Менскі гарадзкі суд пачаў 4 верасьня другі разгляд справы забойцаў траіх чалавек, распавядае Tut.by. Першы прысуд, які прадугледжваў пажыцьцёвае зьняволеньне выканаўцам і 12 гадоў калёніі замоўніцы, раней скасаваў Вярхоўны Суд.
У сьнежні 2015 году ў сваёй кватэры былі забітыя хлопец і дзяўчына. Як раней выявілі сьледчыя, 27-гадовая выхавальніца дзіцячага садку і былая актывістка БРСМ Аліна Шульганава «замовіла» 44-гадоваму суседу Аляксандру Жыльнікаву і яго сябру Вячаславу Сухарку свайго былога сябра, які сышоў ад яе да іншай. Быўшы п’янымі, Жыльнікаў і Сухарэнка нанесьлі дзьвюм ахвярам 140 удараў нажом, забралі з кватэры грошы і каштоўныя рэчы і ўцяклі. Пасьля затрыманьня выявілася, што зламысьнікі датычныя да яшчэ аднаго забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў аднаму зь іх кватэру.
Артыкулы абвінавачаньня засталіся ранейшымі. Але старшы пракурор менскага аддзелу пракуратуры Сяргей Кротаў растлумачыў, што першы прысуд быў скасаваны, бо «ня ўсе высновы, што тады зрабіў суд, ён матываваў належным чынам», у тым ліку ўдзел Жыльнікава ў забойстве ў Калодзішчах, а таксама бо не была праведзеная экспэртыза крыві на штанах Жыльнікава і псыхічнае абсьледаваньне Сухаркі, які біўся галавой аб краты ў час суду.
Таксама, на думку Кротава, прычынай перагляду стала «мяккасьць прызначанага пакараньня» — пракурор першы раз патрабаваў сьмяротную кару для двух выканаўцаў забойства, ды й сам Сухарка прасіў яго расстраляць.