Удзельніцы — Вера Фралова, якая ініцыявала клюб «28 вочкаў. Беларусь», сябры якога вяжуць ваўняныя рэчы, каб хутчэй абудзіць да жыцьця неданошаных дзяцей, вядучая і пісьменьніца Тамара Лісіцкая, якая шмат гадоў дапамагае цяжкахворым дзецям і дзецям-сіротам, рэдактарка парталу TUT.BY Алена Андрэева, якая ініцыявала вялікую акцыю па ўсёй краіне «Сьнегавікі для Андрушы», каб дапамагчы хвораму хлопчыку.
Лісіцкая: 10 гадоў таму журналістка прапанавала прыехаць у дзіцячы анкацэнтар з канцэртам
Ганна Соўсь: Тамара, вы вельмі заняты чалавек — вядучая, пісьменьніца, сцэнарыстка, шматдзетная маці, пры гэтым вы вельмі шмат свайго вольнага часу і даволі даўно ўжо прысьвячаеце дабрачыннасьці, добрым справам, рэалізаваць якія вам дапамагае ваша ж папулярнасьць. Калі і чаму вы вырашылі, што трэба больш аддаваць, чым браць ад жыцьця?
Тамара Лісіцкая: Я не фармулюю гэта так для сябе, што «я больш аддаю, чым атрымліваю». Першапачаткова ёсьць нейкі імпульс, а потым адбываюцца пасьлядоўныя зьмены ў адносінах да гэтага ўсяго. На пэўным этапе людзі сыходзяць, ці вяртаюцца. Заўсёды ёсьць нейкая траекторыя. На сёньняшні дзень я ведаю, што гэта трэба рабіць, што гэта мой абавязак. У мяне можа ня быць настрою ці часу, але я дакладна ведаю, што калі я прапушчу... Гэта як з улюбёнай гаспадаркай: мяне ніхто не абавязвае гэта рабіць, але калі я прапушчу пэўныя справы, то адпаведна да вечара будзе катастрофа. Тут дакладна так жа. Гэта мая адказнасьць, я павінна зрабіць гэтыя рэчы... Першасны — запыт...
Ганна Соўсь: Які быў у вашым выпадку быў першапачатковы імпульс? І калі?
Тамара Лісіцкая: Гэта было ў 2007-м годзе, на адным з мерапрыемстваў да мяне падышла дзяўчына-журналістка і прапанавала прыехаць у дзіцячы анкацэнтар, дзе ў яе працавала мама, і прапанавала правесьці мерапрыемства для дзетак, што-небудзь вясёлае. Мне было спачатку вельмі дзіўна гэта чуць, як любому чалавеку з боку, які ніколі не датыкаўся да гэтай тэмы. У прынцыпе тэма шпіталя, анкацэнтру шакуе нават на ўзроўні «пачуць». А ўжо потым пачынаеш думаць, як туды паехаць, а навошта ім гэты канцэрт патрэбны, і г.д. Я паехала. Ну і ўласна 10 год прайшло, і мы рэгулярна вялікай кампаніяй пастаянна там, далучаюцца новыя людзі... І канцэрты — гэта адна з задач, якія мы імкнёмся вырашыць. Мы дакладна ведаем, што канцэрты там вельмі патрэбныя.
Ганна Соўсь: І вас гэта ўжо ніяк не шакуе, ані гэтыя словы, ані ўваход у гэты будынак? Зь якімі пачуцьцямі вы заходзіце туды?
Тамара Лісіцкая: Не, канешне. Для гэтага і трэба туды трапіць. І пра гэта трэба ведаць.
Фралова: Калі б я ведала тады, што маёй дачцэ трэба апрануць ваўняныя калючыя шкарпэткі
Ганна Соўсь: Вера, раскажыце пра гісторыю стварэньня клюбу «28 вочкаў. Беларусь». Як узьнікла ідэя дапамогі неданошаным дзецям такім адначасна практычным і сымбалічным спосабам як вязаньне?
Вера Фралова: Клюб «28 вочкаў. Беларусь» — гэта наогул не мая ідэя. Упершыню такі клюб зьявіўся ў Казахстане, а мне знаёмая з Казахстану расказала пра яго. Я зацікавілася і стала высьветляць, ці шмат неданошаных дзяцей нараджаецца ў краіне, ці патрэбныя рэчы для такіх дзяцей, ці возьмуць у нашых шпіталях гэтыя рэчы. У клюбе «28 вочкаў. Беларусь» вяжуць шапачкі, шкарпэткі, камізэлькі, пледзікі, цацкі цудаасьміножкі. Гэта вопратка са 100%-й воўны, цацкі са 100%-й бавоўны. Я стала вязаць, потым пазваніла ў цэнтар «Маці і дзіця» і пагаварыла з загадчыцай аддзяленьня. Яна сказала, што з задавальненьнем прыме рэчы, і ня толькі шкарпэткі. І вось у ліпені сёлета я ўпершыню адвезла рэчы ў цэнтар «Маці і дзіця». Потым адна вязальшчыца перадала мне дзьве шапачкі, я іх адвезла, з задавальненьнем узялі і адзелі на дзяцей. Цяпер мы ўжо возім шкарпэткі, шапачкі, цацкі. Многія вязальшчыцы адгукнуліся, і мы перадаём у шпіталі і камізэлькі, і пледзікі. У аддзяленьнях, канешне, гэта ўсё не апранаюць, але мы перадаём у палаты сумеснага знаходжаньня з мамамі, бо дзеці ў палатах таксама доўга знаходзяцца на рэабілітацыі, па месяцы два.
Ганна Соўсь: А ў вас гэта было зьвязана з нейкай асабістай гісторыяй?
Я вырашыла аб’яднаць вязальшчыц Беларусі, каб расказаць усім пра ўплыў воўны.
Вера Фралова: У мяне дачка нарадзілася даношаная, але яна пасьля родаў трапіла ў рэанімацыю. Я памятаю свой стан, я памятаю стан дачкі, калі яна ляжала ў кувезе такая бездапаможная безабаронная... І яна ў мяне ўвесь час спала, я не магла ніяк абудзіць яе, нават калі мне яе аддалі ў палату. Калі б я ведала тады, што маёй дачцэ трэба апрануць ваўняныя калючыя шкарпэткі, каб яна глыбока не спала, то я б ёй навязала цэлую гару шкарпэтак.
І таму я вырашыла аб’яднаць вязальшчыц Беларусі, каб расказаць усім пра ўплыў воўны. І мамам расказаць, бо гэта ўжо ўсё забываецца. Ёсьць меркаваньні, што патрэбны акрыл, паўвоўна, і воўна ўжо мала дзе выкарыстоўваецца. Нават у крамах кажам: патрэбен маток воўны для шкарпэтак. Вы што, звар’яцелі, шкарпэткі са 100%-й воўны ня вяжуць! Мы такое чуем у крамах. Вось я ўзгадала, як пяць гадоў таму я сядзела каля кувезу, плакала і ня ведала, як дапамагчы сваёй дачушцы. Таму я хачу дапамагчы дзеткам — гэта першае, а другое — зьвярнуць увагу людзей адзін на аднаго. У нас у краіне людзі любяць атрымаць, а ўзамен мала хто хоча аддаць.
Андрэева: У нас ёсьць спэцыяльны разьдзел help.blog.tut.by, на якім мы зьбіраем інфармацыю пра тых, каму неабходная падтрымка
Ганна Соўсь: Алена, у журналістаў, у папулярных СМІ значна больш магчымасьцяў, чым у звычайных людзей прасоўваць дабрачынныя ініцыятывы. Які найгалоўны досьвед вы атрымалі ад акцыі «Сьнегавікі для Андрушы», калі з вашай ініцыятывы па ўсёй краіне людзі вельмі крэатыўным спосабам падтрымалі хворага хлопчыка?
Алена Андрэева: Акцыя адбылася 2 гады таму, у 2015-м годзе, скончылася толькі ў 16-м годзе, калі апошнія сьнегавічкі «паехалі» у Расею да сваіх замоўцаў. Усё цягнулася досыць доўга. Што тычыцца майго досьведу, то для мяне найперш было важна ўцягнуць свайго сына, якому тады было пяць гадоў, каб ён паўдзельнічаў у нечым важным. Я — удава ў першым шлюбе, і нам з дзіцём аказвалі вялікую дапамогу і падтрымку шматлікія людзі, якія не былі нам блізкімі. Мне вельмі хацелася б, каб малы сын ужо праз некаторы час пасьля нашай трагедыі змог спрычыніцца да нейкай добрай справы ў дачыненьні да хлопчыка, які быў ня надта маладзейшы за яго.
Штодня TUT.BY атрымлівае некалькі дзясяткаў просьбаў аб дапамозе. Натуральна, што дапамагчы ўсім абсалютна мы ня можам. У нас ёсьць спэцыяльны разьдзел help.blog.tut.by, на які мы зьбіраем інфармацыю пра дзетак і дарослых, якім неабходная грашовая падтрымка. Вельмі часта для герояў нашых публікацыяў самі чытачы, карыстальнікі парталу прапаноўваюць розную дапамогу, грашовую і не грашовую Я заўжды кіравалася прынцыпамі актыўнага ўдзелу нашых карыстальнікаў у акцыях дапамогі. І «Сьнегавічкі для Андрушы» — гэта адна з такіх акцыяў. Пасьля была акцыя падтрымкі для дзіцячага хосьпісу, потым пасьля ўрагану, стыхіі, якая абрынулася на Беларусь 13-га ліпеня, мы зьбіралі добраахвотнікаў, якія езьдзілі разьбіраць завалы для пацярпелых. Асабіста я таксама зьбірала людзей, якія езьдзілі саджаць лес пасьля той жа стыхіі. Мне вельмі важна, каб людзі ўдзельнічалі больш чым проста нейкім грашовым пераводам, седзячы каля кампутара ці ідучы ў банк. Гэта мая пазыцыя ў тым, як падтрымліваць дабрачынныя ініцыятывы.
Лісіцкая: Ёсьць людзі, гатовыя замест навагодняга карпаратыву патраціць грошы на хворых дзяцей
Ганна Соўсь: У Беларусі замежная гуманітарная дапамога даволі даўно ўжо абкладаецца падаткамі. У дадзеным выпадку мы гаворым ня толькі пра грошы. А як у вашым выпадку адбывалася і адбываецца супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі? Вам не перашкаджаюць, дапамагаюць, ці кожны сам дзейнічае сам па сабе?
Тамара Лісіцкая: Дзіцячы анкацэнтар — гэта дзяржаўная структура зь вельмі строгім сацыяльным рэглямэнтам. І яны ідуць насустрач. Мы працуем са ўзаемнай згодай і задавальненьнем. Мы, валянцёры, прапаноўваем ці сьвята правесьці, ці ў нас зьявіліся жадаючыя прывезьці кнігі... З боку цэнтру адбываецца праца з паперамі, калі ёсьць такая неабходнасьць, з санітарнымі нормамі, удакладненьнем даты канцэртаў. Гэта праца, якую трэба некаму рабіць. І мы вельмі ўдзячныя, што супрацоўнікі, уключаючы ўсю адміністрацыю, ідуць нам насустрач. Адпаведна зь іх боку ёсьць такі ж запыт, калі нам паведамляюць пра магчымыя даты, сьвяты, калі няма карантыну, калі можна і трэба правесьці канцэрт. І гэта ня толькі канцэрт, мы прывозім падарункі, праводзім майстар-клясы. Гэта сур’ёзная падзея, якая арганізуецца на розных узроўнях. І ёсьць цудоўная душэўная сувязь на тым канцы дроту, калі прадстаўнікі дзяржструктуры, псыхолягі паведамляюць, што, напрыклад, ёсьць вострая неабходнасьць да заўтрашняга дня адшукаць цацку для дзіцяці пасьля апэрацыі, ці яшчэ нейкую рэч. Удакладняецца, якога памеру цацка, у такую палату. А з нашага боку ідзе канкрэтны пошук.
Гэтыя адносіны ў нас наладжаныя, мы ведаем, што можна зрабіць, што нельга зрабіць паводле санітарных нормаў і паводле розных іншых парамэтраў. Што тычыцца структур іншага ўзроўню... Час ад часу былі запыты ад арганізацый, якія гандлююць самымі рознымі рэчамі, якія самі прапаноўвалі прывезьці нешта дзецям ці закупіць да нейкага сьвята. Нас запытваюць, што ў прынцыпе патрэбна, і ёсьць тыя, хто замест навагодняга карпаратыву гатовыя патраціць грошы на кагосьці з дзяцей. Я б яшчэ хацела падзякаваць рэдактарам, журналістам, якія таксама адносяцца да дзяржаўных структураў, якія нас падтрымліваюць інфармацыйна...
Вера Фралова: Мы перадаём рэчы ў шпіталь дактарам, да дзяцей у нас доступу няма. Пазытыўныя зносіны. Я — сябра арганізацыі «Рэспубліканскае таварыства бацькоў неданошаных дзяцей», мы супрацоўнічаем з аналягічнай арганізацыяй «Рано».
17-га лістапада быў дзень неданошанага дзіцяці, мы сумесна арганізавалі сьвята для неданошаных дзяцей, разьвезьлі падарункі для мам і дзяцей па ўсіх шпіталях Менску, у абласны шпіталь Гомеля, у Салігорскі шпіталь. На гэтым тыдні падарункі панясуць валянцёры ў Пінску і Берасьці. Наладжваем сувязь са шпіталямі ў Магілёве, у Віцебску і Горадні.
Алена Андрэева: Збольшага мы ў TUT.BY арыентуемся на тое, каб рабіць нейкія добрыя справы разам з нашымі карыстальнікамі, досыць часта адгукаюцца і самі дзяржструктуры, каб дапамагчы. Але дабрачыннасьць у тым і палягае, каб дамовіцца, каб зрабіць добрую справу.
Тут пытаньне ў тым, наколькі перамоўнікі разумеюць адзін аднаго. Найчасьцей, калі такая дапамога патрэбная, канешне дзяржструктуры ідуць насустрач. Шмат такіх прыкладаў ёсьць, ад дапамогі бабулі, якая набыла сабе пад жытло непрыдатнае сельпо, да высадкі лесу, бо гэта таксама ўсё трэба ўзгадніць з міністэрствам. Пытаньне толькі ў тым, ці абодва бакі, якія ўключаюцца ў справу, гатовыя дзеля гэтай справы ахвяраваць свой час, сілы, нейкія выдаткі і г.д.
«Практычна ўся мая стужка ў шчыльнай і нефармальнай працы маленькіх грамадзянскіх суполак»
Ганна Соўсь: Якія беларускія дабрачынныя ініцыятывы — разавыя альбо шматгадовыя — вам найбольш сымпатычныя? І якіх ініцыятываў, з вашага пункту гледжаньня, бракуе ў Беларусі?
Тамара Лісіцкая: Я бачу вельмі шмат лякальных ачагоў такой ініцыятывы. У мяне такая выбарка сяброў у інтэрнэце, што ў кожнага практычна ёсьць свая лякацыя, дзесьці хтосьці дапамагае прытулку для бяздомных жывёл, практычна ўся мая стужка ў шчыльнай і нефармальнай працы маленькіх самых розных грамадзянскіх суполак. Ад тых, хто езьдзіць штомесяц у дамы для старых, да тых, хто даглядае сквэры. Таму я жыву ў поўным адчуваньні ціхай радасьці ад таго, што вакол шмат добрых людзей.
Вера Фралова: Я займаюся дапамогай дзяцям, таму для мяне любая дапамога дзецям — гэта самае важнае. Дзеці невінаватыя ні ў чым, і ім патрэбная дапамога, калі яны яе патрабуюць. Гэта — самае галоўнае. Я слухаю цяпер Тамару... Я таксама езьдзіла ў анкацэнтар, калі вучылася ў інстытуце. Я вельмі яе разумею. Жаданьне дапамагчы і хоць неяк разнастаіць жыцьцё гэтых дзетак, і тое, што мы робім, вяжам, дапамагаем — гэта самае галоўнае.
Алена Андрэва: Я падтрымаю Тамару ў думцы пра тое, што, на шчасьце, беларусы сталі больш актыўна ўдзельнічаць і самі арганізоўваць дабрачынныя ініцыятывы. Ці то гаворка будзе весьціся пра вазок для Дашы Ліс, ці пра падтрымку ЦЭХу, ці пра дапамогу бадзяжным жывёлам, ці пра падтрымку неданошаных дзетак. На шчасьце, дзякаваць Богу, людзі, нават не афішуючы моцна, у сваіх унутраных колах знаёмстваў і прыяцеляў, нярэдка гэтыя колы не выходзяць далей за сацыяльныя сеткі, умеюць самаарганізавацца, сабраць грошы і нешта зрабіць якасна і тады, калі гэта патрэбна. Не ідучы кудысьці біць гучна ў званы, а проста разумеючы, што ёсьць канкрэтная сытуацыя, канкрэтныя людзі з канкрэтным запытам на дапамогу. І гэтую дапамогу мы, беларусы, на шчасьце ўжо ўмеем аказаць адзін аднаму.
«З00 пар шкарпэтак, 300 шапачак, 150 камізэлек, 50 пледзікаў, 60 цацак»
Ганна Соўсь: Тамара, Вера, а маглі б падзяліцца калі не статыстыкай, але пэўнымі вынікамі вашых добрых справаў — колькім дзеткам дапамаглі ўжо, ці напрыклад, колькі шкарпэтак было зьвязана, хаця натуральна ня лічбамі вымяраюца добрыя справы, але тым ня менш давайце зробім спробу падсумаваньня.
Тамара Лісіцкая: Я чамусьці не хачу зазямляць гэтыя лічбы. Іх праўда вельмі многа, і акрамя вялікіх канцэртаў, у якіх удзельнічала да сотні валанцёраў і запрошаных артыстаў, была вялікая колькасьць маленькіх, прыватных акцый. Плюс асобныя акцыі па зборы рэчаў, асобныя акцыі па зборы грошай, па пошуку самых экзатычных прадметаў, цацак, ложкаў, нават сабачкі вельмі пародзістай, якую везьлі з Масквы для дзяўчынкі, якая знаходзілася на рэабілітацыі.... Наколькі я ведаю, усё добра і ў сабачкі, і ў дзяўчынкі, і я вельмі шчасьлівая. Хоць гэтыя лічбы трэба ведаць. Інфармацыя пра тое, што добрыя людзі ёсьць, інфармацыя пра добрыя справы павінна быць... Я, як магу, дзякую і расказваю пра тых, хто робіць добрыя справы.
Вера Фралова: Я стараюся лічыць, таму што пасылкі ідуць з усёй краіны. Мне трэба мець пэўную справаздачу перад вязальшчыцамі. Мы зьвязалі каля 300 пар шкарпэтак, 300 шапачак (мы звычайна вяжам адразу камплекты), 150 камізэлек, 50 пледзікаў, 60 цацак. У Беларусі штогод нараджаецца 4,5 тысячы неданошаных дзетак, якія патрабуюць дапамогу.
Андрэева: Я б разглядала СМІ як плятформу для яднаньня і інфармаваньня
Ганна Соўсь: Алена, як вы лічыце, ці бываюць выпадкі, калі ўдзел СМІ ў розных сацыяльных кампаніях можа супярэчыць прынцыпу бесстароннасьці, які вельмі важны для мэдыяў? Альбо наадварот СМІ могуць стаць праваднікамі пэўных сацыяльных зьяваў і зьменаў у сьвядомасьці?
Алена Андрэева: Мне здаецца, СМІ акурат могуць быць той плятформай, якая дапамагае дазнацца пра патрэбы канкрэтных людзей у канкрэтных сытуацыях тым людзям, якія не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі. І, на шчасьце, такіх людзей адгукаецца таксама шмат. Казаць, што менавіта ў такіх сытуацыях СМІ мусяць быць бесстароннымі, цяжка. Так ці інакш вакол СМІ фарміруецца нейкая супольнасьць, яна вельмі разнастайная па розных крытэрах, але таксама аб’ядноўваюцца нейкія групоўкі па інтарэсах альбо па здольнасьцях, якія гатовыя дапамагаць у тых ці іншых сытуацыях. І тут хутчэй я б разглядала СМІ менавіта як плятформу для яднаньня, плятформу для інфармаваньня.
«Можна побач паглядзець, заўсёды ёсьць каму трэба дапамагчы»
Ганна Соўсь: Каму канкрэтна вы бы вельмі хацелі дапамагчы цяпер, але для гэтага вам патрэбная дапамога і падтрымка? Давайце паспрабуем агучыць і магчыма атрымаецца прыцягнуць такіх жа як вы неабыякавых людзей?
Тамара Лісіцкая: У нас ёсьць дзяжурныя «анёлы» у Фэйсбуку, мы друкуем просьбы, і ёсьць сапраўды некалькі гарачых задач. Зараз у анкацэнтры лечацца некалькі дзетак з Украіны і Расеі, яны вельмі патрабуюць дапамогі, фінансавай і проста рэчамі, таму што ўсё далёка, а тут ім складана прыходзіцца. А ў цэлым, паўсюль ёсьць прытулкі, суседзі, таму можна не шукаць далёка — можна побач паглядзець, заўсёды ёсьць каму трэба дапамагчы.
Вера Фралова: Дзецям. Дапамагчы дзецям. У мяне зараз адзін праект, і я не магу пераключацца на іншыя. Ну яшчэ хацелася б, каб у нас у краіне была б больш разьвітая псыхалягічная дапамога для мам-парадзіх, пасьляродавая псыхалягічная дапамога. Але гэта не ў маіх сілах.
Алена Андрэева: Я падзялюся сваімі асабістымі двума пункцікамі. Першае, мне хочацца, каб пошукавы атрад «Анёл», які робіць столькі добрых спраў для сотняў і тысячаў беларусаў, атрымліваў стабільнае фінансаваньне на ажыцьцяўленьне сваёй дзейнасьці. І другі мой асабісты пункцік заключаецца ў аказаньні дапамогі на нішавым гарызантальным узроўні ахвярам хатняга гвалту. Я з гэтымі сытуацыямі сутыкаюся досыць часта, і мне хочацца, каб на ўзроўні суседка-суседцы маглі дапамагчы інфармацыяй пра прытулкі-шэлтары, пра нейкія арганізацыі, якія аказваюць дапамогу такім жанчынам у такіх няпростых сытуацыях, каб атмасфэра ў якой мы жывем і атачэньне станавіліся больш прыязнымі адзін да аднаго і адкрытым, здольным дапамагаць.