Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак абвяргае магчымую датычнасьць украінскага боку да гібелі кіраўніка так званай «ДНР» Аляксандра Захарчанкі.
«На мой погляд, прагназаваная сытуацыя. Адбываецца мэтадычная зачыстка ўсіх тых, хто ў 2014 годзе спрыяў увядзеньню расейскіх войскаў на Данбас, хто спрыяў стварэньню псэўданародных "рэспублік"... Мы лічым, што адбываецца мэтадычная зачыстка тых, хто ведае занадта шмат і ў каго на руках кроў, тых, хто не патрэбны ў далейшым у якасьці сьведкі», — заявіў ён журналістам у суботу, камэнтуючы затрыманьне нібыта ўкраінскіх дывэрсантаў і абвінавачваньні на адрас СБУ ў забойстве Захарчанкі.
Другой вэрсіяй, Грыцак назваў адну з асноўных — гэта «проста «разборкі» на камэрцыйнай глебе, паколькі вельмі шмат маёмасьці, прадпрыемстваў, былі, як яны пішуць, «адціснутыя», падзеленыя і было шмат пакрыўджаных у кіраўніцтве «ЛНР» і «ДНР».
Паводле яго, на самай справе вэрсій больш. Ён таксама адзначыў: «Які выхад у тых, хто спрыяў усім гэтым дзеяньням ( увядзеньне расейскіх войскаў на Данбас — РС)? Першы варыянт: забраць гэтых людзей на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі і там іх працаўладкаваць, а другі: ліквідаваць тых, хто даваў у свой час розныя злачынныя загады».
Пры гэтым Грыцак адзначыў, што ў СБУ няма «ніякіх дадзеных аб затрыманьні ўкраінскага дывэрсійнай групы», паколькі такую групу туды ніхто не адпраўляў.
Гаворачы аб сытуацыі на не падкантрольных Украіне тэрыторыях, старшыня СБУ сказаў: «У нас ёсьць дадзеныя, што ўведзеная камэнданцкая гадзіна з 23:00, у нас ёсьць дадзеныя аб зачыстцы.., пра тое, што хапаюць на вуліцы людзей, якія не падабаюцца зь нейкіх меркаваньняў... але ў нас няма дадзеных пра тое, ці злавілі каго-небудзь, хто сапраўды зьдзейсьніў гэты акт, забойства».
Увечары 31 жніўня ў цэнтры кантраляванага сэпаратыстамі Данецку прагрымеў выбух, у выніку якога быў сьмяротна паранены 42-гадовы кіраўнік так званай «ДНР» Аляксандр Захарчанка. Адбылося гэта ў мясцовым рэстаране «Сепар». Гэта ўжо ня першы лідэр прарасейскіх сілаў на Данбасе, які памёр гвалтоўнай сьмерцю. Раней такім чынам у Данецку загінулі Арсень Паўлаў ( «Матарола») і Міхаіл Талстых ( «Гіві»). Неўзабаве пасьля гібелі Захарчанкі так званая «ДНР» назвала імя яго пераемніка — Дзьмітра Трапезьнікава.