Прэсавая служба прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі пацьвердзіла факт сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
«Асаблівая ўвага была ськіравана на каардынацыю пазыцый у рамках міжнародных арганізацый. Бакі абмяняліся таксама думкамі з нагоды падрыхтоўкі да саміту Ўсходняга партнэрства, які павінен адбыцца 24 лістапада ў Брусэлі», — паведаміла прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта.
Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка абмеркавалі выкананьне дамоўленасьцяў па выніках візыту кіраўніка беларускай дзяржавы ва Ўкраіну сёлета ў ліпені і стан падрыхтоўкі да эканамічнага форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі, правядзеньне якога заплянавана ў Гомлі.
Выканаўчы дырэктар Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» (Кіеў) Аляксандар Лявонаў мяркуе, што кіраўнікі Ўкраіны ды Беларусі скарысталіся магчымасьцю правядзеньня такой сустрэчы, паколькі іхныя візыты ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты супалі ў часе.
«Магчыма, прэзыдэнты скарысталіся „акном“ у сваім графіку, а магчыма, і раней дамовіліся пра такую сустрэчу. Тут галоўнае іншае — Украіна становіцца для Беларусі такім партнэрам, як у часы позьняга Кучмы для Ўкраіны была Польшча, калі дачыненьні з Захадам былі напружаныя, а Польшча не дазваляла абарвацца гэтым сувязям і была тым мостам, які дазваляў даносіць пэўныя сыгналы на Захад і не зваліцца канчаткова ў зону ўплыву Расеі», — перакананы Аляксандар Лявонаў.
Апроч таго, экспэрт не выключае, што ў сытуацыі зацікаўленасьці і Ўкраіны, і Беларусі дывэрсыфікаваць пастаўкі нафты і газу, кіраўнікі дзяржаў маглі абмеркаваць трохбаковы праект у гэтай сфэры.
«У гэтым кантэксьце можна прыгадаць, што Беларусь ужо атрымлівала азэрбайджанскую нафту з тэрыторыі Ўкраіны. Таму цалкам магчыма, што і Ўкраіна, і Беларусь могуць такі варыянт прапанаваць, бо адпаведная інфраструктура ўжо існуе і аб’ежджаная. Не выключаю, што гаворка можа йсьці нават пра пэрспэктыву паставак газу. Верагодна, што сланцавая рэвалюцыя ў ЗША падштурхоўвае краіны Пэрсыдзкага заліву да дывэрсыфікацыі рынку збыту. Таму гэта цалкам можа быць адной з тэмаў перамоў», — мяркуе Аляксандар Лявонаў.