Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб не звар’яцець». Як у Беларусі працуе група дапамогі парадзіхам


Сямʼя ініцыятаркі групы дапамогі Анастасіі Навіцкай
Сямʼя ініцыятаркі групы дапамогі Анастасіі Навіцкай

«Гэта той дзень, калі пачынаецца гістэрыка, бо ў хаце бардак. Ты ўбачыла сябе ўпершыню ў люстэрку, і гэта не „інстаграмна“ ні храна. Плюс ляктастаз, калі хочацца адрэзаць грудзі. Сьлёзы ад усяго», — кажа адна маці. Для такіх дзён пасьля родаў мянчанка Анастасія Навіцкая прыдумала групу дапамогі, якая нагадвае старадаўнія адведкі.

Суполка «Жанчыны разам» дзейнічае ўсяго некалькі тыдняў праз групу ў Facebook.

«Мы дапамагаем жанчынам у першы пасьляродавы пэрыяд не звар’яцець. Часам стан сапраўды блізкі да гэтага», — кажа ініцыятарка суполкі Анастасія Навіцкая.

Анастасія Навіцкая
Анастасія Навіцкая

Хто можа прасіць аб дапамозе?

Жанчыны пасьля родаў, пакуль дзіцяці ня споўніцца тры месяцы.

Чым мамам могуць дапамагчы?

Згатаваць ежу для сям’і, у якой нарадзілася немаўля, і прывезьці дадому. Прыбраць у хаце. Схадзіць па прадукты ў краму. Падвезьці маці зь дзіцем у паліклініку або па іншых справах. Пракансультаваць наконт кармленьня грудзямі. Дапамагчы накладаць сьлінг. Правесьці прафэсійную кансультацыю, калі маці цяжка ў псыхалягічным пляне. Паспрыяць у іншых патрэбах.

Чым ня могуць дапамагчы?

Умова групы: не прасіць грашовай дапамогі.

Ці трэба плаціць?

Не. Падзяку можна выказаць словамі пры сустрэчы. Напісаць пост удзячнасьці ў суполку ў Facebook. Дапамагчы ў будучым іншым мамам. Але ўсё гэта не абавязкова.

Хто можа стаць валянтэрам і што яны робяць?

Кожны ахвотны дарослы, не абавязкова гэта жанчыны. Валянтэры дапамагаюць, калі могуць, чым могуць і наколькі могуць.

Як стаць удзельнікам ініцыятывы?

Зайсьці ў суполку «Жанчыны разам» і запоўніць анкету або маці, якая просіць аб дапамозе, або валянтэра.

«Раптам набягае адчай»

Анастасіі Навіцкай зь Менску 35 год. Ейная сям’я — муж і чацьвёра дзяцей: Варвары 15 год, Валерыі — 12, Уладзімеру — 1 год 9 месяцаў, малодшая Сафія нарадзілася на пачатку ліпеня.

Анастасія — юрыстка па адукацыі. Апошнія тры гады працуе доўлай — суправаджае жанчын падчас цяжарнасьці, родаў і пасьля нараджэньня дзіцяці. Праводзіць для іх гімнастыку, пасьляродавае спавіваньне жанчын, дапамагае аднаўляцца, ладзіць сустрэчы, дзе можна абмеркаваць усё, што тычыцца родаў і сям’і. Узначальвае некамэрцыйнае аб’яднаньне падтрымкі сям’і «Нараджэньне».

«Гэта далікатны стан. Раптам набягае адчай, бо не ўпраўляесься зь дзіцем, дома ўсё дагары нагамі. Ня ведаеш, куды бегчы. І тады будзеш прасіць любой дапамогі», — кажа Наста пра цяжкія моманты пасьля нараджэньня дзіцяці.

У такой сытуацыі ўласныя бацькі не заўсёды могуць дапамагчы. Часам не разумее нават муж, як жонка ў дэкрэце можа сабе ня радзіць. І тады варыянт — зьвярнуцца па дапамогу да іншых людзей.

Вучыліся ў ізраільскай «Каструлькі»

Беларуска спрабавала запусьціць падобны праект раней, калі нарадзіла трэцяе дзіця. Але тады ён не «зайшоў». Гэтым разам водгук значна мацнейшы. Валянтэраў ужо больш за 90 чалавек з усёй Беларусі. Маці, якія папрасілі дапамогі, больш за дзесяць. Агулам у суполцы ў сацсетках звыш 800 чалавек.

Анастасія перад аднаўленьнем праекту пракансультавалася з аўтарам падобнай ініцыятывы ў Ізраілі пад назвай «Кастрюлька_il», якая пасьпяхова дзейнічае паўгода. Схему працы мянчанка пераняла адтуль. Яна прымае запыт маці аб дапамозе і перадае яго ў групу валянтэраў. Хто можа і хоча, адгукаецца і дапамагае.

Жанчына кажа, што, у адрозьненьне ад ранейшага досьведу, цяпер яна спачатку знайшла тых, хто зможа дапамагаць, і толькі потым — тых, каму дапамога патрэбная. Мяркуе, што разьвіцьцю групы дапамагае «маркетынг»: распаўсюд інфармацыі ў іншых тэматычных суполках для маці і цяжарных жанчын.

Сярод валянтэраў — шмат маці

Зьвяртаюцца па дапамогу ня толькі маладыя маці першынцаў, але і шматдзетныя маці, жанчыны зь невялікай розьніцай паміж малодшымі дзецьмі, разьведзеныя — усе, хто не ўпраўляецца з тых ці іншых прычын. Хтосьці не пасьпявае гатаваць для вялікай сям’і, нехта — зрабіць дома парадак, іншая дае рады хатняй працы, але не вытрымлівае эмацыйна.

Партрэт тыповай валянтэркі ў праекце — маці з малымі дзецьмі. У адрозьненьне ад жанчын у патрэбе, іхнія дзеці крыху падрасьлі, яны самі акрыялі і гатовыя дзяліцца.

«Валянтэркі часта пішуць у анкетах, што самі прайшлі празь вельмі цяжкі час, калі ім патрэбная была дапамога, але яны яе не атрымалі. Таму разумеюць, чаму яна настолькі важная», — тлумачыць Анастасія.

Адна з валянтэрак Віка Біран ня мае ўласных дзяцей. Абвестку ўбачыла ў інтэрнэце. Кажа, што апошнім часам ёй дапамагалі розныя людзі. І ёй самой захацелася быць той, хто дапамагае. Яна мяркуе, што праблеме пасьляродавага стану аддаецца ня надта шмат увагі.

Віка Біран
Віка Біран

«Я раней зь ёй не сутыкалася і не ўяўляла, як сябе адчуваюць маладыя маці, на што ім хапае часу», — кажа яна.

Сярод тых, хто запоўніў анкету, ёсьць адзін мужчына. Але ён пакуль назірае і яшчэ не адгукаўся на просьбы. Для ініцыятаркі праекту важны ня пол, а тое, каб удзел быў без іроніі.

«Я б не хацела, каб мужчыны, якія не разумеюць, як гэта цяжка, нешта камэнтавалі ў групе, абясцэньвалі. Аднаго я ўжо забаніла. Ён пісаў, што цяжарны, прыгатаваў суп і запрашаў памыць яму посуд», — суразмоўца ўзгадвае гэта як выключэньне.

Кормяць звычайным супам і перапёлкамі

Самая галоўная дапамога ў праекце цяпер — у выглядзе ежы. Кажуць, што для парадзіх ёсьць асаблівае мэню, якое дапамагае хутчэй аднаўляцца, сагравае жанчыну. Аднак кожны гатуе, як умее. Абмежаваньняў па ежы няшмат. Маці пазначае ў анкеце, чаго сям’я не ўжывае (прыкладам, мяса) і на што ёсьць алергія. Астатняе валянтэр абірае сам.

Гэта можа быць просты суп, які чалавек гатуе для сваёй сям’і. Звычайна на гэтым не спыняюцца, а прыносяць яшчэ другую страву, пірог, кампот.

Аб’ём прынята разьлічваць ня толькі на маці, але і на ўсіх сямейнікаў. Колькі іх, вядома з анкеты.

Анастасія і раней насіла торбачкі знаёмым, якія нарадзілі. Абавязкова гатавала самы просты суп, які б пасаваў усім. Адной маме прынесла запечаных перапёлак, бо прачытала, што пасьля родаў добра іх есьці. Тая паспытала іх першы раз у жыцьці. Ёй вельмі спадабалася.

«Цяпер яна мне прынесла перапёлак пасьля нараджэньня малодшай. Такія моманты застаюцца ў памяці надоўга», — кажа суразмоўца.

Віка Біран гатавала з таго, што было ў лядоўні. Бязь мяса, бо вэгетарыянка, але сытна. Выйшла салата з буракоў, арэхаў і казінага сыру, бульба з гароднінай і вытрыманым сырам, тварожная запяканка з разынкамі і сухафруктамі, адыгейскі сыр зь зелянінай.

Справа ня ў ежы

Насамрэч справа ня толькі і ня столькі ў ежы. Мамы, якія атрымалі дапамогу, кажуць пра яе надзвычай эмацыйна і ўдзячна, як пра цуд.

«Мне было вельмі смачна. Гэта болей маральная падтрымка, а не матэрыяльная», — прызнаецца Наста.

Пачастунак ад Вікі Біран даехаў да маці трох дзяцей Кацярыны Звонкінай. Самаму малодшаму тры месяцы.

«Вы ня проста прывезьлі найсмачнейшай ежы. Вы вярнулі мне пачуцьцё, што ёсьць яшчэ на сьвеце дабро, суперажываньне, спагада і надзея на лепшае! Які цуд — ведаць, што табе нічога ня трэба гатаваць на вячэру. І гэты час можна не разрывацца на часткі паміж усім, а пабыць зь дзецьмі», — кажа Кацярына.

Да маці двух дзяцей Юліі Цялегінай (малодшы зусім нядаўна нарадзіўся) прыехала валянтэрка Даша з баршчом, катлеткамі, бульбай і шарлёткай.

«Гэта радасьць, сьлёзы і вялікая ўдзячнасьць. Гэта больш, чым ежа, падтрымка або дапамога. Гэта ня даць памерці маральна ў першыя дні», — кажа Юлія.

«Простая, але вельмі глыбокая дабрыня»

Пакуль праект толькі нарадзіўся. Ці дазволяць беларусы і беларускі яму вырасьці? Ці гатовае да яго нашае грамадзтва?

Аказваецца, гэта залежыць ня толькі ад валянтэраў.

«Цяпер прапановаў дапамогі ў восем разоў больш, чым патрэбаў. Пакуль не было такога, каб ніхто не адгукнуўся на просьбу», — кажа Анастасія.

Праўда, асноўнае, на што хапае сілаў, — пакарміць. Некаторых мам — па некалькі разоў на тыдзень. І так, пакуль малому ня споўніцца месяц.

Ці ня будуць жанчыны ашукваць і нажывацца на чужой дабрыні? Аўтарка праекту кажа, што ў Ізраілі іх ніхто не правярае. Давяраюць. Нават калі нехта змахлюе, гадамі карміць ня будуць — усяго месяц, максымум тры.

Віка Біран мяркуе, што такой дапамогі просяць людзі, якім яна сапраўды патрэбная. Віка цэніць праект за адсутнасьць спажывецкіх, грашовых адносін.

«Гэта простая, але вельмі глыбокая дабрыня, якой так мала бывае, і такіх трапяткіх адносінаў», — кажа яна.

Складана прызнаць сябе неідэальнай

Цяжэй аказваецца з просьбай аб дапамозе. Мамы кажуць, што складана прызнаць сябе неідэальнай, дазволіць сабе не ўпраўляцца з побытам, зь дзецьмі. Некаторых асуджаюць мужы — маўляў, навошта напружваць незнаёмых.

Іншым ня хочацца пускаць трэціх людзей у сваё жыцьцё, тым больш у такі асаблівы час. Прыкладам, прыняць ежу ад іншых — так, але падмесьці ці выцерці пыл — лепей сама.

Добра, відаць, разумеюць сытуацыю маці, якія ўжо перажылі падобную безвыходнасьць, бязраднасьць. Разумеюць, што гэта ня сорамна, а нармальна ў гэты пэрыяд. І гатовыя ахвотна падтрымліваць іншых.

Новая, але старая ідэя пра адведкі

Насамрэч, ежа для маці — ня новая ідэя. Яна нагадвае старадаўні беларускі звычай — адведкі. У першы тыдзень жанчыны прыносілі ў дом парадзіхі збаночкі зь ежай. Ніхто не заходзіў у хату, не глядзеў на дзіця. Пачастункі пакідалі пры ўваходзе. Сама жанчына ляжала і нават магла ня ўстаць прывітацца.

«Нашыя валянтэры гэтаксама прыходзяць, ставяць торбачку і сыходзяць. Ніхто асабліва не глядзіць на цябе, на дзіця», — кажа Наста.

Пакуль праект нібы падтрымлівае сябе сам. Жанчыны, якія атрымалі нечаканую дапамогу, выказваюць вялізную ўдзячнасьць і абяцаюць: «Я толькі крыху стану на ногі і абавязкова буду дапамагаць іншым так, як дапамагалі мне».

Як беларусы рабілі свой дом утульным і шчасьлівым?

«Яны адбіраюць у нас роды». Тры маці пра змаганьне з акушэрскім гвалтам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG