Фізычныя практыкаваньні могуць зьніжаць крывяны ціск і зьмяншаць колькасьць тлушчу ў арганізьме прынамсі гэтак жа эфэктыўна, як і многія распаўсюджаныя лекі. Пра гэта ў The New York Times піша Грэтхэн Рэйналдз.
Новы лек
У Злучаных Штатах сярод лекараў пашыраецца ідэя прызнаць фізычныя практыкаваньні лекамі супраць розных хваробаў, у тым ліку высокага ціску, інсулінарэзыстэнтнасьці, атлусьценьня, остэартрыту і многіх іншых. Грунтуюцца такія заклікі на выніках шматлікіх найноўшых дасьледаваньняў.
Амэрыканскі каледж спартовай мэдыцыны ўжо ўзначаліў глябальную ініцыятыву «Exercise Is Medicine» (Практыкаваньні — гэта лекі), мэта якой — заахвоціць лекараў прызначаць заняткі спортам як частку лячэньня тых ці іншых хваробаў.
У апошнія гады навукоўцы правялі шэраг вялікіх аглядных дасьледаваньняў, каб ацаніць узьдзеяньне практыкаваньняў на здароўе.
Фізычная актыўнасьць супраць высокага ціску
Напрыклад, Стэнфардзкі ўнівэрсытэт разам зь некалькімі іншымі навуковымі ўстановамі вырашылі засяродзіць сваю ўвагу на сысталічным (верхнім) ціску, павышаны ўзровень якога разбуральна ўплывае на сэрца і мозг, выклікае хваробу Альцгаймэра і т. д.
Быў зроблены агляд 381 дасьледаваньня, у якіх бралі ўдзел 50 тысяч чалавек. Пасьля падвядзеньня вынікаў аналізу была зроблена выснова, што практыкаваньні гэтак сама як і лекі зьніжаюць артэрыяльны ціск. Вынікі былі апублікаваныя ў сьнежні 2018 году ў British Journal of Sports Medicine.
І супраць тлушчу
Вынікі іншага агляду, які быў сканцэнтраваны на зьніжэньні колькасьці тлушчу ў арганізьме, былі апублікаваныя ў лютым 2019 году ў Mayo Clinic Proceedings. Тут таксама параўноўваліся вынікі ўзьдзеяньня спэцыяльных прэпаратаў для пахудзеньня і спартовых практыкаваньняў.
Адно зь вялікіх дасьледаваньняў было праведзена навукоўцамі Мэдычнага цэнтру Тэхаскага ўнівэрсытэту ў Даласе. Яно канцэнтравалася на так званым вісцэральным тлушчы, які знаходзіцца каля ўнутраных органаў і найболей шкодзіць арганізму. Гэты і іншыя экспэрымэнты цягнуліся ня менш за шэсьць месяцаў. І тут было высьветлена, што практыкаваньні дапамагаюць зьменшыць колькасьць тлушчу ў арганізьме.
Лекары кажуць, што ў наш час фізычныя практыкаваньні павінны стаць першым крокам на шляху да зьмены ладу жыцьця і аздараўленьня.