Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалы пакінулі ксэнафобскі надпіс на беларускай «Карчме 1863» у Вільні


Вільня, ілюстрацыйнае фота
Вільня, ілюстрацыйнае фота

Апошнім часам невядомыя ўчынілі шэраг актаў вандалізму ў сталіцы Літвы супраць шэрагу ўстановаў, зьвязных зь беларусамі.

Беларускую «Карчму 1863» у Вільні атакавалі вандалы. Гэта заўважыў адзін зь мінакоў і апублікаваў фота ў сацыяльных сетках. На фатаздымку відаць, што на дзьвярах установы чырвонай фарбай намаляваны ксэнафобскі надпіс: «Lietuva lietuviams» («Літва літоўцам»).

Карчму, прысьвечаную паўстанцам Каліноўскага 1863 году, адчыніў у 2023 годзе былы актор беларускага Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Ільля Ясінскі з паплечнікамі. У карчме працуюць беларусы, мэню складаецца з традыцыйных беларускіх страваў і напояў.

У XIX стагодзьдзі ў гэтым доме, дзе цяпер знаходзіцца «Карчма 1863», на вуліцы Бокшта, дом 2 (па-літоўску Bokšto, 2) быў адзін зь першых гатэляў у Літве, у якім жыў Зыгмунт Серакоўскі. Менавіта тут і зьбіраліся паўстанцы напярэдадні падзеяў 1863 году.

У апошнія месяцы акты вандалізму ў Вільні ўчынілі супраць Беларускага дому ў Вільні, Цэнтру беларускай культуры, крамы сувэніраў «Кропка», якую трымае былы палітвязень зь Беларусі, капліцы беларускай праваслаўнай парафіі Канстантынопальскага патрыярхату, каля прыватны цэнтру ўцекачоў зь Беларусі «Дапамога».

Днямі таксама стала вядома, што ў Вільні невядомыя разьбілі партрэт і перавярнулі зьнічкі на магіле беларускага добраахвотніка Аляксандра Царука.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG