Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» падвяла вынікі адміністрацыйнага перасьледу ў 2024 годзе: больш за 5800 асуджаных


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле высноваў праваабаронцаў, мінулы год для Беларусі выдаўся яшчэ больш рэпрэсіўным, чым папярэднія два.

Прызначаныя на студзень 2025 году чарговыя прэзыдэнцкія выбары ўзмацнілі адвольны перасьлед беларусаў. Рэйды за салідарнасьць, хвалі масавых затрыманьняў у маленькіх гарадах, звальненьні з буйных прадпрыемстваў з палітычных матываў, затрыманьні былых палітвязьняў і тых, хто вяртаўся ў Беларусь з-за мяжы, — тое, чым адзначыўся 2024 год, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Пяты год у Беларусі рэжым Лукашэнкі працягвае зьдзекавацца з арыштаваных паводле палітычных артыкулаў, утрымліваючы іх у нечалавечых умовах у ізалятарах. Людзі вымушаны тыднямі сядзець у перапоўненых камэрах бяз сродкаў гігіены, чыстай бялізны і цёплага адзеньня, спаць на падлозе, піць брудную ваду з-пад крана, не прымаць душ. Па-ранейшаму некаторых арыштантаў утрымліваюць у такіх умовах па некалькі месяцаў», — гаворыцца ў справаздачы.

Агулам летась праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі ня менш за 8895 фактаў рэпрэсій — значна больш, чым у 2023 годзе.

Самай «рэпрэсіўнай» часткай Беларусі застаецца Менск і Менская вобласьць (2772 чалавекі). Далей у колькасьці рэпрэсій ідуць Берасьцейская і Горадзенская вобласьці — 1925 і 1363 чалавекі. Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у 2024 годзе па ўсёй Беларусі адбылося ня менш за 5890 судоў паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў. Гэта амаль на 2000 судовых працэсаў больш, чым у 2023 годзе.

У большасьці выпадкаў беларусаў судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Але пасьля масавага рэйду КДБ сваякоў і родных палітвязьняў пачалі судзіць паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП («Выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасьці або іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам»).

Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. Падставай стала дапамога сем’ям палітвязьняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Больш за 150 чалавек атрымалі вялікі штраф за атрыманьне дапамогі праз INeedHelpBY, а таксама мусілі выплаціць кампэнсацыю сумы «замежнай» аплаты.

На астачу «Вясна» апублікавала сьпіс самых рэпрэсіўных судзьдзяў Беларусі 2024 году:

  • Станіслаў Іванюценка (суд Рэчыцкага р-ну);
  • Зінаіда Балаболава (суд Наваполацкага р-ну);
  • Ігар Ваўчок (суд Наваградзкага р-ну);
  • Аляксей Болатаў (суд Барысаўскага р-ну);
  • Андрэй Бычыла (суд Пінскага р-ну і Пінску);
  • Раман Карабан (суд Маскоўскага р-ну Берасьця);
  • Натальля Козел (суд Ленінскага р-ну Горадні);
  • Арцём Падалянец (суд Баранавіцкага р-ну і Баранавічаў);
  • Ганна Леўсік (суд Ленінскага р-ну Горадні);
  • Алена Цыганкова (суд Чыгуначнага р-ну Віцебску);
  • Уладзімер Пазьняк (суд Кастрычнікага р-ну Горадні);
  • Аляксандар Аляксеенка (суд Глыбоцкага р-ну);
  • Алена Тоўсьцік-Самойла (суд Кастрычніцкага р-ну Горадні);
  • Юліяна Луцэвіч (суд Рэчыцкага р-ну).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG