У рэпартажы, што паказаў тэлеканал АНТ, заявілі, што Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю выявіў «факты грашовых махінацый». Нібыта дырэктар кампаніі, «падносячы сваю дзейнасьць як некамэрцыйную, незаконна карыстаўся падатковымі льготамі», заўважыў Reform.
На тэлеканале «Першы інфармацыйны» заявілі, што заснавальнік і дырэктар Эдуард Цалюк выехаў у Польшчу, нібыта пакінуўшы работнікаў з «пазыкамі ў заработнай плаце».
«У якасьці асноўнай мэты дзейнасьці ўстановы было атрыманьне прыбытку. Такім чынам, кампанія фактычна зьяўлялася камэрцыйнай арганізацыяй і не магла карыстацца палёгкамі ў ПДВ і падатку на прыбытак.
Сума нявыплачаных падаткаў за кошт неправамернага выкарыстаньня льготаў склала больш за 17 мільёнаў рублёў. Пры гэтым за ўвесь пэрыяд дзейнасьці кампанія атрымала звыш 95 мільёнаў рублёў выручкі, а сума выплачаных установай з 2011 году падаткаў склала крыху менш за 60 тысяч рублёў», — заявіў у сюжэце намесьнік начальніка ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па Менскай вобласьці і Менску Валер Шчарбун.
Па сьцьвярджэньні намесьніка начальніка аддзелу ўпраўленьня працэсуальнага кантролю УСК па Менску Юрыя Андросіка, у 2012 годзе дырэктар разам з жонкай «распрацавалі некалькі спосабаў вываду грошай» з разьліковых рахункаў.
«З таго часу кампанія стала выдаваць беспрацэнтныя пазыкі ім як індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама афіляванай арганізацыі, што супярэчыла патрабаваньням і мэтам стварэньня навучальнага цэнтру. (…) За 12 гадоў агульная сума пазык склала больш за 29 млн рублёў», — заявіў ён.
З выкладчыкамі школы замежных моў, як сказалі на АНТ, днямі зроблены поўны разьлік за кошт наяўных актываў кампаніі, на якія быў накладзены арышт. Ідзе працэс вяртаньня грошай кліентам.
Streamline — адна з найбуйнейшых моўных школаў Беларусі, якая працавала 15 гадоў. Запіс аб ліквідацыі кампаніі зьявіўся 17 кастрычніка. Альянс расьсьледнікаў Беларусі сьцьвярджаў, што прычынай закрыцьця стала праверка ДФР КДК, якая прайшла ў пачатку кастрычніка.
У Беларусі пасьля 2020 году пачаўся агрэсіўны наступ на грамадзкія арганізацыі, незалежныя ініцыятывы і прыватныя школы. Шэраг школаў у розных гарадах Беларусі закрыўся пад ціскам уладаў. Асноўны акцэнт у прапагандысцкіх матэрыялах пра іх робіцца на нібыта імкненьні зарабляць грошы незаконным шляхам.
Форум