Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты „круты хлопец“ баіцца». Кіраўнік Human Rights Watch — пра Пуціна і ваенныя злачынствы ў Сырыі


11 разоў Расея накладвала вета на розныя рэзалюцыі па Сырыі. Апошнім часам гэта тычылася праекту, прапанаванага Кувэйтам і Швэцыяй. Яго сутнасьць была ў тым, што трэба неадкладна ўвесьці перамір’е і даставіць гуманітарную дапамогу жыхарам Усходняй Гуты — раёну побач з Дамаскам, сталіцай Сірыі, які знаходзіцца ў поўным акружэньні.

Пасьля шматлікіх лаянак і ўзаемных абвінавачваньняў у ААН, Расея падпісалася пад гэтай рэзалюцыяй, унёсшы істотную папраўку. Згодна з першапачатковым праектам рэзалюцыі, рэжым спыненьня агню не распаўсюджваецца на экстрэмісцкія групоўкі «Аль-Кайда» і «Ісламская дзяржава». Расея настаяла на тым, што замірэньне не павінна распаўсюджвацца і на іншыя «зьвязаныя зь імі» групоўкі. На справе гэта дазволіла працягваць наносіць удары па Ўсходняй Гуце, як гэта і прадбачылі заходнія сябры Рады бясьпекі ААН. Па дадзеных Сырыйскага цэнтру маніторынгу парушэньняў правоў чалавека, за тыдзень авіяўдараў і артабстрэлаў у Гуце загінулі як найменей 519 чалавек. Сярод загінулых больш за сто дзяцей.

Як унутраная палітыка і будучыя прэзыдэнцкія выбары зьвязаныя з агрэсіўнай пазыцыяй Расеі ў міжнародных арганізацыях і ў канфліктах? Карэспандэнт «Настоящего времени» пагаварыў аб гэтым зь кіраўніком міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Кэнэтам Ротам:

— Мы відавочна ўступаем у так званы перадвыбарчы працэс. Я кажу «так званы», таму што ніякай сурʼёзнай апазыцыі няма. Чалавек, які сапраўды выклікае найбольшую цікавасьць, акрамя Пуціна, — гэта Навальны. І вядома, усё было падстроена так, каб адхіліць яго ад удзелу ў кампаніі. Так што стварылася сытуацыя, калі сурʼёзных апазыцыйных кандыдатаў няма, асноўныя сродкі інфармацыі пад кантролем дзяржавы, і застаецца толькі невялікая жменька тых, хто можа, незалежна нешта рабіць.

Для мяне дзіўна, што Пуцін хоча здавацца «крутым хлопцам», бегае з голым торсам...

Калі людзі спрабуюць арганізаваць дэманстрацыю ці нешта падобнае супраць Пуціна, іх часьцяком арыштоўваюць. А калі хтосьці кажа: «Ды гэта поўны фарс, навошта прыкідвацца, што гэта выбары? Давайце проста назавем гэта самапрызначэньнем», людзей садзяць за гэта ў турму. Таму што Пуцін хоча, каб яго каранавалі, хоча, каб людзі паказалі, што яны за яго, але ён адчувае сябе занадта няўпэўнена, каб дапусьціць рэальны выбар.

Для мяне дзіўна, што Пуцін хоча здавацца «крутым хлопцам», бегае з голым торсам, удзельнічаючы ў спартыўных мерапрыемствах, але ён баіцца расейскага народу. Ён баіцца даць людзям свабоду выбару. Ён баіцца свабодных дэбатаў з рэальным апазыцыйным кандыдатам, пасьля якіх трэба даць людзям выбар. Так што для мяне ён ня моцны лідэр. Ён запалоханы лідэр, чалавек, які з усіх сіл чапляецца за ўладу і нават ня хоча даць расейскаму народу свабоду выбраць, ці павінен ён працягваць быць прэзыдэнтам ці не.

— Гэта самае трывожнае, што адбываецца цяпер у Расеі?

— Я бачу, як Расея коціцца ўніз. Зараз, на мой погляд, сытуацыя самая горшая за гады, якія прайшлі пасьля распаду Савецкага Саюзу. Быў пэрыяд адноснай свабоды, адноснай лібэралізацыі, расквітнела грамадзянская супольнасьць, была свабода прэсы. Многія гады краіна разьвівалася ў станоўчым напрамку. Але ў апошнія гады пачаўся зваротны працэс. І з надыходзячымі выбарамі гэты працэс руху назад стаў больш інтэнсіўным, паскорыўся.

— У якой галіне ў першую чаргу?

— Любая вобласьць дзейнасьці, дзе можа быць арганізаваная палітычная апазыцыя Пуціну, душыцца. Людзі могуць абмяркоўваць праблемы ў сябе дома, у сваім коле, нікога гэта не хвалюе. Людзі могуць абменьвацца электроннымі пасланьнямі з сябрамі, гэта таксама нікога не хвалюе. Але калі вы паспрабуеце дзейнічаць арганізавана, калі вы выйдзеце на дэманстрацыю, калі вы паспрабуеце стварыць сурʼёзную мэдыякампанію, якая будзе публікаваць інфармацыю з крытыкай ураду, вас неадкладна прыціснуць. А калі ў вас хопіць сьмеласьці вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах і атрымаць значную падтрымку насельніцтва, то знойдуць спосаб, каб вы не змаглі ўдзельнічаць у кампаніі. Менавіта гэта і адбылося з Навальным.

— Расея заблякавала ў ААН рэзалюцыю аб спыненьні агню ў Сырыі для дастаўкі гуманітарнай дапамогі мірнаму насельніцтву ў Сырыі. А яно знаходзіцца ў страшным становішчы, пакутуючы і ад бамбардзіровак урадавай авіяцыі, і ад экстрэмістаў...

— Вядома, усе бакі канфлікту парушаюць законы вайны і нават зьдзяйсьняюць ваенныя злачынствы. Але абсалютная большасьць злачынстваў было зьдзейсьнена сіламі, якія падтрымліваюць Асада. Калі вы паглядзіце на статыстыку, сабраную Сеткай сырыйскіх праваабарончых арганізацый, а гэта, бадай, самая надзейная крыніца інфармацыі, 92-93 адсотка сьмерцяў сярод цывільнага насельніцтва адбылося ў выніку нападаў сіл Асада. І прычына ў тым, што ў адпаведнасьці з Жэнэўскімі канвэнцыямі, у адпаведнасьці з законамі вайны армія можа страляць у збройнага саперніка, але не ў цывільнае насельніцтва.

Дык чаму існуе крызіс з сырыйскімі ўцекачамі? Чаму каля 5 мільёнаў сырыйцаў пакінулі краіну?

Урад Асада наўмысна расстрэльваў цывільнае насельніцтва, якое жыве ў раёнах пад кантролем апазыцыі, а таксама бальніцы, рынкі, розныя грамадзянскія абʼекты. А Расея цяпер адыгрывае вельмі важную ролю, даючы палітычнае прыкрыцьцё і часам абʼядноўваючы намаганьні з сырыйскай арміяй у нападах на бальніцы і іншыя грамадзянскія абʼекты. Зараз у Сырыі ёсьць два самых небясьпечных раёна.

Бамбаваньне Ўсходняй Гуты 22 лютага 2018 году.
Бамбаваньне Ўсходняй Гуты 22 лютага 2018 году.

Першы — Усходняя Гута, дзе жыве каля 400 тысяч чалавек. Гэта раён ў 10 кілямэтрах на ўсход ад Дамаска, які знаходзіцца ў поўнай блякадзе. А гэта значыць, што ў разгар зімы там няма ежы, няма мэдыкамэнтаў, і людзей днём і ноччу падвяргаюць бамбардзіроўкам з сырыйскіх і расейскіх самалётаў.

Другая зона — гэта правінцыя Ідліб на паўночным захадзе. Яна не знаходзіцца ў блякадзе, таму што мяжуе з Турэччынай. Але там жыве каля 2 мільёнаў чалавек. І яны зьяўляюцца мішэньню сіл Асада. Дык чаму існуе крызіс з сырыйскімі ўцекачамі? Чаму каля 5 мільёнаў сырыйцаў пакінулі краіну? Таму што грамадзянскае насельніцтва зьяўляецца наўмыснай мішэньню ў гэтай вайне. Гэта відавочнае парушэньне правілаў вайны, гэта ваеннае злачынства. Але ўрад Пуціна падтрымлівае гэта, а не спрабуе спыніць.

— Але ж і «Ісламская дзяржава» зьдзяйсьняла ў гэтым канфлікце жахлівыя злачынствы супраць чалавечнасьці...

— «Ісламская дзяржава» была абсалютна жахлівай сілай. Яны зьдзяйсьнялі масавыя забойствы, яны былі жахлівай сілай. Але іх амаль цалкам разграмілі. З практычнага пункту гледжаньня «Ісламскай дзяржавы» больш не існуе. Яна больш не кантралюе ў Сырыі нейкія больш-менш значныя тэрыторыі. У Ідлібе ёсьць група, якая лічыцца роднаснай «Аль-Кайдзе». І некаторыя баевікі гэтай групы наўпрост зьвязваюць сябе з «Аль-Каідай». У Human Rights Watch няма ніякіх пярэчаньняў супраць таго, каб з гэтымі баявікамі вялася вайна.

Пуцін сказаў: а дайце і мне бальніцу разбамбіць, дайце мне групу мірных жыхароў!

Гэта ўзброеныя групы, і сырыйская, і расейская ваенная авіяцыя, вядома, могуць бамбаваць іх. Але ня трэба бамбіць грамадзянскае насельніцтва. Нельга бамбіць мірных жыхароў проста з той прычыны, што яны жывуць у той жа правінцыі, дзе знаходзяцца члены «Аль-Кайды». А менавіта ў гэтым і заключаецца зараз сырыйская стратэгія. Гэта непрыхаванае ваеннае злачынства.

У Расеі ёсьць усе магчымасьці спыніць гэта. Асад б сёньня не выжыў, калі б не расейская ваенная дапамога. Але замест таго, каб выкарыстаць гэты рычаг ціску, і замест таго, каб паставіць умову, што ваенная падтрымка будзе аказана толькі ў тым выпадку, калі спыняцца бамбаваньня мірнага насельніцтва, Пуцін далучыўся да Асаду. Пуцін сказаў: а дайце і мне бальніцу разбамбіць, дайце мне групу мірных жыхароў! Менавіта таму Расея наклала вета на працяг расьсьледаваньня пра ўжываньне хімічнай зброі. ААН спрабавала высьветліць, хто выкарыстаў хімічную зброю.

Калі Расея выступае за дабрабыт у сьвеце, яна павінна спыніць гэтыя зьверствы.

Яны знайшлі сурʼёзныя пацьверджаньні таму, што сырыйскія ўрадавыя ўзброеныя сілы выкарыстоўвалі бомбы з зарынам і нэрвова-паралітычным газам у горадзе Хан-Шэйхун у красавіку мінулага году. Расеі не спадабаліся вынікі расьсьледаваньня — яна спыніла само расьсьледаваньне. Гэта палітычнае прыкрыцьцё і гэтая актыўная ваенная падтрымка робяць Расею саўдзельніцай гэтых ваенных злачынстваў. А Расея павінна рабіць адваротнае.

Калі Расея выступае за дабрабыт у сьвеце, яна павінна спыніць гэтыя зьверствы. А яна, наадварот, напрыклад, блякуючы расьсьледаваньне аб выкарыстаньні хімічнай зброі, пасылае сыгнал: выкарыстоўваць хімічную зброю можна, таму што мы ўсё роўна не дапусьцім расьсьледаваньня яе прымяненьня. Гэта значыць, Расея падрывае міжнародную норму — канвэнцыю супраць выкарыстаньня хімічнай зброі, а гэта ўяўляе небясьпеку для ўсіх нас.

— Як вы ацэньваеце дзеяньні Расеі ў дачыненьні да канфлікту на ўсходзе Украіны ў дадзены момант?

— Што тычыцца ўсходу Ўкраіны і канфлікту, у якім удзельнічаюць, з аднаго боку, украінскія ўзброеныя сілы, а з другога — сілы пад заступніцтвам Расеі, то ў нас ён па-ранейшаму выклікае сурʼёзныя турботы. Нядаўна прайшоў абмен палоннымі — і гэта вельмі добра. Але ў цэлым Менскія пагадненьні не выконваюцца. Мы ня бачым, каб цяжкая тэхніка выводзілася з перадавых пазыцый і далей ад населеных пунктаў. Ніякага спыненьня агню няма. Людзі, якім трэба перасекчы лінію разьмежаваньня, вымушаныя падоўгу чакаць у цяжкіх умовах.

Расея заяўляе, што ўсё мясцовае насельніцтва ў захапленьні ад таго, што Крым знаходзіцца пад расейскім кантролем.

У той частцы, якая не падкантрольная ўраду, валадарыць беспакаранасьць. Людзей арыштоўваюць, катуюць, людзі зьнікаюць. Але гэтым грашыць часам і ўрад краіны. Так што гэтая тэрыторыя стала зонай, дзе ня дзейнічае закон. Гэта вельмі трывожна. І гэта жахліва для людзей, якія там жывуць. А яшчэ адно пытаньне, пра які мы пакуль з вамі не гаварылі, — гэта Крым.

Расея заяўляе, што ўсё мясцовае насельніцтва ў захапленьні ад таго, што Крым знаходзіцца пад расейскім кантролем. Але гэтыя ўсе не ўключаюць у сябе крымскіх татараў, якія церпяць ганеньні, якіх садзяць у турмы. Так што фактычна адбылася акупацыя частцы Ўкраіны, але магчымасьці праявіць нязгоду з гэтым у Расеі няма, і няма грамадзкай дыскусіі аб прыродзе ці самім факце гэтай акупацыі, — лічыць Кэнэт Рот.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG