Калі вы шукаеце практыкаваньні, якія карысныя для арганізму і могуць быць зробленыя ў любым месцы, то варта зьвярнуць увагу на традыцыйную кітайскую гімнастыку Тай-дзі. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Крыстан Дыц.
Тай-дзі (tai chi)
Лекары кажуць, што ў наш час зьяўляецца ўсё больш доказаў, што традыцыйная гімнастыка Тай-дзі паляпшае вэстыбулярны апарат, зьмяншае боль у суставах і мышцах і паляпшае псыхічнае здароўе.
Таксама гімнастыка Тай-дзі значна паляпшае якасьць жыцьця тых, хто пакутуе ад сардэчнай недастатковасьці, розных відаў раку, інсульту, фібраміялгіі і боляў у сьпіне.
Тай-дзі-жы (tai chi chih)
У ХХ стагодзьдзі традыцыйная кітайская гімнастыка стала настолькі папулярнай і прывабнай у заходніх краінах, што ў 1974 годзе адзін з амэрыканскіх майстроў Тай-дзі Джастын Стоўн стварыў яе спрошчаны варыянт, які атрымаў назву Тай-дзі-жы.
Гэта было вельмі важнае дасягненьне, бо сама Тай-дзі сваімі каранямі сягае ў баявыя мастацтвы, і на яе авалодваньне магло ісьці шмат часу.
У адрозьненьне ад сваёй «маці», Тай-дзі-жы складаецца усяго з 19 рухаў і 1 позы. Авалодваньне гэтымі практыкаваньнямі падзяляецца на восем этапаў. Але трэнэры кажуць, што ўжо на першым этапе можна навучыцца многім важным рухам.
Зручная практыка
Карысьць і зручнасьць Тай-дзі-жы заключаецца ў тым, што практыкаваньні можна рабіць у любым месцы — як у памяшканьні, так і на вуліцы. Для іх дастаткова аднаго квадратнага мэтра плошчы.
Рухі Тай-дзі-жы могуць выконвацца як стоячы, так і седзячы, што робіць іх даступнай формай практыкаваньняў для людзей розных узростаў і здольнасьцяў.
Пасьлядоўнае выкананьне ўсіх рухаў Тай-дзі-жы займае ўсяго 20 хвілін. Пры тым, што кожны асобны рух можна выконваць асобна. Гэта асабліва зручна для тых, у каго нестае часу.
Карыснае ўзьдзеяньне
Нягледзячы на папулярнасьць Тай-дзі, да нядаўняга часу было мала дасьледаваньняў яе ўзьдзеяньня на арганізм.
Але ў 2017 годзе такое дасьледаваньне нарэшце было праведзенае. Аказалася, што тэхнікі Тай-дзі і Тай-дзі-жы могуць бясьпечна выконвацца людзьмі сярэдняга і пажылога ўзросту, якія лечацца ад раку, артрыту, артрозу і сардэчнай недастатковасьці.
Трэнэры Тай-дзі і Тай-дзі-жы сьцьвярджаюць, што кітайская гімнастыка добра падыходзяць людзям з абмежаванымі магчымасьцямі на інвалідных вазках і сьляпым.
Калі вы маеце жаданьне і магчымасьць паспрабаваць тэхнікі Тай-дзі і Тай-дзі-жы, парайцеся са сваім лекарам і пачынайце шукаць трэнэра.