Як адзначаецца ў справаздачы ISW за 5 студзеня са спасылкай на расейскія крыніцы, украінскія войскі правялі некалькі мэханізаваных атак на паўночным усходзе ад Суджы ў тры хвалі з выкарыстаньнем батальённай бранятэхнікі, а таксама актывізавалі наступальныя дзеяньні ў кірунку Леанідава (паўднёвы ўсход ад Коранева) і правялі ўзмоцненую ўзводную атаку ў раёне Пушкарнага (на ўсход ад Суджы).
Паводле экспэртаў, геалякацыйныя кадры, апублікаваныя 5 студзеня, сьведчаць, што ўкраінскія сілы прасунуліся ў палях на паўднёвы захад і поўдзень ад Бердзіна і ўвайшлі ў паўднёвую частку гэтага населенага пункту.
«Расейскія вайсковыя блогеры апублікавалі абноўленыя мапы курскага кірунку, якія паказваюць, што станам на 5 студзеня ўкраінскія сілы таксама займаюць Чаркаскае Парэчнае, Мартынаўку і Міхайлаўку (усе на паўночны ўсход ад Суджы і на паўднёвы захад ад Бердзіна), а таксама паведамілі, што ўкраінскія сілы нядаўна ўвайшлі ў Навасотніцкі (на ўсход ад Бердзіна); і прасунуліся ў палях на захад ад Ямской Сьцяпі і на захад ад Новай Сарочыны», — адзначаецца ў справаздачы.
Апроч таго, украінскія сілы таксама наступалі паблізу Нікольскага і Александрыі (на ўсход і паўднёвы ўсход ад Леанідава адпаведна) і на поўнач ад Рускай Канапелькі (на ўсход ад Суджы) у кірунку Пушкарнага невялікімі пяхотнымі групамі.
У Інстытуце вывучэньня вайны паведамілі, што расейскія войскі прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Суджы і контратакавалі ўкраінцаў на паўднёвым усходзе ад Кораневага і на поўнач ад Суджы. Геалякацыйныя кадры, апублікаваныя 5 студзеня, сьведчаць, што расейскія войскі прасунуліся ў заходняй і паўднёвай частцы Махноўкі (на паўднёвы ўсход ад Суджы).
5 студзеня кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня дэзынфармацыі Андрэй Каваленка паведаміў, што «расейскія войскі ў Курску былі атакаваныя зь некалькіх кірункаў, што стала для іх нечаканасьцю».
Неўзабаве ў Мінабароны Расеі пацьвердзілі, што ўкраінскія войскі пачалі новы штурм на Куршчыне. У той жа час Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, паведаміў пра «добрыя навіны» з Курскай вобласьці і што Расея «атрымлівае па заслугах».
Узброеныя сілы Ўкраіны пачалі апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня 2024 году і занялі больш за адну тысячу квадратных кілямэтраў. Расейская армія пры дапамозе войскаў КНДР змагла вярнуць частку тэрыторыі.
У лістападзе 2024-га агенцтва Reuters з спасылкай на крыніцу ў кіраўніцтве Генэральнага штабу Ўкраіны паведаміла, што Ўкраіна ў выніку расейскай контратакі страціла больш за 40% тэрыторыі ў Курскай вобласьці. Паводле крыніцы, Расея сьцягнула ў Курскую вобласьць прыблізна 59 тысяч вайскоўцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум