Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дрэздэнскі сувязны


33-гадовы выпускнік інстытуту КДБ СССР Уладзімір Пуцін прыехаў у ГДР па разьмеркаваньні ў 1985 годзе і пакінуў яе ў 1990-м — ужо пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны.

Нямецкую пяцігодку ў сваёй біяграфіі расейскі прэзыдэнт не хавае, але на гэтым тыдні стаў вядомы факт, пра які ён ніколі публічна не казаў: у Пуціна было пасьведчаньне супрацоўніка Штазі, Міністэрства дзяржбясьпекі Ўсходняй Нямеччыны, на той момант адной з самых злавесных спэцслужбаў у сьвеце.

Фатаграфію пасьведчаньня Пуціна на пачатку гэтага тыдня апублікавала створанае ў 1991 годзе спэцыяльнае фэдэральнае ведамства ФРГ па працы з архівамі Штазі (Stasi — скарачэньне ад нямецкага назвы ведамства Ministerium für Staatssicherhei, «Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі»). Пасьведчаньне, як вынікае з гэтага здымку, было выдадзена Пуціну ў апошні дзень 1985 году, 31 сьнежня, у Дрэздэне, дзе будучы расейскі прэзыдэнт працаваў пад «дахам» Дома савецка-нямецкай дружбы.

У ГДР Пуцін, па розных вэрсіях, сачыў за высокапастаўленымі чыноўнікамі Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі, курыраваў савецкіх студэнтаў і паляваў за найноўшымі сакрэтнымі заходнімі тэхналёгіямі. Па сьцьвярджэньні нямецкай газэты «Франкфуртэр рундшау», у лік абавязкаў Пуціна ўваходзіў кантроль за сакратаром дрэздэнскага аддзяленьня Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі Гансам Мадровым, а таксама адсочваньне антыкамуністычных акцый пратэсту ў ГДР.

Акрамя таго, у канцы 80-х гадоў Уладзімір Пуцін мог мець дачыненьне да ўгодаў па распродажу маёмасьці групы савецкіх войскаў у Германіі, а таксама нерухомасьці ЦК КПСС. Усё гэта толькі вэрсіі, якія часта супярэчаць адна адной. Факт заключаецца ў тым, што начальства было задаволенае працай Пуціна: яго павысілі да падпалкоўніка (па розных вэрсіях, гэта адбылося альбо ў апошнія гады яго службы за мяжой, альбо ўжо на радзіме) і перавялі ў дзейны рэзэрв КДБ.

Карэспандэнт рускай службы Свабоды Марк Крутаў папрасіў падрабязьней расказаць пра тое, што хаваецца за знойдзеным пасьведчаньнем Пуціна, амэрыканскага экспэрта па ўзаемаадносінах КДБ і Штазі Дугласа Селвіджа. Селвідж зьяўляецца адным з вядучых супрацоўнікаў нямецкага ведамства па працы з архівамі спэцслужбы, якое працягвае вывучаць сотні і тысячы дакумэнтаў міністэрства дзяржбясьпекі ГДР, ацалелых пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны і камуністычнага ўраду Ўсходняй Германіі.

Былая штаб-кватэра Штазі ў Дрэздэне
Былая штаб-кватэра Штазі ў Дрэздэне

— Ці ведалі вы пра тое, што ў Пуціна было пасьведчаньне супрацоўніка Штазі?

— Асабіста я ня ведаў, але я ня зьдзіўлены гэтым фактам. Для афіцэраў КДБ рангу Пуціна было тыповым атрымліваць такія пасьведчаньні ад Штазі, каб праходзіць на тэрыторыю мясцовых штаб-кватэр гэтай спэцслужбы. Уладзімір Пуцін працаваў у штаб-кватэры КДБ у Дрэздэне і атрымаў гэты пропуск, каб мець магчымасьць прыйсьці ў Дрэздэнскую штаб-кватэру Штазі і абмеркаваць з афіцэрамі Штазі сваю бягучую працу.

— Колькі ўсяго было выдадзена такіх пасьведчаньняў савецкім разьведчыкам, ці вядома вам пра іншых афіцэрах КДБ, якія іх атрымалі?

— Дакладная колькасьць невядомая, але ў кіраўніка штаб-кватэры КДБ у Дрэздэне яно, вядома, было, як і ў многіх калег Пуціна. Я думаю, у Дрэздэне было выдадзена 6-7 такіх пасьведчаньняў, у Бэрліне, напэўна, намнога больш. Гэта было звычайнай практыкай. Людзі, якім ня мелі такіх пасьведчаньняў — гэта тыя, хто працаваў у правінцыі, у маленькіх гарадках, ці, напрыклад, выведнікі з ГРУ, савецкай ваеннай выведкі. Ім такія пасьведчаньні не выдаваліся. Калі ім трэба было трапіць у штаб-кватэру Штазі, яны спачатку дамаўляліся аб гэтым па тэлефоне, а затым іх сустракалі на ўваходзе і суправаджалі.

— Да канца існаваньня сацыялістычнай дзяржавы ў ГДР, акрамя дзясяткаў тысяч штатных супрацоўнікаў Штазі, было каля 200 тысяч добраахвотных інфарматараў спэцслужбы. Ці атрымлівалі яны такія пропуску?

— Не, інфарматарам такія пасьведчаньні не выдаваліся, толькі штатным супрацоўнікам. Гэта як ваш пропуск у будынак, дзе вы працуеце. Яны выдаваліся нават сакратарам і іншаму тэхнічнаму пэрсаналу Штазі. І, вядома, афіцэрам КДБ, якія са Штазі цесна супрацоўнічалі.

— Ці давалі такое пасьведчаньне якія-небудзь прывілеі яго ўладальніку? Напрыклад, вас спыніла паліцыя ГДР. Ці можна было пазьбегнуць штрафу з дапамогай такога дакумэнта?

— Ня думаю, што Пуцін выкарыстаў яго якім-небудзь чынам, акрамя як для праходу ў штаб-кватэру Штазі. У архівах, якія я вывучаў, няма ніякіх указаньняў на тое, што такія пасьведчаньні выкарыстоўваліся для чагосьці іншага, напрыклад, для вярбоўкі агентаў. Калі супрацоўнікам КДБ трэба было кагосьці завэрбаваць, яны выкарыстоўвалі для гэтага жыхароў ГДР, якія служылі ў звычайнай паліцыі. КДБ плаціў ім за гэта і выкарыстаў паліцэйскіх як вярбоўнікаў. Яны мелі доступ да інфармацыі пра людзей, і калі кагосьцітрэба было завэрбаваць, КДБ часьцей дзейнічаў не наўпрост, а праз сваіх агентаў у паліцыі.

Гэта працавала і ў адваротны бок: калі паліцэйскія даведваліся пра каго-небудзь, хто гатовы супрацоўнічаць, шпіёніць і гэтак далей, яны паведамлялі пра гэта людзям накшталт Пуціна. Калі гаворка ішла аб вярбоўцы агентаў, гэта заўсёды рабілася, што адзін немец вэрбаваў іншага, няхай гэта будзе немец з заходняй Германіі ці з усходняй. У рэдкіх выпадках, калі гаворка ішла пра ўжо дзеючых шпіёнаў Штазі, якія, скажам, працавалі ў заходняй Германіі і прыяжджалі ва ўсходнюю, агенты КДБ маглі сустракацца зь імі асабіста. Але ў цэлым, вядома, афіцэры КДБ ня бегалі па Дрэздэне або Бэрліну, размахваючы «корачкай» Штазі і не спрабавалі зь яе дапамогай кагосьці завэрбаваць або пазьбегнуць штрафу за парушэньне правілаў дарожнага руху.

— Ці ўскладалі на ўладальніка такога пасьведчаньня якія-небудзь абавязкі, накшталт выплаты штомесячных узносаў?

— Не. Было афіцыйнае пагадненьне паміж Штазі і КДБ, падпісанае ў сакавіку 1978 году міністрам дзяржбясьпекі ГДР Эрыхам Мільке і Юрыем Андропавым. У гэтым пагадненьні прапісвалі пэўныя абавязкі афіцэраў КДБ, якія працуюць у Германіі, у прыватнасьці, там гаворыцца пра тое, што сувязныя паміж КДБ і Штазі ў рэгіянальных штаб-кватэрах павінны былі атрымліваць такія пропуску, каб мець магчымасьць бесьперашкоднага праходу ў будынкі нямецкай спэцслужбы. Часам для ўдзелу ў нейкіх сумесных апэратыўных мерапрыемствах, часам для абмену інфармацыяй, часам для вярбоўкі.

— Што гэта за рознакаляровыя штампы на левай частцы пасьведчаньня і чаму ў Пуціна не хапае аднаго штампа, за чацьвёрты квартал 1986 году? Ці можа гэта быць зьвязана з нараджэньнем яго дачкі Кацярыны ў Дрэздэне 31 жніўня 1986 га?

— Гэта штампы аб штоквартальным прадаўжэньні тэрміну дзеяньня пасьведчаньня. Мы можам толькі спэкуляваць аб тым, чаму ў Пуціна не хапае аднаго штампа. Таму можа быць сотня розных прычын: ён мог захварэць, зьехаць на нейкі час у СССР, ці ў апарат упаўнаважанага КДБ у Карлсхорсце. Гэта магло быць зьвязана і з нараджэньнем яго дачкі, але пацьверджаньняў у нас няма.

— Вы сказалі пра іншых агентаў КДБ, якія, як і Пуцін, атрымлівалі пасьведчаньні Штазі. А ці былі афіцэры Штазі, якія атрымлівалі пасьведчаньні КДБ?

— Не думаю, што гэтая практыка была ўзаемнай. Я ўпэўнены, што калі афіцэру Штазі трэба было прыйсьці ў штаб-кватэру КДБ у Дрэздэне, ён, безумоўна, мог гэта зрабіць. Калі ім было трэба нешта абмеркаваць з савецкімі калегамі, то звычайна менавіта афіцэры КДБ прыходзілі ў офіс Штазі, а не наадварот. Акрамя таго, я мяркую, што з боку КДБ мела месца спроба ў нейкай ступені захаваць сакрэтнасьць разьмяшчэньня сваіх будынкаў у Дрэздэне. Большасьць жыхароў горада ведалі, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Штазі, але далёка ня ўсе зь іх ведалі аб разьмяшчэньні аб’ектаў КДБ.

— Да гэтага часу невядома дакладна, чым Пуцін займаўся ў Германіі. Ёсьць розныя вэрсіі на гэты конт: вярбоўка функцыянэраў Сацыялістычнай партыі з мэтай зрушэньня Эрыха Хонэкера, паляваньне за заходнімі тэхналёгіямі, адсочваньне антыкамуністычных акцый. У вас ёсьць якія-небудзь удакладняючыя дадзеныя на гэты конт? У якой з гэтых сфэр дзейнасьці Пуціну магла спатрэбіцца дапамога Штазі?

— Пуцін у якасьці зусім шараговага выведніка займаўся тым, што сапраўды спрабаваў выбудаваць сетку з завэрбаваных грамадзян як усходняй, так і заходняй Германіі, з магчымасьцю іх наступнай інфільтрацыі ў спэцслужбы заходніх краін. Грунтуючыся на веданьні пра тое, чым займаліся афіцэры КДБ падобнага з Пуціным рангу, можна меркаваць, што яго ў першую чаргу цікавілі студэнты, інжынэры, асабліва тыя, якія працавалі на заходнія прамысловыя кампаніі, напрыклад, «Сіменс».

— Што стала з пасьведчаньнямі Штазі пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны? Ці спрабавалі супрацоўнікі Штазі пазбавіцца ад іх, зьнішчыць?

Пра гэта немагчыма гаварыць са 100-працэнтнай дакладнасьцю, паколькі некаторыя штаб-кватэры Штазі ў гарадах ГДР былі захопленыя пратэстоўцамі, некаторыя не, усё гэта адбывалася ў розны час, нейкія дакумэнты, уключаючы пасьведчаньні, Штазі пасьпела зьнішчыць, нейкія — не пасьпела. Гэта, безумоўна, посьпех, што будынак Штазі ў Дрэздэне быў захоплена хутка, адным з першых, і большасьць дакумэнтаў адтуль захаваліся да нашых дзён, уключаючы пасьведчаньне Пуціна. Інакш, я ўпэўнены, яно было б зьнішчана, як і іншыя дакумэнты.

— У 2015 годзе нямецкае агенцтва Correctiv выпусьціла расьсьледаваньне пра Ўладзіміра Пуціна і яго працу ў Германіі, заснаванае на дадзеных былога афіцэра Штазі Клаўса Цухольда, які сьцьвярджае, што ён быў завэрбаваны Пуціным. У распараджэньні Пуціна, гаворыцца ў матэрыяле Correctiv, была цэлая сьледчая група з падразьдзяленьня паліцыі Усходняй Германіі, вядомая пад кодавай назвай «К1». Афіцыйна гэта падразьдзяленьне адказвала за расьсьледаваньне «палітычных злачынстваў» у ГДР. Ці можаце вы пацьвердзіць гэтую інфармацыю?

— Я не магу пацьвердзіць або абвергнуць гэта. Нашы дасьледаваньні паказалі, што афіцэры КДБ, падобныя Пуціну, сапраўды вэрбавалі паліцэйскіх з K1 у розных галінах ГДР. Часам іх рэкамэндавала КДБ Штазі, часам КДБ сам вэрбаваў адстаўных супрацоўнікаў К1, якія выйшлі на пэнсію — як правіла, для тых гэта была зьдзельная, а не пастаянная праца. Часьцей за ўсё яны дапамагалі КДБ сабраць інфармацыю аб грамадзянах ФРГ або іншых заходніх краін, якія наведваюць ГДР, і наадварот — пра ўсходніх немцаў, якія бываюць на Захадзе і могуць спатрэбіцца там у якасьці агентаў.

— Як вам здаецца, ці запазычыў Пуцін што-небудзь з сваёй працы ў Германіі для наступнай карʼеры?

— Так, я думаю яна на яго безумоўна паўплывала. Стаўшы сьведкам таго, як падаў рэжым, як людзі штурмавалі штаб-кватэру Штазі ў Дрэздэне, як яны спрабавалі патрапіць у штаб-кватэру КДБ, дзе ён быў у гэты час, Пуцін напэўна вынес для сябе ўрок на будучыню, які спатрэбіўся яму для эфэктыўнага захаваньня ўлады ў Расеі.

— Ці працягваецца ў Германіі працэс люстрацыі, выяўленьня былых агентаў Штазі?

— Так, гэты працэс працягваецца, але цяпер ён тычыцца толькі афіцыйных асоб і дзяржаўных служачых. Улады розных нямецкіх земляў самі вольныя вырашаць, што рабіць з такой інфармацыяй, калі яна зьяўляецца, якую важнасьць ёй надаваць, ці караць якім-небудзь чынам такіх людзей. Мы даведаемся аб новых выпадках супрацоўніцтва са Штазі, але ў кожным такім выпадку важна вызначыць: наколькі цесным было гэтае супрацоўніцтва. Ці ідзе гаворка пра тое, што чалавек проста падпісаў пару паперак, ці гэта было больш сурʼёзнае супрацоўніцтва, напрыклад ён дзесяць гадоў шпіёніў і даносіў на ўсіх вакол і ў архівах ёсьць тоўстая тэчка зь дзесяткамі яго даносаў і справаздач?

Дзеяньне нямецкага закона аб архівах Штазі (прыняты ў 1991 годзе пасьля доўгіх спрэчак для таго, каб забясьпечыць любому грамадзяніну Германіі магчымасьць даведацца, ці было на яго дасье ў спэцслужбы, — РС) нядаўна было падоўжанае, і за гэта выказаўся і новы кааліцыйны ўрад Германіі. Гэтая праца працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG