Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцыбіскуп Кандрусевіч пра позвы ў войска сэмінарыстам: «Гэта стварае для краіны адмоўны імідж»


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (архіўнае фота)
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (архіўнае фота)

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў сытуацыю з прызывам у войска каталіцкіх і праваслаўных сэмінарыстаў «дзіўнай і незразумелай», паведамляе Catholic.by.

«Я ня ведаю ніводнай краіны, дзе малады сьвятар ці сэмінарыст падчас вучобы прызываўся б у войска. Расказаць каму з замежных біскупаў — ва ўсіх толькі зьдзіўленьне», — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён сказаў, што ўдзячны прэзыдэнту Беларусі за падпісаны ўказ. Аднак ён дагэтуль не разумее, у чым прычына таго, што адбылося, бо адпаведныя дакумэнты з просьбай аб адтэрміноўцы былі пададзеныя своечасова.

Як падкрэсьліў Кадрусевіч, ён ня памятае такіх прэцэдэнтаў «з часоў адраджэньня структур Каталіцкай царквы».

«Незразумела, хто за гэтым стаіць і чаму гэта было зроблена. Гэта ж стварае для краіны адмоўны імідж! Пра гэты выпадак пішуць замежныя СМІ — мне тэлефанавалі журналісты з Італіі, Нямеччыны. Што я мог сказаць? Мы ня маем адказу», — сказаў арцыбіскуп.

Паводле Кандрусевіча, цяпер у ваенкаматах распаўсюдзілі інфармацыю пра адтэрміноўку да лютага, але Касьцёл не атрымаў ніякіх канкрэтных дакумэнтаў, якія гэта пацьвярджалі б. І Праваслаўная царква сутыкнулася з такой жа сытуацыяй.

«Мы пішам просьбу і падаём сьпісы сэмінарыстаў, але канчатковага дакумэнту не атрымліваем. Калі б кожны сэмінарыст ці сьвятар прызыўнога ўзросту меў такі дакумэнт, то быў бы спакойны, ведаючы, да якога часу ён ня будзе прызваны», — сказаў Кандрусевіч.

Кандрусевіч таксама расказаў, што разам з прадстаўнікамі розных веравызнаньняў ён быў на сустрэчы з Упаўнаважаным у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, якая датычылася тэмы дзяржаўнага прызнаньня духоўных сэмінарый.

«Яны зарэгістраваныя як вышэйшыя навучальныя ўстановы, але ўсё адно ня маюць такога статусу. Калі б ён быў, то пытаньне з прызывам падчас навучаньня адпадала б аўтаматычна», — дадаў Кандрусевіч.

У траўні дзясяткі будучых і дзейных каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў па ўсёй Беларусі атрымалі позвы з ваенкаматаў. Першыя сэмінарысты і сьвятары мусілі накіравацца ў войска ўжо 28 траўня.

Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы. Ярархі Беларускай праваслаўнай царквы таксама зьвярнуліся па тлумачэньні ў Міністэрства абароны.

Пазьней стала вядома, што сэмінарыстам і сьвятарам далі адтэрміноўку ад вайсковай службы да лютага наступнага году.

Сытуацыя, калі духавенства прызывалі служыць так масава, склалася ўпершыню. Для сэмінарыстаў і сьвятароў раней дзейнічала адтэрміноўка ад войска. Кіраўніцтва сэмінарый рыхтавала сьпісы навучэнцаў і перадавала іх у дзяржаўныя органы. Рашэньне аб адтэрміноўцы штогод прымаў кіраўнік дзяржавы, падпісваючы адмысловы указ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG