Газэта The New York Times апублікавала артыкул пра сэнсацыйнае дасьледаваньне, якое тычылася сувязі паміж колькасьцю спажытых у ежу пратэінаў (бялкоў) і сілай і аб’ёмам мышцаў.
Выснова навукоўцаў простая — людзі, якія хочуць быць больш моцнымі, павінны займацца з гантэлямі і спажываць у ежу больш бялку. І асабліва гэта важна для тых, каму за 40. У іх выпадку эфэкт ад большай колькасьці спажытага бялку яшчэ большы.
Што мы ведалі раней
Паводле апошняга дасьледаваньня, на сілу і аб’ём мышц станоўчы ўплыў аказвае любы бялок — ялавічына, курыца, ёгурт і нават бабовыя культуры, такія як гарох ці фасоля.
Прафэсійныя культурысты даўно ведалі пра гэты эфэкт і спажывалі ў ежу ня толькі натуральны бялок у прадуктах, але і спэцыяльныя пратэінавыя дадаткі. Але для звычайных людзей перавагі павышанага спажываньня бялку ясныя не былі.
Ранейшыя дасьледаваньні паказвалі, што лепшы вынік сілавых трэніровак будзе ў тых людзей, якія павялічваюць спажываньня бялку ў параўнаньні з тымі, хто так ня робіць. Але ахоп ў тых дасьледаваньняў быў невялікі.
Новыя вынікі
У новым дасьледаваньні, вынікі якога былі апублікаваныя ў Брытанскім часопісе спартовай мэдыцыны (British Journal of Sports Medicine), былі аб’яднаныя дадзеныя старых і новых экспэрымэнтаў, зробленых навукоўцамі зь некалькіх амэрыканскіх унівэрсытэтаў.
Агулам былі ацэненыя вынікі 49 экспэрымэнтаў з удзелам 1863 чалавек, мужчын і жанчын. Колькасьць бялку, яго якасьць і час прыёму шырока вар’яваліся.
Мужчыны і жанчыны якія павялічылі спажываньне бялку падчас сілавых трэніровак, павялічылі аб’ём і сілу мышцаў больш чым тыя, хто гэтага не рабіў
Адказ быў вельмі адназначны. Мужчыны і жанчыны якія павялічылі спажываньне бялку падчас сілавых трэніровак, павялічылі аб’ём і сілу мышцаў больш чым тыя, хто гэтага не рабіў.
Разам з тым, узьдзеяньне дадатковай колькасьці бялку не было занадта вялікім. Практычна ўсе, хто рабіў сілавыя практыкаваньні, сталі мацнейшымі і павялічылі аб’ём мышцаў.
Але тыя, хто павялічыў спажываньне бялку, атрымалі 10 або больш працэнтаў дадатковай сілы і каля 25 працэнтаў мышачнай масы ў параўнаньні з кантрольнымі групамі.
Абноўленыя нормы
Спрыяльная норма для росту аб’ёму і сілы мышц, паводле новага дасьледаваньня, складае 1,6 грама чыстага бялку на 1 кіляграм вагі чалавека. Гэта 130 грамаў бялку для 80-кіляграмовага чалавека ў дзень.
Гэта значна больш, чым норма, якая дзейнічае ў тых жа Злучаных Штатах цяпер — 56 грамаў бялку ў дзень для мужчын і 46 грамаў бялку для жанчын.
Аўтары дасьледаваньня робяць адназначную выснову: у мэтах павелічэньня мышачнай сілы большасьць людзей мае патрэбу ў большай колькасьці бялку, чым тая, што цяпер рэкамэндуецца.
Пры гэтым, час і тып спажыванага бялку ня маюць значэньня.