Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па вагонах!» У Літве ўспамінаюць ахвяр масавай дэпартацыі 1948 году


22 траўня ў Літве адзначаюць 70-годдзе апэрацыі «Вясна», падчас якой у 1948 годзе на працягу двух дзён савецкія рэпрэсіўныя органы дэпартавалі ў Сыбір каля 40 тысяч грамадзян. Сярод іх было нямала жанчын і дзяцей. Гэта была самая маштабная дэпартацыя жыхароў Літвы, хоць падобны досьвед у савецкіх карных органаў ужо быў: першыя высылкі такога роду прайшлі тут яшчэ ў 1941 годзе.

Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР дзейнічала хутка і жорстка. Спяшалася. Вышэйшае начальства патрабавала «ачысьціць рэспубліку» ад антысавецкіх элемэнтаў, якія супрацоўнічаюць з партызанамі, а таксама ад заможных сялян, якія не жадалі арганізоўвацца ў калгасы. Тым больш у самой Сыбіры востра не хапала працоўных рук – чаму б не перакінуць туды старанных літоўцаў... Галоўнай жа мэтай апэрацыі было запалохваньне насельніцтва (высялялі, дарэчы, не толькі літоўцаў, але і мясцовых палякаў, беларусаў), якое тады працягвала байкатаваць савецкія ідэалягічныя і эканамічныя рэформы. І гэтая мэта шмат у чым была дасягнутая: страх потым дзесяцігодзьдзямі заставаўся ў душах. «Тысячы людзей былі зьнішчаныя, і не толькі фізычна. Зламаў мноства лёсаў», – кажа літоўскі гісторык Арвідас Анушаўскас. У маскоўскіх архівах захоўваюцца пляны і мапы дэпартацыі 70-гадовай даўніны. Яны да гэтага часу засакрэчаныя.

Падзяліцца асабістымі ўспамінамі аб тым, як гэта было ў іх сем'ях, Радыё Свабода папрасіла двух суразмоўцаў, абʼяднаных ня толькі агульным мінулым, але і цяпершанім жыцьцём: абодва жывуць цяпер у віленскім Доме высыльных.

Жыхары Дома высыльных у Вільнюсе
Жыхары Дома высыльных у Вільнюсе

Гэта нешта накшталт пансіянату для людзей, якія перанесьлі савецкія дэпартацыі, у якім дзяржавай створаныя ўсе ўмовы для іх утульнага і спакойнага жыцьця. Каб хоць неяк загаіць раны, атрыманыя ў дзяцінстве і юнацтве.

Яніна Маркявічэне, 88 гадоў:

– Мы тады жылі ў вёсцы, у Аранскім раёне, за 80 кілямэтраў ад Вільні. Сядзіба была добрая, вялікая гаспадарка, зямлі 23 гектары. Дзядуля, мама з бацькам і нас шасьцёра дзяцей. Усе працавітыя, кожнаму справу вызначалі па сіле. Сямʼя лічылася «на кепскім рахунку». Таму што заможная, ды яшчэ брат мой – 17-гадовы хлопец – сышоў да партызанаў у лес. Бацькі не хацелі адпускаць, але часы былі такія...

Яніна Маркявічэне
Яніна Маркявічэне

У 1945 году савецкая ўлада ў нас адабрала абсалютна ўсё. Прыйшлі начальнікі, забралі ўсё да апошняй анучы, забілі дошкамі вокны дома, мы ўсе сядзім у двары і думаем, куды падацца. Мама з дачкой маленькай да бацькоў, брат да сястры, а я засталася з татам, які быў краўцом, умеў шыць мужчынскую вопратку. Ён хадзіў «па людзях», браў заказы, я дапамагала, і мы зіму так пражылі. Увесну даведаліся, што можна вярнуцца дадому. Узрадаваліся. Мама не паверыла: не дадуць нам спакою ўсё роўна! А тата паверыў.

Мы вярнуліся ў свой дом. Але з восені не пасьпелі нічога загадзя пасеяць, таму на палях было пуста. Мамчын брат меў добрую гаспадарку і даў нам усё неабходнае для пасеву, авечак з парасём таксама. Калі пазьней усё вырасла, бацька нагрузіў ураджаем поўны воз. Паехаў у млын, памалоў. Я да гэтага часу памятаю гэты пах змолатага збожжа... Але так і не паспрабавалі нічога, таму што адкуль ні вазьміся зьявіліся мясцовыя «зьнішчальнікі» – так называлі актыўных памагатых савецкай улады – і зноў усё адабралі. Думаю, хтосьці з суседзяў высачыў і далажыў пра нас, «кулакоў». Што рабіць? Дзядзька зноў нам усё даў, мы пасеялі, вырасьцілі. Але ўвосень зноў зьяўляюцца гэтыя страшныя «зьнішчальнікі», не далі нават зьняць ураджай, самі ўсё сабралі і забралі...

– На якой падставе? Гэтыя людзі тады наогул неяк тлумачылі тое, што адбываецца, нешта казалі?

– Нічога яны не казалі, толькі рабілі! Подлую сваю працу... Адабралі ўсё, але на той раз з хаты не выганялі. А вясной 1948 года саслалі. Я тады вучылася ў школе, падрыхтавалася здаваць экзамэны: расейскую і літоўскую мовы. Назаўтра – а мы ў той момант дома з братам былі адны – пастукаліся да нас два салдаты і загадалі зьбірацца. Мы ад страху толькі і змаглі, што апрануцца, нічога з сабой не ўзялі. Я была ў такім стане ад няведаньня, што з намі будзе далей, што не да месца задала толькі адно пытаньне: а як жа мае экзамэны? Яны кажуць: нічога, там здасі. Дзе «там»?..

Мы з братам былі ў такой роспачы, што нават кавалка хлеба з сабой не ўзялі. Нам здавалася, што жыцьцё скончана... Салдаты кажуць: бярыце з сабой рэчы! А я адказваю: усё роўна адбяруць. Бацькі, якіх забралі з вёскі, дзе яны былі тады, нас сустрэлі ўжо ў вагона на станцыі. Мама, даведаўшыся, што мы не дадумаліся з дому ўзяць рэчы, кажа: эх, што б вы без мяне рабілі? І дастае сабраную ў суседзяў вопратку для нас з братам.

Цягнік доўга ехаў у Краснаярскі край, канчатковым пунктам быў пасёлак Міна Партызанскага раёну. Там было лясная гаспадарка. Нас зьмясьцілі ў баракі, усіх у адзін пакой. Пазьней, калі літоўцы самі пабудавалі сабе баракі, кожнай сямʼі далі па пакоі.

Група літоўцаў на лесапавале ў Краснаярскім краі. 1949 год. Фота з асабістага архіву.
Група літоўцаў на лесапавале ў Краснаярскім краі. 1949 год. Фота з асабістага архіву.

–​ Чым займаліся там дарослыя і дзеці?

– Бацька шыў для людзей, мама – па гаспадарцы. Далі ўсім па ўчастку зямлі, але прывезьлі нас у ліпені, ужо нічога вырасьціць не пасьпееш. Але нам пашанцавала ў тым, што ў гэтым пасёлку былі і бальніца, і дзіцячы сад, і сталовая. Я два гады прапрацавала ў лесе, мы зразалі галінкі з бярвеньня, зьвязвалі і – у рэчку іх. Была ў нас брыгада, усе – дзяўчаты. Цяжка, але мы да працы звыклыя былі. Зімой цяжэй за ўсё: у цяжкай вопратцы, па лесе, па каранях. Дадому ледзь прыходзілі, толькі начаваць. З раніцы – зноў... Я цяпер гэта ўсё ўспамінаю і не магу паверыць, што чалавек можа столькі вытрымаць. А тады нам здавалася, што быццам так і трэба.

–​ Як ставілася да вас мясцовае насельніцтва?

– Іх пераканалі, што, маўляў, бандытаў прывязуць. Яны потым казалі са зьдзіўленьнем: а вы, аказваецца, нармальныя! Я, якая пражыла 20 гадоў у Сыбіры, любому скажу: там людзі па вялікім рахунку былі вельмі добрыя. Не ведаю, як цяпер.

Наконт харчаваньня было бедна. Утрыманцам 300 грамаў хлеба ў дзень, а тым, якія працуюць – паўкіло. Ратаваліся морквай і капустай з падсобных гаспадарак.

– Празь пяць гадоў пасьля таго, як вы апынуліся ў Сыбіры, памёр Сталін.

– Мы вельмі радаваліся. Хоць паказваць гэта, вядома, не маглі. У клясе, дзе я вучылася, было 30 вучняў, літоўцаў – пяцёра. Калі абвясьцілі пра сьмерць Сталіна, усе ў клясе заплакалі, асабліва камсамольцы. Мы ляглі на парты і таксама зрабілі выгляд, быццам плачам, а самім сьмешна. У той дзень мы з братам павінны былі ісьці ў лес зьбіраць сасновыя шышкі для заробку, так брат залез на дрэва і сьпяваў ад радасьці!

–​ Была надзея вярнуцца на радзіму?

– Яна была ў тых, хто тады знаходзіўся ў турмах і лягерах. У іх жыцьцё было невыносным. У параўнаньні зь імі мы думалі, што жывем нядрэнна. Галоўнае, што вучыцца можна было! Пасьля заканчэньня сярэдняй школы я паехала ў Краснаярск, паступіла ў будаўнічы тэхнікум. Спынілася на кватэры, дзе жыла бабулька з сынам. І гэты малады чалавек стаў на мяне прэтэндаваць. Але я даўно, яшчэ са школы, сябравала з адным хлопчыкам Валодзем. Можна сказаць, кахалі адно аднаго. Але ён апынуўся ў адным краі, я ў іншым. Стаў часам прыяжджаць да мяне, але, убачыўшы гаспадарскага сына, прыраўнаваў і перастаў наведвацца. Мне было вельмі крыўдна, здавалася, жыцьцё скончана. З Валодзем мы аднойчы толькі сустрэліся значна пазьней, калі ў мяне ўжо было трое сваіх дзяцей. Ад таго самага гаспадарскага сына, за якога я выйшла замуж. Ўспамінаю яго толькі з добрага боку.

–​ Калі вярнуліся ў Літву?

– У 1968 годзе. Калі падрасьлі дзеці і памёр муж. Аднойчы я зь Літвы езьдзіла туды, у месца высылкі. Сустрэлі мяне сыбіракі як дарагога госьця, стол накрылі. Адна знаёмая, цётка Нюра прасіла: Яня, хоць ночку ў мяне заначуй! Я ад цеплыні расейскай душы тады расплакалася.

–​ Што грэе вас цяпер у літоўскім жыцьці?

– Сьпяваю, акампаную сабе на акардэоне. Самавук! Пішу вершы, слухаю радыё, асабліва малітвы люблю. Чытаю вельмі шмат. Мне часу не хапае!

***

Пасьля заключэньня пакта Молатава-Рыбентропа ўлетку 1940 году кіраўніцтва СССР прадʼявіла ўльтыматум Літве, Латвіі і Эстоніі: урады гэтых дзяржаў абвінавачваліся ў парушэньні дагавораў аб узаемадапамозе. Ім вылучалася патрабаваньне сфармаваць новыя ўрады, а таксама дапусьціць на тэрыторыю гэтых краінаў дадатковыя кантынгенты савецкіх войскаў. А праз год, напярэдадні вайны, 14 чэрвеня 1941 году ў Каўнасе прадстаўнікамі савецкай улады былі арыштаваныя былыя чальцы кабінэту міністраў Літоўскай Рэспублікі Пранас Давідайціс, Вальдэмарас Чарняцкіс, Пятрас Аравічус, Антанас Эндзюлайціс, Казіс Ёкантас, Юозас Папячкіс, Зігмас Старкус, Ёнас Суткус.

Разам з сотнямі іншых дзяржаўных служачых Літвы, афіцэраў, настаўнікаў, журналістаў, студэнтаў, грамадзкіх і палітычных дзеячаў на чыгуначным вакзале яны былі аддзеленыя ад семʼяў і вывезены ў таварных вагонах на Паўночны Урал і ў пачатку ліпеня высаджаны на станцыі Сосьва. Пазьней па рацэ яны былі дастаўлены да пасёлка Гары і далей этапаваныя пешшу на 20 кілямэтраў у Гарынскі лягер Паўночна-Уральскага папраўча-працоўнага лягера НКУС СССР. Усяго тады было прывезена каля 800 мужчын: з іх 370 літоўцаў і 80 эстонцаў.

«Высылка». Малюнак Габрыэль Рупэйкайтэ. 12 гадоў, Літва
«Высылка». Малюнак Габрыэль Рупэйкайтэ. 12 гадоў, Літва

20 чэрвеня 1942 году пастановай Асаблівай нарады пры НКУС СССР былому міністру ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі Пятрасу Аравічусу, а 27 чэрвеня 1942 года былому міністру асьветы Казісу Ёкантасу і былому міністру ўнутраных спраў Зігмасу Старкусу была прызначана найвышэйшая мера пакараньня – расстрэл. 4 лістапада 1942 году быў расстраляны і Пранас Давідайціс, прэмʼер-міністар Літоўскай Рэспублікі.

Празь некалькі месяцаў жорсткіх катаваньняў сьледчыя здолелі зламаць волю астатніх арыштаваных і атрымаць ад іх жаданыя «прызнаньні». Усіх іх абвінавацілі ў правядзеньні антысавецкай агітацыі, стварэньні нелегальнай паўстанцкай арганізацыі – Камітэту выратаваньня літоўцаў. Які нібыта павінен быў арганізаваць у лягеры збройны чын і перайсьці на бок нямецка-фашысцкіх войскаў, калі тыя рушаць да Уралу.

10 сьнежня 1942 года ва ўнутранай турме Ўпраўленьня НКУС па Свярдлоўскай вобласьці разам з іншымі літоўскімі грамадзянамі быў расстраляны былы міністар унутраных спраў Літоўскай Рэспублікі Антанас Эндзюлайціс. Распавядае яго пляменьнік Вітаўтас Эндзюлайціс, 82 гады:

Вітаўтас Эндзюлайціс
Вітаўтас Эндзюлайціс

– Мне было 12 гадоў, калі ў 1948 годзе праводзілі гэтую самую «Вясну». Памятаю, як патокам ішлі вагоны міма нашай станцыі, і многія людзі казалі аб высылцы. Тым больш – у нашай сямʼі, з такім вядомым рэпрэсаваным сваяком. Бацька мой быў тады дырэктарам лясгасу, сястрычцы 4 гады, брату 10 гадоў. І вось аднойчы бачым: нейкія людзі са зброяй – што і па-літоўску, і па-расейску размаўляюць – атачаюць дом. Мы зь дзецьмі схаваліся на гарышчы. Салдаты пачалі шукаць усю сямʼю і пытацца ў маці: дзе дзеці? Пры гэтым дзейнічалі груба, штыкамі прамацвалі куты. Было страшна. Тады маці закрычала нам: «Дзеці, вярніцеся! Нікуды тут не схаваемся». Усіх сабралі і далі паўгадзіны на зборы. Матуля перш-наперш узяла літоўскі нацыянальны строй. Бацькі ў гэты момант дома не было. Ён потым расказваў, дарэчы, што пасьля таго, як нас вывезьлі, суседзі ўзялі сабе ўсё наша майно.

Марыя Эндзюлайцене ў літоўскім нацыянальным строі. На рацэ Міна, Краснаярскі край. 1949 год
Марыя Эндзюлайцене ў літоўскім нацыянальным строі. На рацэ Міна, Краснаярскі край. 1949 год

Доўга ехалі на цягніку, памятаю гэтыя бясконцыя крыкі салдат: «Па вагонах!» Запомнілася, як у Чэлябінску павялі ўсіх у лазьню для дэзінфэкцыі – мужчын і жанчын разам. Усе мыліся ў цеснаце, дакранаючыся адзін да аднаго. Мяне гэта ўразіла. Давезьлі да адной станцыі ў Краснаярскім краі і сталі разьмяркоўваць па палатках, дзе мы спачатку жылі. Моцных мужчын адправілі ў тайгу секчы лес. А нас – матухну з трыма дзецьмі – у працоўны пасёлак. Жылі ў бараках. Было голадна. Бацька наш, якога адправілі на пасяленьне пазьней, апынуўся ў Томску, дзе яму далі нядрэнную па тых часах працу вымяральніка лесу. Таму што ён меў адукацыю і вопыт. Ён нам дапамагаў грашыма. Аднойчы прыйшоў паштальён і кажа мне: перадай маці, што ваш бандыт даслаў вам 100 рублёў. Гэта тады былі вялікія грошы! Куплялі на іх ежу, выбар быў бедны. Неяк на рынку маці ўбачыла, што прадаюць каву ў зернях, зьдзівілася, што так нядорага. А гэта выявіліся... кедравыя арэшкі! Яна іх бачыла ўпершыню.

У пасёлку была школа. Камэндант неяк запрасіў на размову матухну, якая была адукаваная. Прапанаваў працу настаўніцы і... інфарматара. «Будзеш да мяне прыходзіць па суботах і дакладваць, пра што дзеці кажуць і іх бацькі. Будзеш працаваць добра, дамо асобную кватэру». Яна адмовілася, ня стану, кажа, шпіёніць за людзьмі. За гэта яе пакаралі – адправілі на цяжкія лесазагатоўкі.

Першы год жыцьця там быў вельмі цяжкі, выратаваліся тым, што пасадзілі бульбу. Потым, калі бацька стаў грошы дасылаць, купілі на іх кароўку, стала, вядома, лягчэй. Назвалі яе Люсяй. Карміцелька наша! Пабудавалі хлеў для яе. Каровы тады ў Сыбіры ў параўнаньні з Літвой мала малака давалі. Як козы. У рацэ мы яшчэ лавілі рыбу харыюс.

Сям'я Эндзюлайцісаў у высылцы
Сям'я Эндзюлайцісаў у высылцы

Тым часам удалося двух малодшых дзяцей – брата і сястру – адправіць з аказіяй у Літву. Дазволілі, таму што яны былі маленькія і «перашкаджалі дарослым працаваць». У Літве пра іх паклапацілася наша цётка, якая была манашкай у Пажайскім кляштары.

–​ Вы самі хацелі на радзіму?

– Вядома ж! Прагнулі вельмі моцна. Аднойчы недалёка ад нашага пасёлка ў Саянскіх гарах разьбіўся самалёт, у ім былі высокапастаўленыя савецкія чыноўнікі, якія ляцелі ў Манголію. Абвясьцілі: хто знойдзе ў лесе абломкі самалёта, таго адпусцім у Літву! Мы шукалі, але нічога не знайшлі.

Я тады вучыўся ў школе. У клясе акрамя мясцовых было некалькі літоўцаў, яшчэ былі грэкі, высланыя з Крымскага паўвострава, і ўкраінцы. Мясцовыя хлапчукі абзываліся, крычалі нам: літоўцы-бандыты! Мы, вядома, крыўдзіліся і часта біліся. Дома мы гаварылі толькі па-літоўску.

Пасьля школы я паехаў у Томск, дзе скончыў тэхнічны інстытут. Пакуль вучыўся, працаваў і грузчыкам, і землякопам. У Літву вярнуўся ў 1958 годзе. Маці раней вярнулася ў Клайпеду. Далёка не ва ўсіх літоўцаў гэта атрымалася – многія, не вытрымаўшы цяжкага жыцьця, засталіся навечна ляжаць у сыбірскай зямлі.

–​ Вядомы факт: у Літве тых, хто вяртаўся з Сыбіры, сустракалі холадна, зь недаверам. Часта ім проста вяртацца не было куды.

– Так. Ня прапісвалі, пакуль працы ня знойдзеш. А працу, ў сваю чаргу, без прапіскі не давалі. Замкнёнае кола! Так што на радзіме нам таксама было нялёгка. Часта разважаў: як бы склаўся наш лёс, калі б не высылка? Пазьбегнуць яе мы тэарэтычна маглі, калі б у 1945 году зьехалі на Захад разам са сваякамі, якія нас клікалі з сабой. Але ня склалася тады.

Вітаўтас, як і іншыя пастаяльцы Дома высыльных у Вільні, жыве не толькі мінулым. Ён актыўна цікавіцца рэаліямі сучаснага жыцьця, і мае на ўсё сваё меркаваньне:

Дом высыльных у Вільнюсе
Дом высыльных у Вільнюсе

– Мне шкада, што цяпер людзі жывуць у асноўным матэрыяльнымі мэтамі. І на шляху да гэтага многія не грэбуюць нічым. Хто багаты, той і ўлада. У сьціплай па магчымасьцях Літве – нямала мільянэраў. Як яны імі сталі? Часта падманам. А ў смецьцевых кантэйнэрах – іншыя людзі, лёсам пакрыўджаныя. Так што ідэальным наша жыцьцё ніяк не назавеш.

–​ Ваш пакой з усімі выгодамі, прыемны, светлы, з акна – від на сонечны сасновы лес. Што вас радуе акрамя гэтага?

- Свабода. Можаш сказаць усё, што думаеш, усё, што заўгодна. Аб сваім урадзе таксама. Але, праўда, рэакцыя на гэта невялікая. Ды і свабода павярнулася іншым бокам – Літва разьбягаецца, разьяжджаецца. Мой сын жыве ў Дубліне, ажаніўся. Усё быццам бы добра, але па-ангельску ўжо гаворыць лепш, чым на роднай літоўскай мове. Гэта мяне хвалюе. Радуе, што ён мяне тут наведвае, вось фатаграфіі ўнучак. Жыву тут добра, пэнсія нядрэнная.

–​ Вы шмат чаго перажылі і, частку жыцьця правялі ў нястачы, удалечыні ад радзімы. Што пажадалі б ёй цяпер?

– Каб з аднаго боку ўрад быў сумленным, выконваў свае абяцаньні і даваў нашым працавітым людзям нармальную працу, а з другога – каб яны не жылі толькі грашыма. Каб сумленьне ў людзей было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG