Суд у аўстралійскім Мэльбурне асудзіў на шэсьць гадоў турмы 77-гадовага кардынала Джорджа Пэла, прызнанага вінаватым у сэксуальным гвалце над непаўналетнімі.
Вэрдыкт прысяжных вынесены яшчэ ў сьнежні, а прысуд абвешчаны 13 сакавіка. У дакумэнце адзначаецца, што кардынал злоўжыў уладай і праявіў «ашаламляльную пыху».
Раней суд прызнаў, што ў 1996 годзе Джордж Пэл, будучы арцыбіскупам Мэльбурну, учыніў гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да двух хлопчыкаў з хору ў пакоях гарадзкога сабору.
Кардынал віну катэгарычна адмаўляе і цьвердзіць, што абвінавачаньні ёсьць плёнам фантазіі ахвяраў.
Пэл — самы высокапастаўлены каталіцкі сьвятар, прызнаны вінаватым у сэксуальным гвалце. З 2014 году ён быў скарбнікам Ватыкану і дарадцам папы Рымскага, таму яго называлі трэцяй асобай у ватыканскай дзяржаве.
У сярэдзіне сьнежня папа Рымскі Францішак выдаліў трох кардыналаў з свайго нефармальнага кабінэту. Двое зь іх, у тым ліку Джордж Пэл, мелі дачыненьне да меркаванага сэксуальнага гвалту.
Каталіцкая царква ўва усім сьвеце апошнімі гадамі сутыкнулася з цэлай чарадой абвінавачаньняў, зьвязаных з сэксуальным гвалтам з боку сьвятароў, і сьцьверджаньнямі, што Ватыкан спрабаваў утойваць гэтыя выпадкі. Скандал пачаўся з публікацыі ў жніўні дакладу вялікага журы Пэнсыльваніі.
Згодна з дакумэнтам, служкі каталіцкае царквы больш за 70 гадоў тым ці іншым чынам зьдзяйсьнялі розныя сэксуальныя злачынствы супраць тысячы дзяцей.