Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бывае практыкаваньняў зашмат? Нечаканы адказ сэрца


Паводле новага вялікага дасьледаваньня, мужчыны, якія трэніруюцца вельмі шмат, маюць больш артэрыяльных бляшак і больш высокія паказчыкі ўзроўню кальцыю ў крыві ў параўнаньні з тымі, хто трэніруецца менш.

Але ня ўсё так адназначна, піша ў The New York Times сталая аўтарка газэты Грэтхэн Рэйналдз.

Што мы ведалі раней

Раней было вядома, што маратонцы сярэдняга веку нярэдка маюць праблемы з сэрцам. У такіх спартоўцаў лекары знаходзілі ў сасудах больш кальцыевых бляшак і нават шнараў ў мышцах сэрца ў параўнаньні з тымі, хто трэніруецца памяркоўна.

Нядаўна ў часопісе JAMA Cardiology былі апублікаваныя вынікі новага вялікага дасьледаваньня, якія можна назваць суцяшальнымі для актыўных спартоўцаў.

Дасьледаваньне пацьвердзіла, што людзі, якія трэніруюцца вельмі шмат, сапраўды маюць большую рызыку ўтварэньня бляшак у сасудах сэрца, але, парадаксальным чынам, маюць і меншую рызыку сардэчнага прыступу і заўчаснай сьмерці.

Навукоўцы зрабілі парадаксальную выснову, што фізычныя нагрузкі абараняюць сэрца ад тых самых праблемаў, якія і выклікаюць.

Як праводзілася новае дасьледаваньне

Навукоўцы вывучылі мэдычныя карты амаль 22 тысяч пацыентаў-мужчын адной з амэрыканскіх клінік. Усе пацыенты былі падзеленыя на тры групы.

Людзі з адной групы трэніраваліся інтэнсіўна пяць і болей гадзін на тыдзень. Пацыенты з другой групы трэніраваліся менш чым пяць гадзін на тыдзень. Пацыенты з трэцяй групы трэніраваліся ў два разы менш, чым тыя, каго ўключылі ў першую групу.

Былі ўважліва вывучаныя вынікі сканаваньня сэрца кожнага пацыента і аналізаў крыві.

вельмі актыўныя практыкаваньні спрыяюць большаму ўтварэньню бляшак у сасудах сэрца, але, адначасова, зьмяншаюць рызыку заўчаснай сьмерці ад сардэчнага прыступу

Аказалася, што самыя актыўныя спартоўцы маюць на 11 працэнтаў большую рызыку мець узровень кальцыю ў крыві вышэйшы за 100 умоўных адзінак. А некаторыя з самых актыўных спартоўцаў мелі нават 800 умоўных адзінак.

Таксама былі прааналізаваныя ўзроўні сьмяротнасьці ва ўсіх трох групах праз 10 гадоў пасьля апошняга абсьледаваньня.

Аказалася, што актыўныя спартоўцы паміралі менш у параўнаньні з мужчынамі з трэцяй групы, якія трэніраваліся найменш.

Таму і была зробленая парадаксальная выснова, што вельмі актыўныя практыкаваньні спрыяюць большаму ўтварэньню бляшак у сасудах сэрца, але, адначасова, зьмяншаюць рызыку заўчаснай сьмерці ад сардэчнага прыступу.

Чаму так адбываецца

Дакладнага адказу навукоўцы пакуль ня маюць.

Адна з вэрсіяў такая. Аказваецца, што экстрэмальныя трэніроўкі ствараюць унікальны тып кальцыевага налёту ў сасудах. Такія бляшкі больш шчыльныя і больш стабільныя. І менавіта ў такіх бляшак менш за ўсё шанцаў адарвацца і закупорыць вузкую частку сардэчнага сасуду.

Так што, кажа адна з аўтарак новага дасьледаваньня доктарка Лаўра Дэфіна, нават калі ў вас дыягнастуецца высокі ўзровень кальцыю ў крыві, вы можаце і павінны трэніравацца далей.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG