У выніку выбуху ў кавярні «Сепар» ў цэнтры Данецку загінуў кіраўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандар Захарчанка. Пра гэта паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў апараце кіраўніка ДНР.
Пра гібель Захарчанка таксама паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў сілавых ведамствах рэспублікі, а таксама сэпаратысцкія СМІ са спасылкай на «адміністрацыю Захарчанкі».
Сьмерць Захарчанкі пацьвердзіла і Служба бясьпекі Ўкраіны.
«Па нашай інфармацыі гэта адпавядае рэчаіснасьці. Мы лічым гэта вынікам міжусобных войнаў», — сказала прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская «Украінскай праўдзе».
«Інтэрфакс» таксама паведамляе, што ў выніку выбуху раненьне атрымаў міністар падаткаў і даходаў ДНР Аляксандр Цімафееў.
Раней 31 жніўня карыстальнікі сацыяльных сетак паведамілі аб выбуху ў Данецку.
Аляксандру Захарчанку было 42 гады. Падчас прарасейскіх выступленьняў на ўсходзе Ўкраіны ён кіраваў данецкім аддзяленьнем харкаўскага байцоўскага клюбу «Апора». 16 красавіка 2014 ён узначаліў групу, якая заняла будынак гарадзкой адміністрацыі Данецку.
У лістападзе 2014 года Захарчанка стаў кіраўніком так званай «ДНР» па выніках арганізаваных сэпаратыстамі «выбараў». Ягоны подпіс стаіць пад Менскімі пагадненьнямі аб мірным урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе. Сам ён неаднаразова заяўляў, што гатовы «дайсьці да Кіева».
«Інтэрфакс» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што сэпаратысты ў Данецку затрымалі некалькіх чалавек, якіх падазраюць у датычнасьці да гібелі Захарчанкі. Яны сьцьвярджаюць, што гэта " украінскія дывэрсанты«.
Раней у Данецку пры розных абставінах былі забітыя вядомыя палявыя камандзіры сэпаратыстаў — грамадзянін Расеі Арсен Паўлаў («Матарола») і Міхаіл Талстых («Гіві»). Шэраг вядомых камандзіраў сэпаратыстаў былі забітыя таксама ў Луганску і Луганскай вобласьці. Сэпаратысты, як правіла, ускладаюць адказнасьць за іх гібель на Ўкраіну. У той жа час, ёсьць і вэрсіі, што забойствы зьдзяйсьняліся ў барацьбе за ўплыў паміж рознымі групоўкамі сэпаратыстаў.