Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былой актывістцы БРСМ далі 12 гадоў калёніі за арганізацыю забойства, двум выканаўцам — пажыцьцёвае


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Менскі гарадзкі суд вынес вырак двум выканаўцам двайнога забойства і жанчыне, якая яго замовіла, перадае Tut.by.

23-гадоваму Вячаславу Сухарку і 44-гадоваму Аляксандру Жыльнікаву прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне (пракурор прасіў сьмяротнага пакараньня, а 27-гадовай Аліне Шульганавай — 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Таксама злачынцам прысудзілі кампэнсаваць родзічам забітых маральную шкоду на 270 тысяч рублёў. Мужчынаў бадуць прымусова лекаваць ад алькагалізму.

Як выявіла сьледзтва, выхавальніца дзіцячага садку і былая актывістка БРСМ Шульганава не зьмірылася з тым, што яе хлопец пайшоў да іншай дзяўчыны, таму папрасіла знаёмых — 23-гадовага Вячаслава Сухарку і 44-гадовага Аляксандра Жыльнікава — «прыбраць» суперніцу. Але Жыльнікаў і Сухарка перастараліся і забілі хлопца, і дзяўчыну. Жыльнікаў і Сухарка да таго забілі 59-гадовага жыхара Калодзішчаў, які раней здаваў Сухарку кватэру. У кватэры забітага яны хацелі завалодаць 10 тысячамі даляраў.

Шульганава ў апошнім слове заявіла, што не разьлічвала, што Сухарка і Жыльнікаў стануць забіваць людзей, прызнае сябе вінаватай у тым, што «не змагла аб’ектыўна ацаніць сытуацыю» і не паведаміла ў міліцыю, калі выканаўцы расказалі ёй пра забойства. Яна сьцьвярджае, што раскаялася ў гэтым. Жыльнікаў прасіў у апошнім слове прабачэньня ў пацярпелых, выказаў ім спачуваньне. Ён заявіў, што не прызнае сябе вінаватым у забойствах, а толькі дапамагаў Сухарку хаваць сьляды і не паведаміў пра гэта міліцыі. Сухарка быў выдалены з залі суду празь неналежныя паводзіны, таму не прамаўляў апошняга слова. Ягоны адвакат казаў, Сухарка цалкам прызнае віну і просіць, каб яго расстралялі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG