20 сьнежня ў Беларусі былі засуджаныя на сьмерць двое грамадзянаў, пасьля таго, як ім замянілі пажыцьцёвае зьняволеньне на сьмяротнае пакараньне. Гэта першыя два чалавекі, засуджаныя на сьмерць у 2018 годзе. Такім чынам, на сёньня колькасьць тых, каго чакае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, паводле афіцыйнай інфармацыі, налічвае сем чалавек.
20 сьнежня Менскі гарадзкі суд прысудзіў Вячаславу Сухарку і Аляксандру Жыльнікаву пакараньне сьмерцю. У сакавіку 2017 году яны былі прызнаныя вінаватымі ў забойстве ў сьнежні 2015 году трох чалавек і атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне. У ліпені 2017 году пасьля апэляцыі пракуратуры, Вярхоўны суд вярнуў іх справу ў суд ніжэйшай інстанцыі, і пакараньне было замененае на сьмяротнае.
Калі Вярхоўны суд зацьвердзіць прысуд і калі прэзыдэнт іх не памілуе, Вячаслаў Сухарка і Аляксандар Жыльнікаў будуць пакараныя сьмерцю.
Amnesty International выступіла з ініцыятывай дасылаць прэзыдэнту Лукашэнку лісты з заклікам спыніць выкананьні ўжо вынесеных сьмяротных прысудаў і замяніць меру пакараньня Сухарку і Жыльнікаву, а таксама неадкладна абвясьціць мараторый на пакараньні сьмерцю, каб у будучыні зусім яго адмяніць.
Amnesty International падкрэсьлівае, што не прыніжае сур’ёзнасьці ўчыненых злачынстваў, але цьвердзіць, што, паводле дасьледаваньня, сьмяротнае пакараньне ня мае дастатковага стрымвальнага эфэкту і ўяўляе сабою грубым парушэньнем правоў чалавека.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе працягвае ўжывацца сьмяротнае пакараньне.