Згодна з новым аглядным дасьледаваньнем, людзі, якія робяць фізычныя практыкаваньні хоць раз у тыдзень або на працягу ўсяго толькі 10 хвілін у дзень, як правіла, больш вясёлыя, чым тыя, хто ніколі не займацца фізычнымі практыкаваньнямі.
Пры гэтым, мэдыкі кажуць, што любы тып практыкаваньняў можа быць карысным. З вынікамі новага дасьледаваньня чытачоў знаёміць газэта The New York Times.
Больш руху — менш дэпрэсіі
Ідэя, што фізычная актыўнасьць можа паўплываць на наш настрой, ня новая. Шмат хто з нас заўважыў, што адчувае сябе менш раздражнёным і больш разьняволеным пасьля прабежкі або наведваньня трэнажорнай залі.
Гэта пацьвярджае і навука. Шэраг апошніх дасьледаваньняў паказвае, што фізычна актыўныя людзі маюць значна больш нізкую рызыку разьвіцьця дэпрэсіі і трывогі, чым тыя, хто мала рухаецца.
Найноўшыя высновы навукоўцаў
Новае агляднае дасьледаваньне, якое акумулявала ў сабе вынікі многіх дробных, засяроджана на сувязі паміж фізычнымі практыкаваньнямі і псыхалягічнымі праблемамі, такімі як дэпрэсія і трывожнасьць.
Вынікі гэтага маштабнага агляду і аналізу былі апублікаваныя навукоўцамі з Унівэрсытэту Мічыгану ў The Journal of Happiness.
Аўтары вывучылі вынікі 23-х ранейшых дасьледаваньняў, праведзеных пачынаючы з 1980 году. Колькасьць ахопленых удзельнікаў дасягнула 500 тысяч чалавек розных нацыянальнасьцяў і сацыяльнай прыналежнасьці. І вось дасьледчыкі зь Мічыгану высьветлілі, што для большасьці з гэтых людзей фізычныя практыкаваньні былі цесна зьвязаныя са шчасьцем.
Тып практыкаваньняў ня мае значэньня
Яшчэ адна важная выснова — тып практыкаваньняў, відаць, ня мае значэньня. Некаторыя шчасьлівыя людзі хадзілі або бегалі трушком, іншыя займаліся ёгай або практыкаваньнямі на расьцяжэньне.
Колькасьць і працягласьць практыкаваньняў, паводле аўтараў, мае невялікае значэньне для пачуцьця шчасьця.
Многія з агледжаных дасьледаваньняў сьведчылі, што людзі, якія займаліся ўсяго адзін-два разы на тыдзень, адчувалі сябе нашмат шчасьлівейшымі, чым тыя, хто ніколі не трэніраваўся. Іншыя дасьледаваньні паказалі, што і дзесяць хвілін фізычнай актыўнасьці ў дзень выклікалі прыўзьняты настрой.
Норма «150 хвілін фізычнай кітыўнасьці на тыдзень» — працуе
Але агулам, большая фізычная актыўнасьць спрыяла большаму шчасьцю. Калі людзі трэніраваліся на працягу прынамсі 30 хвілін пяць дзён на тыдзень, што сёньня зьяўляецца стандартнай амэрыканскай і эўрапейскай рэкамэндацыяй, яны на 30% з большай верагоднасьцю лічылі сябе шчасьлівымі.
Разам з тым дасьледчыкі пакуль не на сто працэнтаў перакананыя наконт кірунку сувязі фізычнай актыўнасьці і шчасьця. У прынцыпе магчыма, што больш шчасьлівыя людзі зьяўляюцца і больш спартовымі. Але ўсё ж высьветленая тэндэнцыя відавочная. Больш актыўнасьці — больш шчасьця.