Мыты ў 104% для Кітаю набываюць сілу сёньня апоўначы, заявіла Левіт.
«Такія краіны, як Кітай, якія вырашылі адпомсьціць і паспрабавалі ўдвая пагоршыць сваё стаўленьне да амэрыканскіх рабочых, робяць памылку. У прэзыдэнта Трампа сталёвы хрыбет, і ён не зламаецца», — заявіла Левіт.
Паводле яе, Дональд Трамп лічыць, што Кітай павінен заключыць угоду з ЗША і што Кітай «хоча заключыць угоду, яны проста ня ведаюць, як гэта зрабіць».
Пасьля гэтай аб’явы Белага дому цэны акцыящ на біржах ЗША пачалі зьніжацца, адзначае агенцтва Reuters.
- 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне гандлёвых мытаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, мыта ЗША для тавараў з Кітаю склала 34%. Імпарт з краін Эўразьвязу ЗША абклалі 20-працэнтным мытам, для Вялікай Брытаніі вызначылі 10%, для шэрагу краін мыты дасягнуць 40 і больш працэнтаў.
- Беларусі й Расеі ў сьпісе няма. Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што Расея не фігуруе ў гэтым сьпісе, бо санкцыі ЗША ўжо «выключаюць магчымасьць значнага гандлю», а «Куба, Беларусь і Паўночная Карэя — паколькі наяўныя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія».
- Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 3 красавіка заявіла, што «Эўропа гатовая адказаць» на ўведзеныя прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам мыты. Як стала вядома Reuters, ЭЗ ужо падрыхтаваў сьпіс тавараў з ЗША, на які плянуюць увесьці дадатковыя мыты, галасаваньне аб мерах у адказ чакаецца 9 красавіка.
- Кітай таксама абяцаў прыняць «жорсткія контразахады» ў адказ на мыты ЗША. 4 красавіка Кітай аб’явіў пра ўвядзеньне мытаў у 34% на ўсе амэрыканскія тавары ў адказ на дзеяньні Трампа. Акрамя таго, Пэкін дадаў 16 кампаніяў ЗША ў сьпіс экспартнага кантролю і абмежаваў экспарт тавараў, зьвязаных з рэдказямельнымі элемэнтамі.
Форум