Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ў некалькіх аэрапортах пасьля авіякатастрофы ў Казахстане ўводзілі часовыя абмежаваньні на палёты

абноўлена

Міжнародны аэрапорт «Казань». Ілюстрацыйнае фота
Міжнародны аэрапорт «Казань». Ілюстрацыйнае фота

Вядома пра мінімум сем аэрапортаў, у якіх абмяжоўвалі палёты.

У Расеі ў некалькіх аэрапортах раніцай 27 сьнежня ўводзілі абмежаваньні ў мэтах бясьпекі цывільных самалётаў.

Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время» з спасылкай на Фэдэральнае агенцтва паветранага транспарту Расеі, часовыя абмежаваньнія ўводзілі ў аэрапортах Казані, Сочы, Самары, Грознага, Махачкалы, Валгаграду і Астрахані.

Цяпер абмежаваньні скасавалі.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 27 сьнежня зьбілі 13 украінскіх дронаў, у тым ліку пяць над тэрыторыяй Бранскай вобласьці, тры над Курскай, па два над Белгарадзкай і Тульскай, адзін — над Астраханскай вобласьцю.

27 сьнежня стала вядома, што ранішні рэйс авіякампаніі Azerbaijan Airlines з Баку ў Мінэральныя Воды вярнуўся ў аэрапорт вылету. Перад гэтым кампанія паведаміла аб спыненьні палётаў па маршрутах Баку – Грозны – Баку і Баку – Махачкала – Баку да завяршэньня расьсьледаваньня авіякатастрофы ў Казахстане.

Казахстанская авіякампанія QAZAQ AIR абвясьціла аб часовым спыненьні выкананьня авіярэйсаў па маршруце Астана — Екацерынбург з 28 сьнежня да 27 студзеня 2025 году.

«Рэйсы спынілі, каб гарантаваць бясьпеку пасажырам і чальцам экіпажаў па выніках ацэнкі рызык палётаў у Расею. Аівякампанія працягне выкананьне рэйсаў у Омск і Навасібірск, якія працягваюць адпавядаць крытэрыям ацэнкі рызык QAZAQ AIR. Аднаўленьне рэйсаў адбудзецца па выніках паўторнай ацэнкі рызык», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі.

25 сьнежня самалёт Azerbaijan Airlines, на борце якога знаходзіліся 62 пасажыры і пяць членаў экіпажа, пацярпеў крушэньне на захадзе Казахстану. Паводле апошніх зьвестак, выжылі 32 чалавекі, 11 пацярпелых у цяжкім стане.

Афіцыйнай вэрсіі прычын катастрофы пакуль няма, ідзе расьсьледаваньне. Сярод вэрсій, якія называлі розныя ведамствы і крыніцы СМІ, сутыкненьне з чарадой птушак, выбух кіслароднага балёна на борце, тэхнічная няспраўнасьць, а таксама ракета ад расейскіх СПА, якія нібыта спрабавалі зьбіць украінскія бесьпілётнікі. Увечары 25 сьнежня стала вядома, што знайшлі «чорную скрыню».

Борт накіроўваўся з Баку ў Грозны. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ужо падчас зьніжэньня ён быў перанакіраваны на запасны аэрадром у Махачкалу з прычыны моцнага туману над сталіцай Чачэніі. Але рэальнай прычынай зьмены курсу магла стаць атака ўкраінскіх бесьпілётнікаў.

Улады Расеі, Азэрбайджану і Казахстану афіцыйна не камэнтуюць прычын, празь якія самалёт пацярпеў крушэньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG