Доступ да Ватыканскага сакрэтнага архіву, які зьмяшчае дакумэнты пэрыяду Другой сусьветнай вайны, будзе адкрыты для дасьледчыкаў у сакавіку 2020 году, заявіў у панядзелак, 4 сакавіка, папа Францішак. Ён выступіў са зваротам да прадстаўнікоў аддзелу ватыканскіх сакрэтных архіваў, паведамляе Reuters.
У архіве захоўваюцца дакумэнты папы Пія XII, якога прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый абвінавачваюць у тым, што падчас Другой сусьветнай вайны ён ня выказаўся супраць Галакосту.
Амэрыканскі габрэйскі камітэт апошнія 30 гадоў заклікаў Ватыкан адкрыць доступ да дакумэнтаў у архіве пэрыяду 1939-1958 гадоў.
У сваім звароце папа Францішак адзначыў, што «да спадчыны папы Пія XII ставяцца з забабонамі і перабольшаньнем», і дадаў, што «царква не баіцца гісторыі, а наадварот — любіць яе».
У 2014 годзе папа Францішак вырашыў не абвяшчаць пачатак працэсу кананізацыі папы Пія XII, бо рэлігійныя арганізацыі ў Ізраілі не жадалі гэтага.
Архіў Пія XII адкрыецца ў наступным годзе, у 81-ю гадавіну яго абраньня пантыфікам. Высьвятленьне экспэртамі фактаў пра ролю Пія XII у Другой сусьветнай вайне паўплывае на рашэньне аб магчымасьці яго кананізацыі.