Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка плянуюць сустрэцца ў межах першага форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які пройдзе ў Гомлі.
Плянуецца, што сустрэча кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў кастрычніку, піша БелаПАН са спасылкай на беларускага амбасадара ў Кіеве Ігара Сокала. Першапачаткова плянавалася, што мерапрыемства пройдзе ў Менску.
Арганізацыю форуму рэгіёнаў кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі падчас папярэдняй тэлефоннай размовы 27 сакавіка. Таксама пасьля гэтай размовы стала вядома пра арганізацыю ў Беларусі Дзён культуры Ўкраіны, якія заплянаваныя на 7–20 сакавіка.
Папярэдняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі прайшла 2 лістапада 2017 году ў Абу-Дабі. Тады Лукашэнка з Парашэнкам размаўлялі пра эканоміку — беларускі кіраўнік выказаў спадзеў на рост таваразвароту і пашырэньне супрацы рэгіёнаў.