Кіраўнік самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандар Захарчанка заявіў аб заснаваньні новай дзяржавы — Маларосіі.
«Дзяржава Ўкраіна ў тым выглядзе, у якім яна існавала, не падлягае аднаўленьню. Мы, прадстаўнікі рэгіёнаў былой Украіны, за выключэньнем Крыму, заяўляем аб заснаваньні новай дзяржавы, якая зьяўляецца пераемніцай Украіны. Мы згодныя ў тым, што новая дзяржава будзе называцца Маларосіяй, бо сама назва „Ўкраіна“ сябе дыскрэдытавала», — сказаў журналістам кіраўнік так званай «Данецкай народнай рэспублікі».
Паводле яго, сталіцай Маларосіі будзе Данецк, а горад Кіеў застаецца «гісторыка-культурным цэнтрам бяз статусу сталічнага гораду».
Захарчанка хоча на 3 гады ўвесьці надзвычайнае становішча, забараніць дзейнасьць любых партый, увесьці пазаблёкавы статус і курс на аднаўленьне сувязяў з Расеяй, далучыцца да саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, а таксама захаваць бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам.
Парашэнка: «Праект „Наваросіі“ быў пахаваны»
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка адрэагаваў на гэтую навіну. Падчас візыту ў Грузію ён нагадаў пра тое, што праект «Наваросіі» быў пахаваны, і паабяцаў аднавіць сувэрэнітэт над Данбасам і Крымам, паведаміў прэс-сакратар Парашэнка Святаслаў Цаголка ў Twitter.
«Праект „Наваросіі“ быў пахаваны. Украіна адновіць суверэнітэт над Данбасам і Крымам», — заявіў Пятро Парашэнка.
Віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка адказала на просьбу Свабоды пракамэнтаваць заяву Захарчанкі: «Я не камэнтую заявы тэрарыстаў і шызафрэнікаў. Зашмат пашаны будзе».
Масква не зразумела
Ініцыятыва аб заснаваньні Маларосіі не знайшла паразуменьня ў Маскве. Так, старшыня камітэту Дзярждумы ў справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі Леанід Калашнікаў сказаў «Інтэрфаксу», што заяву Захарчанкі «можна зразумець па-чалавечы, але не з пункту гледжаньня менскіх пагадненьняў пра ўрэгуляваньне сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны». На яго думку, кіраўніку ДНР варта быць «больш асьцярожным у падобных рэчах».
«ЛНР» не падтрымала
Кіраўніцтва самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» ня брала ўдзел у падпісаньні дакумэнтаў па «Маларосіі», перадае РБК.
Прадстаўнік «Народнага савету ЛНР» Уладзімер Дзегцярэнка заявіў, што «ЛНР» не накіроўвала сваіх дэлегацыяў у Данецк, нават ня ведалі аб плянах па правядзеньні нейкіх паседжаньняў па тэме «Маларосіі».
Паводле яго, мэтазгоднасьць стварэньня такой «дзяржавы» выклікае «вялікія сумневы», а «ЛНР» выконвае Менскія пагадненьні і ня бачыць ім альтэрнатывы.
«Гэта таксама і псыхалягічная падрыхтоўка насельніцтва»
Паводле прэзыдэнта Цэнтру дасьледаваньняў палітычных каштоўнасьцяў (Кіеў) Алеся Данія, такія заявы правадыра так званай «ДНР» выкліканыя тым, што «самадзяржаўнасьць самаабвешчаных рэспублік» зайшла ў тупік.
«Гэтая заява ідзе ў рэчышчы пуцінскай палітыкі, якая ўжо прасоўваецца ў Менску, па ператварэньні Ўкраіны ў канфэдэратыўную дзяржаву. Гэта таксама і псыхалягічная падрыхтоўка насельніцтва гэтак званых „ЛНР-ДНР“ да таго, што існуючыя ўтварэньні не арыентуюцца на далучэньне да Расеі і не зьбіраюцца стала жыць у тым абмежаваным тэрытарыяльным складзе, які цяпер ёсьць, і наагул рыхтуюцца да далучэньня да асноўнай тэрыторыі Ўкраіны пад уласным ідэалягічным ухілам, то бок не выконваючы волю Украіны, а наадварот, навязваючы ідэалёгію для іншай часткі ўкраінскай тэрыторыі», — мяркуе экспэрт.
У той жа час Даній перакананы, што заява сьведчыць пра гатоўнасьць самаабвешчаных уладаў разглядаць сябе ў складзе Ўкраіны.
«Гэта заява не пра ілюзорную дзяржаўную Маларосію. Калі яе прааналізаваць, то там дакладна падкрэсьліваецца, што гэтую дзяржаву аб’явілі прадстаўнікі ўкраінскіх тэрыторый за выключэньнем Крыму, абвясьцілі правапераемніцай Украіны, і яны не прэтэндуюць на далучэньне да Расеі. Гаворка ідзе пра іншы праект „Украіны“. Тут ёсьць пэўныя небясьпекі, бо можа быць створаная ілюзія праўкраінскасьці для часткі элітаў „ЛНР-ДНР“», — патлумачыў прэзыдэнт Цэнтру дасьледаваньняў палітычных каштоўнасьцяў.
***
Узброены канфлікт на Данбасе пачаўся ў красавіку 2014 году пасьля анэксіі Расеяй Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы баевікоў, накіраваньні на Данбас зброі і кадравых вайскоўцаў, аднак Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае. Частка Данецкай і Луганскай абласьцей, у прыватнасьці гарады Данецк і Луганск, кантралююць прарасейскія баевікі. З 2014 году ў Менску ідуць перамовы аб урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.
Прадстаўнікі Расеі на працягу апошніх гадоў, камэнтуючы ўзброены канфлікт на Данбасе, ужываюць тэрмін «паўднёвы ўсход Украіны». Крамлёўскія прапагандысты ў пачатку канфлікту заяўлялі пра намер захапіць восем абласьцей Украіны і стварыць так званую «Новаросію». Узброеныя сілы Украіны спынілі і блякавалі прарасейскія сілы ў Данецкай і Луганскай абласьцях, не дазволіўшы прасунуцца далей.