Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы рабілі свой дом утульным і шчасьлівым?


Покуць у хаце Эўфрасіньні Дзямчыхінай
Покуць у хаце Эўфрасіньні Дзямчыхінай

Чалавек збудаваў дом — свой і сваёй сям’і галоўны жыцьцёвы асяродак. Але ці заўсёды гэта месца бясьпекі, утульнасьці, шчасьця ў шматаблічным і шматканфліктным сьвеце? Ад чаго і ад каго залежаў спакой у доме? Працяг гутаркі пра беларускі дом з этнакультуролягам, кандыдатам гістарычных навук Уладзімерам Лобачам.

Вячаслаў Ракіцкі: Ці існавала ў традыцыйным беларускім грамадзтве нейкая сымбалічная повязь паміж домам і лёсам чалавека?

Уладзімер Лобач: У традыцыйным беларускім грамадзтве сувязь дому з асабістай жыцьцёвай доляй асобнага чалавека і ўсёй сям’і безумоўная. Гэтая непарыўная сувязь падкрэсьліваецца тым, што хата — адзіна магчымая рытуальная прастора, дзе рэалізуюцца абрады, якія сымбалічным чынам афармляюць асноўныя вехі чалавечага жыцьця: нараджэньне (радзіны), уступленьне ў шлюб (вясельле), сьмерць (хаўтуры).

Адсюль невыпадкова, што, паводле народных уяўленьняў, «вельмі нешчасьлівы чалавек, які нарадзіўся ня дома». А паколькі добрую долю дзіця можа атрымаць ад Бога толькі ў роднай хаце, то «ў дні зьяўленьня дзіцяці на сьвет нічога з хаты нікому не пазычаюць, каб дзіця гадавалася здаровае».

Дадамо, што катэгарычная забарона пазычаць хоць што-небудзь з хаты (асабліва агонь, соль, хлеб, грошы) тычылася ўсіх рытуальна напружаных момантаў быцьця: каляндарных сьвятаў, вясельля, пачатку сельскагаспадарчых працаў, дзён, калі зьявіўся прыплод у скаціны. Лічылася, што пазыка прывядзе да згаленьня сямейнай долі.

З другога боку, той, хто прыходзіў пазычаць у сьвята, разглядаўся вясковай грамадой як патэнцыйны чараўнік ці ведзьма.

Вячаслаў Ракіцкі: Такія ўяўленьні былі шырока распаўсюджаныя сярод сялян у мінулым. Але ці існуюць падобныя забароны пазычаць з хаты ў беларускай вёсцы на пачатку ХХІ стагодзьдзя?

Уладзімер Лобач: Магу толькі падзяліцца ўласным экспэдыцыйным досьведам і засьведчыць, што гэтыя ўяўленьні ў сучаснай вёсцы на дзіва трывалыя і распаўсюджаныя. Да прыкладу, вось такая эмацыйная гісторыя была запісаная на Барысаўшчыне колькі гадоў таму:

«На Купальле нікаму нічога не давайце з хаты. Нікаму не давайце! У мяне ж карова прапала. На Купальле прышла адна, а я купіла бутылку водкі, яна відзіла, як я несла. Ага, а ў яе грошы не было, а маці яе была чараўніца, усё знала. І вот прыходзіць на Купальле, мне кажыць: „Ліда, аддалжы чарачку гарэлкі. Ай, — кажыць, — мужыку плоха“. А я, як дурная тая, узяла і падзялілася, і вот дала. Назаўтра пашла карову даіць рана, што-та карова мая — у глазах сьлёзы, і малака напалавіну ня стала даваць. Я пашла к гэтай во суседке і кажу: „Зіна, ай, нешта сёньня з начы малака карова не дала, сьлёзы“. А яна: „А каму што ўчора давала на Купальле?“ Я кажу: „Розачка прышла, як прычапілася ка мне“. — „Каб табе галава адсохла, — на мяне, — ня можна ш даваць на Купальле нікагда, нікагда! Глядзі, каб на Купальле ў цябе ніхто нічога ня ўзяў з двору, глядзі!“ — гаворыць».

Вячаслаў Ракіцкі: Але калі мы параўнаем вясковую хату з сучасным катэджам ці нават гарадзкой кватэрай, мы ўбачым адны і тыя ж канструкцыйныя элемэнты: сьцены, куты, парог, дзьверы, вокны, падмурак і дах. Няўжо гэты тэхналягічны набор мог мець нейкае іншае значэньне, чым гэта ёсьць цяпер?

Уладзімер Лобач: Утылітарныя функцыі структурных элемэнтаў чалавечага жытла такія самыя — што цяпер, што сто і дзьвесьце гадоў таму. А вось на сымбалічнае значэньне вакна ці сьцяны сучасны гараджанін ужо амаль цалкам забыўся. Між тым вясковы дом арганічна ўпісаны ў міталягічную мадэль сьвету і функцыянуе паводле яе правілаў.

Таму мы не сустрэнем хаты, дзе б вокны былі прасечаны ў паўночнай сьцяне, бо гэты прасторавы напрамак суадносіцца з ідэямі холаду, цемры і сьмерці.

Покуць — сьвятое месца ў хаце. Фота Т. Валодзінай
Покуць — сьвятое месца ў хаце. Фота Т. Валодзінай

​Самая ж сакральная зона інтэр’еру — покуць — зарыентаваная на поўдзень і ўсход — бакі сьвету, якія сымбалізуюць нараджэньне, жыцьцё, цяпло, сьвятло. Невыпадкова, што менавіта на покуці бажніца з абразамі, тамака ж захоўваюцца асьвечаныя вербныя галінкі і купальскія зёлкі, якія аберагаюць дом і сямейнікаў ад рознай злыбеды.

Покуць мае і выразную рытуальную нагрузку, асабліва ў абрадах сямейнага цыклю. Толькі на покуці могуць быць кумы на радзінах, маладыя на вясельлі, і ўрэшце нябожчык, пакуль ён у хаце. Насупраць па дыяганалі ад покуці знойдзем у кожнай вясковай хаце «бабін кут» — прастору каля печы і «важужніка», месца для вілак і качэргаў. Гэтае месца таксама па-свойму сакральнае, але зьвязанае яно не зь нябеснымі багамі, а зь міталягічным гаспадаром дому — дамавіком, які, уласна, і жыве ў падпеччы. І калі на покуці моляцца, то «бабін кут» — гэта месца жаночай магіі, перадусім у сфэры знахарства. Каля печы пазбаўляліся ад сурокаў, упуду, злоснага чараваньня, крактуноў ды іншых хваробаў. Вось як, напрыклад, лечаць дзіця ад вогніку на Падзьвіньні:

«А вогнік я тожы адкідала сама. Нада браць вугальлё зь печы, вугальлё бярэш гарачае і вадзіцу, стаўляеш на прыпечку. Нада тры ў ваду кідаць, тры ў агонь, тры ў парог. Ад агня, ад вады і ад ветру. І прыгаварвалі: «Агнявы ад агня, вадзяны ад вады, а ветраны і на вецер».

Калі ж зірнем на сучасную гарадзкую кватэру, то ня знойдзем ні покуці, ні «бабінага кута» зь печчу, хіба што кухню з газавай ці электрычнай плітой.

Бабін кут ля печы - месца магічных знахарскіх практык.
Бабін кут ля печы - месца магічных знахарскіх практык.

Вячаслаў Ракіцкі: У такім разе які структурны элемэнт жытла меў найбольшае сымбалічнае значэньне ў міталягічных уяўленьнях беларусаў?

Уладзімер Лобач: Практычна ўсе контуры дому і сядзібы — парог, дзьверы, вокны, сьцяна, страха, кут — мелі ў традыцыйным сьветапоглядзе межавую сымболіку, то бок у канкрэтнай сытуацыі ўвасаблялі мяжу паміж «сваім» — чалавечым, і «тым» — чужым сьветам.

З аднаго боку, гэта дазваляла чалавеку ўмацоўваць і кантраляваць гэтыя «межы», каб не ўварваліся дэманічныя, дэструктыўныя сілы. Так, муж парадзіхі, перад тым як яе сяброўкі прыходзілі ў адведкі, забіваў у парог некалькі жалезных цьвікоў, каб госьці не сурочылі немаўля.

З другога боку, кожны зь межавых контураў мог быць выкарыстаны жыхарамі дому для камунікацыі з іншасьветам, каб атрымаць адтуль неабходную інфармацыю ці выдаліць у патойбочча розныя хваробы і немачы.

Але пра які б выпадак ні вялася гаворка, важна падкрэсьліць, што ніводзін з канструктыўных элемэнтаў дому (сядзібы) не валодае «манаполіяй» на мэдыятыўную функцыю пры ўсталяваньні сымбалічных кантактаў паміж людзьмі і тагасьветам.

Да прыкладу, пахавальна-памінальная абраднасьць, дзе камунікацыя са сьветам памерлых — стрыжнёвая лінія рытуальных паводзін, высьвечвае сымбалічны статус цэлага шэрагу сядзібных лёкусаў. Знакам на хуткую сьмерць у хаце магло быць зьяўленьне зязюлі ў садзе, на страсе хаты ці груканьне (прылёт) птушкі ў вакно. Калі лічылі, што набліжаецца скон, чалавека перакладалі з ложка на падлогу, якая сымбалізавала ніжні ярус сьветабудовы, у час сьмерці расчынялі ўсе дзьверы ў хаце і вароты ў хляве, на вакно вешалі ручнік і ставілі шклянку з вадой, каб душа магла памыцца. Нябожчыка клалі на покуці, а вада, якой яго абмывалі, вылівалася пад плот, пад вугал хаты або пад печ. Пасьля вынасу труны зь целам мёртвага адразу зачынялі дзьверы хаты, каб сьмерць туды не вярнулася, а труну ставілі на непрацяглы час на падрыхтаванае месца ў двары, каб нябожчык мог разьвітацца са сваёй сядзібай. Няцяжка заўважыць, што ў рытуальных дзеяньнях, якія афармлялі пераход нябожчыка на «той» сьвет, была задзейнічаная большасьць лёкусаў дому (сядзібы) зь межавай сымболікай.

Вячаслаў Ракіцкі: І ўсё ж у прыведзеным пераліку не былі пазначаныя сьцены хаты. Ці азначае гэта, што тая ж сьцяна была даволі нэўтральнай у рытуальна-сымбалічным пляне?

Уладзімер Лобач: Гэта ня так, хаця б таму, што кут — гэта нішто іншае, як злучэньне дзьвюх сьценаў. Але і ў чыстым выглядзе сьцяна вельмі часта фігуруе ў разнастайных магічных практыках беларусаў. У штодзённым жыцьці і ў часе сьвятаў сьцяна выступала як кантактная зона паміж гэтым і тым сьветам, праз чыё пасярэдніцтва людзі атрымлівалі знакі з тагасьвету.

Асабліва важнай была гэтая інфармацыйная функцыянальнасьць сьцяны ў народнай сыстэме сымбалічнага прадказаньня сьмерці. Паўсюль па Беларусі раптоўны трэск сьцяны азначаў або сьмерць, або цяжкую хваробу некага з жыхароў.

Пры гэтым улічвалася сымболіка ўнутранай тапаграфіі дому. Так, калі сьцены трашчалі бліжэй да покуці — лічылася, што памрэ гаспадар, калі ў запеччы («бабіным куце») — то меркавалі, што памрэ гаспадыня.

Шырока распаўсюджаныя былі пэрсанальныя варожбы з дапамогай сьцяны, якія практыкаваліся на Купалу і мелі на мэце спрагназаваць лёс чалавека ў бягучым годзе:

«Я толькі на Купалу сабірала Іван-траву, яе нада было сарваць. Яна на Купала не саўсім расьцьвітала, но начынала расьцьвітаць, і нада было нарваць этых цьвятоў, столькі, сколькі ў сям’і чалавек. І на сьцяну ваткнуць, а на утра, чэраз ноч, нада глядзець: есьлі ўсе ветачкі Іван-травы расьцьвілі, распушацца, значыць, у эты год усе будуць здаровыя, вясёлыя. А есьлі не распускалася, аставалася такая ветка, як яе ваткнулі, ілі, ня дай Бог, завяла, то нехта забалее ці памрэ. У нашай сям’і, колькі я ні дзелала, усе ветачкі станавіліся пушысцінькія, круглінькія...»

З дапамогай сьцяны адбывалася і зваротная перадача інфармацыі, калі са сьвету людзей у іншасьвет рэтрансьлявалася нэгатыўнае, дэструктыўнае, шкадлівае. Так, ва Ўсходнім Палесьсі, калі «ведзьма, доўга канаючы, ніяк ня можа памерці і нікому ня хоча ці ня можа перадаць свае веды, тады яна на сьцяну пераказвае ўсё, што ведае».

На Віцебшчыне, для таго каб душа чараўніка, які паміраў асабліва пакутліва і доўга, пакінула цела, адмыслова парушалі цэльнасьць сьцяны, сьвідруючы ў ёй дзірку.

І нават у будзённай сытуацыі, калі чалавек прысьніў благі сон, каб ён ня спраўдзіўся ў рэальным жыцьці, і цяпер раяць пагрукаць у сьцяну і сказаць: «Куды ноч — туды і сон».

Падобным чынам церазь сьцяну-мяжу каналізаваліся ў тагасьвет і разнастайныя хваробы (лішай, упуд, эпілепсія, начніцы, валасень і інш.) Пры гэтым, як правіла, шукалі ў сьцяне прыродны «канал» — сукавінку, па якім і выдалялася немач:

«Мама мая даўней выводзіла, умела. Рабёначка хто прывядзе, яна возьме на захад сонца, на сьцяне гэтай сучок такі, яна тады на сучок гэны паплюець, паплюець і мязінцам пальцам нешта паводзіць, паводзіць і шэпчыць нешта ж яна. Пашэпчыць, і тады неяк ня станіць».

Вячаслаў Ракіцкі: Калі нават простая сьцяна мела такую сымбалічную нагрузку, то можна толькі здагадвацца, колькі міталягічных значэньняў было зьвязана з вокнамі...

Уладзімер Лобач: Гэта тэма для асобнай размовы, бо сэмантыка вакна ў беларускай традыцыі вельмі насычаная. Але пазначым асноўныя моманты.

Вокны дому сымбалічна тоесныя вачам чалавека (дый словы гэтыя аднакарэнныя), яны — індыкатары жыцьця. Калі мы бачым дом з забітымі вокнамі, гэта значыць, што дом нежылы (мёртвы), як і чалавек, які назаўжды заплюшчыў вочы.

Забітыя вокны пазначаюць нежылы, мёртвы дом
Забітыя вокны пазначаюць нежылы, мёртвы дом

У традыцыйнай культуры беларусаў і іншых індаэўрапейскіх народаў сэмантыка акна як мэдыятара паміж «тым» і гэтым сьветам праяўляецца ў пахавальным абрадзе і ў павер’ях, зьвязаных з вобласьцю сьмерці. Паўсюль у вёсках Беларусі, калі памірае чалавек, на вакно ставяць шклянку з вадой ці гарэлкай, кладуць хлеб і соль, вешаюць ручнік, каб душа нябожчыка магла памыцца, выцерціся і падсілкавацца. А ў сыстэме народных прадказаньняў сьмерці прадвесьце, атрыманае праз вакно ў выглядзе птушкі, трактуецца адназначна і ў наш час:

«Калі птушка ў вакно б’ецца, мама казала: „Харошае кідай на страсе, а дрэннае нясі на хвасьце“. А есьлі птушаня будзе біцца некалькі дней, то нехта ў хаце памрэ, ждзі пакойніка».

Разам з тым акно — гэта і канал камунікацыі ня толькі зь нябожчыкамі, але і зь іншымі прадстаўнікамі сакральнай сфэры. Калядоўшчыкі, валачобнікі, старцы, што лічыліся «божымі людзьмі», падыходзілі і сьпявалі менавіта пад вакно хаты, і толькі пасьля гэтага гаспадары запрашалі іх у дом.

Як і чалавек вочы, уночы дом «заплюшчваў» свае вокны аканіцамі
Як і чалавек вочы, уночы дом «заплюшчваў» свае вокны аканіцамі

Вячаслаў Ракіцкі: У канцы размовы хацелася б запытацца: няўжо ўся тая касьмічная сымболіка дому, што была ўласьцівая для сьветагляду продкаў сучасных беларусаў, назаўсёды страчаныя ў сучасным беларускім горадзе?

Уладзімер Лобач: У пэўнай ступені гэта так, бо валачобнікі ня зьявяцца пад акном на дзявятым паверсе хмарачоса. Хоць пэўныя стрэмкі міталягічнага мысьленьня трывала заселі ў нашай сьвядомасьці: як сотні гадоў таму, мы стараемся не вітацца, не размаўляць і не перадаваць што-небудзь цераз парог.

Але ўнівэрсальная міталягема дому палягае ў іншым, і гэтае значэньне будзе актуальным заўжды: «свой дом» — гэта прадметнае ўвасабленьне чалавечай долі кожнага чалавека.

І ня толькі. На нацыянальным узроўні мы мысьлім Беларусь як свой уласны дом, дзе толькі ад нас залежыць, ці будзе ў ім беларускі лад, парадак і дабрабыт.

Праз акно чалавеку адкрываецца ўвесь сьвет
Праз акно чалавеку адкрываецца ўвесь сьвет

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG