Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: У Нямеччыне знайшлі пасьведчаньне Штазі на імя Пуціна


Нямецкая камісія па працы з архівамі былога Міністэрства дзяржбясьпекі ГДР (Штазі) выявіла сакрэтнае пасьведчаньне, выдадзенае Штазі на імя цяперашняга прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пра гэта піша Bild. Выданьне публікуе фота дакумэнта.

З публікацыі вынікае, што дакумэнт быў выдадзены 31 сьнежня 1985 года і прадаўжаўся штоквартальна на працягу чатырох гадоў. Дзякуючы яму Пуцін мог бесьперашкодна наведваць аддзелы Штазі. Яму забаранялася раскрываць інфармацыю аб працы на савецкія спэцслужбы.

Як сьцьвярджаецца, на дакумэнце значыцца асабісты подпіс маёра Пуціна.

Па дадзеных выданьня, ва ўпраўленьні фэдэральнага камісара па працы Штазі да нядаўняга часу ня мелі сьведчаньняў пра сувязі Пуціна са спэцслужбай ГДР.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў дапусьціў сапраўднасьць пасьведчаньня, нагадаўшы аб супрацоўніцтве Штазі з КДБ.

  • Уладзімір Пуцін, былы супрацоўнікам КДБ, працаваў у Дрэздэне з 1985 па 1990 гады.
  • У 1989 годзе ён быў узнагароджаны мэдалём «За выдатныя заслугі перад Нацыянальнай народнай арміяй ГДР».
  • Штазі — скарачэньне Ministerium für Staatssicherheit, «Міністэрства дзяржбясьпекі» — спэцслужба ГДР, створаная ў 1950 годзе, адна з самых магутных спэцслужбаў у краінах Усходняй Эўропы, што былі ў гады «халоднай вайны» сатэлітамі СССР. Спэцслужба мела некалькі дзясяткаў тысяч штатных супрацоўнікаў і каля 200 тысяч інфарматараў сярод грамадзян ГДР.

Дакумэнт, пра які піша Bild, не азначае, што Пуцін быў агентам Штазі, але ён, па словах кіраўніка дрэздэнскага аддзяленьня камісарыята па працы з архівамі Штазі Конрада Фэльбэра, мог спрасьціць для савецкага агента задачу па вярбоўцы агентаў у былой ГДР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG