Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэкс-яўка. Як у Расеі моладзь праз сацсеткі цягнуць на выбары


ВК-паблік «Толькі для дарослых» публікуе карцінкі напаўаголеных дзяўчат, але яго мэта — заклікаць моладзь на наступныя прэзыдэнцкія выбары на падставе таго, што права галасаваць — такая ж адметная ўласьцівасьць дарослага чалавека, як і права карыстацца прадукцыяй эратычнага характару, пазначанай маркёрам 18+.

Некалькі дзён таму паблік быў абвінавачаны ў плягіяце. Мастачка Валерыя Фартуна заявіла, што набор стыкера для пабліка змаляваны зь ейнага cэту, зробленага для Тэлеграма.

Высьветлілася, што набор стыкераў быў замоўлены фрылансэру, які, відавочна, і перапрацаваў малюнкі Фартуны ў перадвыбарнай танальнасьці. Пасьля разбору стыкер быў выдалены з «ВКонтакте», мастачцы прынесьлі прабачэньні.

Аднак у выніку скандалу ўвагу журналістаў прыцягнуў сам паблік «Толькі для дарослых» — як яшчэ адзін сеткавы праект для павышэньня яўкі на будучых выбарах.

У сярэдзіне лютага прадметам абмеркаваньня сталі вірусныя ролікі, якія заахвочваюць ісьці галасаваць. Найбольшую рэакцыю выклікала відэа з 52-гадовым мужчынам, які зьбіраецца ігнараваць выбары і раніцой выяўляе каля сваіх дзьвярэй вайсковы патруль, які зьбіраецца яго прызваць яго у войска; сына-піянэра, які патрабуе 4 мільёны рублёў, а на кухні — «гея на передержке».

Іншы ролік апісвае знаёмства хлопца зь дзяўчынай у начным клюбе. У апошні момант дзяўчына адмаўляе хлопцу ў інтымнай блізкасьці, даведаўшыся, што ён не хадзіў на выбары. Відэа заканчваецца тэкстам «Выбары. Толькі для дарослых». Яно было апублікавана і ў пабліку «Толькі для дарослых» пад назвай «Дзяўчына крута абламала хлопца. 18+» і набрала больш за два з паловай мільёны праглядаў.

Паблік «Толькі для дарослых» створаны пры ўдзеле «Укантакце», «мужчынскага» часопісу Maxim і нейкага «трэцяга боку», кажа галоўны рэдактар Мaxim Аляксандр Малянкоў. Ён адмаўляецца называць гэты «трэці бок», спасылаючыся на камэрцыйныя «партнэрскія» адносіны: «Гэта трэці бок, акрамя нас і „Кантакту“, яго заснаваў, дамовіўся з намі, што мы будзем напаўняць яго кантэнтам».

Паводле словаў Малянкова, Мaxim адказвае за напаўненьне пабліка «ежедневной развлекалочкой».

У жніўні РБК са спасылкай на высокапастаўленыя крыніцы паведаміў пра падрыхтоўку ў Крамлі лічбавай стратэгіі прэзыдэнцкіх выбараў, у якой вядучую ролю меркавалася аддаць найбуйнейшай інтэрнэт-кампаніі Mail.Ru Group, якая валодае, у прыватнасьці, сацыяльнымі сеткамі «Укантакце» і «Аднаклясьнікі».

Задача заключаецца ў прыцягненьні выбаршчыкаў на выбары

«Гэта гісторыя не пра прасоўваньня кандыдатуры Пуціна... Задача заключаецца ў прыцягненьні выбаршчыкаў на выбары, каб не было праблем зь нізкай яўкай і спэкуляцый пасьля выбараў на гэтую тэму», — прыводзіліся ў артыкуле словы крыніцы РБК. Малянкоў у адказ на пытаньне, ці дапускае ён, што стварэньне пабліка зьвязана з плянамі адміністрацыі прэзыдэнта што да падвышэньня яўкі, кажа: «Я ўпэўнены, што гэта так, вядома наўрад ці гэта чыясьці прыватная ініцыятыва, дакладна гэта ня нашая ініцыятыва».

Галоўны рэдактар Мaxim заяўляе, што самому яму выбары нецікавыя, а на пытаньні, чым патлумачыць удзел ягонага выданьня ў падобных праектах, адказвае, што ягоныя пазыцыі як прыватнай асобы і як галоўнага рэдактара могуць не супадаць, і што дзейнасьць выданьня залежыць ад рознай кан’юнктуры...

Гісторыя з плягіятам стыкераў у «Толькі для дарослых» Малянкоў тлумачыць тым, што іх даслалі партнэры па праекце — «людзі, якія гэта ўсё задумалі, не «Укантакце», толькі пасьля скаргі мастачкі рэдакцыя стала разьбірацца і высьветліла, што стыкеры рабіў фрылансэр. Малянкоў кажа, што гэта звычайная практыка і што адсачыць плягіят у працы графікаў вельмі складана: «Адказнасьць нясе ў выніку выдавецтва, але прадухіліць гэта практычна немагчыма».

Што тычыцца відэароліка з дзяўчынай, якая «абламвае» хлопца ў бары, Малянкоў таксама адмаўляе датычнасьць часопісу да яго вытворчасьці: «Мы не здымаем ролікі, не малюем графікі». Ён пацьвярджае, што гэта робіць той жа «трэці» партнэр: «Гэта відавочна іх аўтарства. Усе буйныя рэчы, ролікі — яшчэ адзін ролік хутка будзе — яны робяць самі, а мы падтрымліваем штодня «развлекалочку».

«Гэта спрацавала, сёньня людзі ўжо пазнаюць, ёсьць званкі ад палітычных партый».

Непасрэдна вытворчасьцю гэтага роліка займалася кампанія «Росвидео», сярод кліентаў якой на яе сайце названыя рэгіянальныя адміністрацыі, «Газпрам» і «Ашчадбанк». Адзін з кіраўнікоў кампаніі Міхаіл Чарапанаў сьцьвярджае, што відэа ім ніхто не замаўляў, гэта была іх ініцыятыва: «Я паліттэхноляг ў мінулым, мы разумеем, што часам трэба і самім ўкладвацца ў рэкляму, убудавацца ў хвалю хайпу, у інфармацыйны паток».

Зьняты ролік, заяўляе Чарапанаў, быў «раскіданы па групах сяброў, знаёмых, у тым ліку і праз супольнасьць [Толькі для дарослых], каб максымальная колькасьць людзей яго ўбачыла».

Чарапанаў тлумачыць, што «Росвидео» хацела гэтым ролікам «пазначыць сваю пазыцыю наконт выбараў: мы лічым, што на выбары трэба хадзіць» і прыцягнуць увагу патэнцыйных заказчыкаў: «Гэта спрацавала, сёньня людзі ўжо пазнаюць, ёсьць званкі ад палітычных партый». Паводле словаў Чарапанава, яго кампанія плянавалі сэрыю падобных ролікаў, але цяпер «такі хайп ўжо не сабраць», таму новае відэа зьявіцца толькі, калі будзе заказчык, які за іх заплаціць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG