Кацярына Ціханава, імаверная дачка расейскага прэзыдэнта, у сюжэце фігуруе як кіраўнік Інстытуту разьвіцьця «Инопрактика», яна апавядае пра кантроль над электрычнымі сыгналамі мозгу.
Тэлеканал «Россия» паказаў рэпартаж аб маскоўскім Інстытуце разьвіцьця «Инопрактика» ў вечаровай праграме навінаў 6 сьнежня.
На другой хвіліне сюжэту ў эфіры зьявілася кіраўніца інстытуту Кацярына Ціханава, якая апавядае пра распрацоўкі расейскіх навукоўцаў у галіне праграмаваньня сьвядомасьці. Гэта яе першае зьяўленьне ў тэлевізіі.
Пра тое, што Кацярына Ціханава — адна з дачок расейскага прэзыдэнта, першым паведаміў журналіст Алег Кашын яшчэ ў 2015 годзе. Гэту інфармацыю пацьвердзіла агенцтва Reuters у сваім расьсьледаваньні.
Але прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта адпрэчыў гэтую інфармацыю.
Паводле Reuters, Кацярына Ціханава на момант публікацыі была замужам за Кірылам Шамалавым, сынам Нікалая Шамалава, даўняга сябра Пуціна і акцыянэра банку «Россия». У студзені 2018 году Ціханава рассталася са сваім мужам, пра што паведамляла агенцтва Bloomberg.
Вядома, што Кацярына Ціханава нарадзілася ў жніўні 1986 году ў ГДР. Там тады праходзіў службу Ўладзімір Пуцін.