Аляксандар Лукашэнка 3 жніўня загадаў павялічыць насельніцтва Беларусі, не назваўшы тэрмін, да 15 мільёнаў чалавек і заявіў, што Беларусь «можа пракарміць 20 мільёнаў». У апошнія тры гады насельніцтва Беларусі сапраўды перастала зьмяншацца, але ў асноўным праз прыток імігрантаў.
Экспэрты раней тлумачылі, што эканамічная нестабільнасьць адмоўна ўплывае на жаданьне беларусаў нараджаць дзяцей, ды й выплаты на дзяцей заганяюць беларусаў у «пастку беднасьці»: самыя актыўныя парадзіхі — гэта маладыя сялянкі, для якіх тая дапамога эквівалентная магчымаму заробку, але іхныя дзеці маюць мала шанцаў атрымаць высокую якасьць жыцьця.
Залескі: Лукашэнку хочацца 15 мільёнаў, Беларусь можа 6
Свабода зьвярнулася да бацькі пяці дзяцей, незалежнага эканаміста Міхаіла Залескага з пытаньнем, што ж рабіць, каб падвысіць колькасьць насельніцтва Беларусі ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі.
«На маю думку, рабіць гэта ня трэба ні пры якой сытуацыі, — адказаў Залескі. — Гэта абсалютна бессэнсоўная прапанова. Пры тым узроўні разьвіцьця тэхналёгіяў і сацыяльнай арганізацыі, які цяпер ёсьць у Беларусі, краіна здольная забясьпечыць файнае жыцьцё мільёнам шасьці людзей.
Кожны ляндшафт можа ўмясьціць столькі людзей, колькі клімат і тэхналёгія дазваляюць туды ўставіць. Высокая шчыльнасьць насельніцтва за кошт клімату, напрыклад, у Банглядэшы, Усходнім Кітаі. У Галяндыі, Заходнім і Ўсходнім узьбярэжжы Злучаных Штатаў, у раёнах Японіі Токіё і Кіёта, дзе ёсьць высокія тэхналёгіі, ёсьць шмат насельніцтва.
У нас галяндзкі ўзровень арганізацыі тэхналёгіяў? Не. У нас клімат як у Банглядэшы? Не. Якія 15 мільёнаў, навошта?
Колькасьць дзяцей на сёньняшні дзень не зьвязаная ні зь якімі дзяржаўнымі мерамі ні па падтрымцы, ні па абмежаваньні насельніцтва, за выключэньнем радыкальных мераў, як у Кітаі. Ці калі праводзіць якую-небудзь мэдычную маніпуляцыю, каб людзі не нараджаліся. І Кітай адмяняе меры стрыманьня росту насельніцтва.
Але, як кажуць, далі — не забралі. Любыя меры падтрымкі сем’яў карысныя ў тым пляне, што гэта лішняя дапамога людзям, хай узровень дапамогі ня вельмі высокі. Але яны радыкальна нічога не мяняюць».
Што тады рабіць: чакаць эканамічнага разьвіцьця ці зьмірыцца, што ў Беларусі 9,5 мільёнаў насельніцтва, і радавацца, што ня 6? Залескі зьдзіўляецца такой пастаноўцы пытаньня:
«Эканамічнага разьвіцьця ня варта чакаць — калі яго чакаюць, яно ніколі не пачынаецца, — адказвае Залескі. — Я не разумею пазыцыі „зьмірыцца“ ці „радавацца“: людзі жывуць у сем’ях, дзеці нараджаюцца ў сем’ях. Яны не зьміраюцца і ня радуюцца, а хочуць мець дзяцей ці ня хочуць мець дзяцей. Дзеці або нараджаюцца, або не нараджаюцца, а што хоча Лукашэнка — гэта ягоныя праблемы».