Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў Пій XII «Папам Гітлера»? Ватыкан дазволіць даведацца праз год


Папа Рымскі Пій XII
Папа Рымскі Пій XII

«Чалавек вялікай сьвятасьці» або «Папа Гітлера»? Гісторыкі атрымаюць магчымасьць канчаткова адказаць на пытаньне, кім быў і як паводзіў сябе ў гады Другой сусьветнай Папа Рымскі Пій XII, адна з самых загадкавых і супярэчлівых фігур найноўшай эўрапейскай гісторыі. На чале Рымска-каталіцкай царквы ён знаходзіўся з 1939 па 1958 год.

Цяперашні Папа Францішак абвясьціў аб рашэньні адкрыць праз год, 2 сакавіка 2020 году, частку сакрэтных ватыканскіх архіваў, якія тычацца пэрыяду Другой сусьветнай вайны. Менавіта з гэтым пэрыядам зьвязаная вялікая частка спрэчак вакол Пія XII.

Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў лічаць яго адказным за тое, што падчас вайны Ватыкан не выказаўся рашуча і наўпрост супраць Галакоста і не дапамагаў у дастатковай меры перасьледаваным габрэям. Амэрыканскі габрэйскі камітэт на працягу апошніх 30 гадоў заклікаў Ватыкан адкрыць доступ да архіваў пэрыяду 1939-1958 гадоў.

Папа Францішак у сваім звароце адзначыў, што «да спадчыны Папы Пія XII ставяцца з забабонамі і перабольшаньнем», і дадаў, што «царква не баіцца гісторыі, а наадварот — любіць яе».

Адкрыцьцё архіва Пія XII будзе прымеркавана да 81-й гадавіны яго абраньня на пасад сьв. Пятра. Што вядома пра гэтага чалавека і чаму ён выклікае столькі спрэчак не толькі сярод гісторыкаў, але і сярод звычайных вернікаў і грамадзкасьці ў розных краінах?

Пій XII прымае адмысловага амбасадара ЗША Мірона Тэйлара, які даставіў ліст ад прэзыдэнта ЗША Франкліна Рузвэльта, 27 лютага 1940
Пій XII прымае адмысловага амбасадара ЗША Мірона Тэйлара, які даставіў ліст ад прэзыдэнта ЗША Франкліна Рузвэльта, 27 лютага 1940

  • Пій XII (Эўджэніа Марыя Джузэпэ Джавані Пачэли, 1876-1958) паходзіў з сям’і папскага чыноўніка. Эўджэніа з 18 гадоў вывучаў тэалёгію і зрабіў бліскучую царкоўную карʼеру.
  • Доўгі час ён быў царкоўным дыпляматам, з 1917 па 1929 год — папскім пасланцам (нунцыем) у Нямеччыне. Пачэлі завязаў мноства асабістых і сяброўскіх кантактаў у гэтай краіне і атрымаў рэпутацыю германафіла, што пазьней дало дадатковыя аргумэнты яго крытыкам.
  • З 1930 году — дзяржаўны сакратар Ватыкана (адна з найвышэйшых пасад у царкоўнай герархіі). Неаднаразова афіцыйна пратэставаў супраць парушэньняў правоў вернікаў у Нямеччыне нацысцкім рэжымам, удзельнічаў у складаньні энцыклікі Mit brennender Sorge («Зь велізарнай занепакоенасьцю», 1937 г.), у якой тагачасны Папа Пій XI з раней нябачанай рэзкасьцю раскрытыкаваў нацысцкі рэжым.
  • 2 сакавіка 1939 года абраны Папам Рымскім, у гонар свайго папярэдніка прыняў імя Пій XII.
Пій XII на вокладцы нямецкага часопіса Spiegel, тэма нумара - "Царква і Галакост"
Пій XII на вокладцы нямецкага часопіса Spiegel, тэма нумара - "Царква і Галакост"

  • За час пантыфікату правёў шэраг рэформаў, якія датычацца пытаньняў каталіцкай тэалёгіі і царкоўных абрадаў. У цэлым прытрымліваўся вельмі кансэрватыўных поглядаў, крытыкаваў лібэралізм, быў перакананым антыкамуністам.
  • Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны Ватыкан па распараджэньні Папы арганізоўваў дапамогу ў пошуку зьніклых бязь вестак і высьвятленьні лёсаў ваеннапалонных, у асноўным з заходніх краін.
  • У 1940 годзе, падчас візыту ў Ватыкан дэлегацыі Нямеччыны на чале зь міністрам замежных спраў Рыбэнтропам, Пій XII прадʼявіў яму сьпіс «злачынстваў нацыянал-сацыялізму супраць хрысьціян і габрэяў». У адказ Рыбэнтроп абвінаваціў Папу ў тым, што ён «прадаўся ворагам Нямеччыны».
  • У сваіх публічных выступах Пій XII заклікаў да міру, але не адважыўся на адкрытае асуджэньне нацызму. Ён таксама ня перапыніў сувязі з саюзнымі Гітлеру рэжымамі, якія называлі сябе каталіцкімі (усташы ў Харватыі, рэжым Ёзэфа Ціса ў Славаччыне). Харвацкага біскупа Алаізы Стэпінаца, абвінавачанага пазьней у цесным супрацоўніцтве з усташамі, Піем XII абвясьціў кардыналам.

Генэрал войскаў СС Карл Вольф заяўляў на Нюрнбэргскім працэсе, што ў 1943 годзе Гітлер даручыў яму падрыхтаваць апэрацыю па выкраданьні Папы і вывазу яго ў Нямеччыну. Замест гэтага Вольф нібыта папярэдзіў Пія XII аб пагрозе. Многія гісторыкі ставяць пад сумнеў дакладнасьць інфармацыі Вольфа.

Галоўнай прэтэнзіяй да Пія XII сталі празьмерна стрыманыя паводзіны Ватыкана ў пытаньні аб злачынствах супраць чалавечнасьці і генацыдзе ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны. Хоць вядомыя выпадкі пратэстаў папскай курыі супраць перасьледу і масавага зьнішчэньня габрэяў нацыстамі, гэтыя пратэсты былі амаль выключна негалоснымі і ажыцьцяўляліся па дыпляматычных каналах. Сам Папа, зьвяртаючыся ў чэрвені 1943 года да чальцоў калегіі кардыналаў, тлумачыў сваю пазыцыю так: «Усякае слова, сказанае Намі як кампэтэнтным аўтарытэтам, і кожны Наш публічны намёк павінен быць Намі сурʼёзна абдуманы і ўзважаны ў інтарэсах тых жа няшчасных, каб не зрабіць іх становішча, хоць і не жадаючы гэтага, яшчэ больш цяжкім і невыносным».

Пры гэтым многія прадстаўнікі каталіцкай царквы ўдзельнічалі ў выратаваньні яўрэяў, а прыхільнікі Пія XII і цяпер сьцьвярджаюць, што Папа стварыў з гэтай мэтай падпольную сетку. Пасьля вайны некаторыя прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый выказвалі падзяку Папе і ў яго асобе каталікам, якія дапамагалі габрэям. Пінхас Лапід, габрэйскі багаслоў і ізраільскі дыплямат, у кнізе «Тры Папы і габрэі» сьцьвярджаў у 1960-я гады, што Пій XII «спрыяў выратаваньні ад сьмерці ад рук нацыстаў па меншай меры 700 тысяч габрэяў», аднак пазьней гісторыкі сумняваліся ў праўдзівасьці гэтай лічбы.

Меркаваньні адносна дзеяньняў (або бязьдзейнасьці) Пія XII падчас Галакоста палярна супрацьлеглыя. Нямецкі пісьменьнік Рольф Хохут у сваёй пʼесе «Вікарый. Хрысьціянская трагедыя» адлюстраваў Пія XII як крывадушніка, які наўмысна маўчыць наконт трагедыі ў Эўропе. Брытанскі гісторык і журналіст Джон Корнуэл апублікаваў у 1999 годзе кнігу «Пата Гітлера: таемная гісторыя Пія XII», дзе піша пра ролю Папы ў легітымізацыі нацысцкага рэжыму і яго нібыта наўмысным замоўчваньні злачынстваў Галакосту. Пазьней амэрыканскі гісторык і рабін Дэвід Далін выпусьціў кнігу «Міф пра Папу Гітлера», у якой выявіў масу недакладнасьцяў і наўмыснае скажэньне фактаў у Корнуэла.

На думку Пола ОʼШы, аўтара кнігі «Эўджэніа Пачэлі, палітыка і габрэі Эўропы», пазыцыя Пія XII была незайздроснай: «Нацысты дэманізавалі Папу як агента міжнароднага габрэйства. Амэрыканцы і брытанцы былі незадаволеныя тым, што ён адкрыта не асудзіў нацысцкую агрэсію. А рускія абвінавацілі яго ў тым, што ён — агент фашызму і нацызму».

Сьнежань 2009 года. Тагачасны Папа Бэнэдыкт XVI выступае перад кардыналамі з калядным пасланьнем. У ім ён абвясьціў пра пачатак працэсу кананізацыі Пія XII
Сьнежань 2009 года. Тагачасны Папа Бэнэдыкт XVI выступае перад кардыналамі з калядным пасланьнем. У ім ён абвясьціў пра пачатак працэсу кананізацыі Пія XII

У 1965-1981 гадах па распараджэньні Папы Паўла VI Ватыкан апублікаваў 11 тамоў дакумэнтаў, якія тычацца пантыфікату Пія XII, але строга лімітаваны падбор гэтых дакумэнтаў, якія не далі адказы на большасьць пытаньняў, якія тычацца Галакоста, расчараваў гісторыкаў. Дзякуючы рашэньню Папы Францішка сытуацыя, відавочна, зьменіцца. Як лічыць дырэктар Мэмарыяльнага музэя Галакоста ў Вашынгтоне Сара Блумфілд, «даўно пара, каб на месца спэкуляцый прыйшлі вынікі строгіх навуковых дасьледаваньняў, а гэта будзе магчыма толькі пасьля таго, як навукоўцы атрымаюць поўны доступ да архіваў. У гэтым ёсьць і маральны аспэкт: гэта наш абавязак перад сыходзячым пакаленьнем, якое перажыло Галакост».

Яраслаў Шымаў.

Арыгінал на сайце Расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG