Таму, упэўнены польскі бок, падтрымліваць бесьперапынныя пастаўкі паліва на ўнутраны рынак атрымаецца.

Беларускі бок пацьвердзіў спыненьне транзыту расейскай нафты ў Польшчу. Галоўны інжынэр кампаніі «Гомельтранснафта Дружба» пацьвердзіў БелТА, што беларускі бок атрымаў паведамленьне ад PERN аб спыненьні транзыту ад 23:00 (менскі час) 24 красавіка і перакрыў адпаведныя пастаўкі (працягнуўшы транзыт па іншай галіне нафтаправоду, якая ідзе ва Ўкраіну). «Белнафтахім» пацьвердзіў спыненьне транзыту.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG