Папа Рымскі Францішак упершыню ў гісторыі прызначыў жанчыну прэфэктам буйнога ватыканскага ведамства. Італьянская манашка Сымона Брамбільля (Simona Brambilla) узначаліла дэпартамэнт, які курыруе рэлігійныя ордэны каталіцкай царквы, піша Associated Press.
Прызначэньне стала важным крокам у імкненьні Францішка даць жанчынам больш кіраўнічых роляў у царкве. Хоць жанчыны ўжо бывалі намесьніцамі кіраўнікоў у некаторых ватыканскіх структурах, упершыню ў гісторыі жанчына стала прэфэктам дыкастэрыі (ведамства) Рымскай курыі — цэнтральнага органа каталіцкай царквы.
Дыкастэрыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцьця і грамадаў апостальскага жыцьця — адно з ключавых ведамстваў Ватыкану. Яно адказвае за дзейнасьць рэлігійных ордэнаў, такіх як езуіты, францішканцы і сёстры міласэрнасьці, а таксама невялікіх новых рухаў.
Брамбільля будзе курыраваць каля 600 тысяч манашак і 129 тысяч сьвятароў, якія ўваходзяць у рэлігійныя ордэны.
Адной з галоўных задач новага прэфэкта стане пераадоленьне тэндэнцыі да скарачэньня колькасьці манашак ва ўсім сьвеце. Паводле дадзеных Ватыкану, іх колькасьць зьменшылася з 750 тысяч у 2010 годзе да 600 тысяч у 2024 годзе.
Хоць Брамбільля стала першай жанчынай на гэтай пасадзе, Францішак адначасова прызначыў кардынала Анхеля Фэрнандэса Артымэ яе кіраўніком, або «прапрэфэктам». Верагодна, рашэньне папы зьвязана з тым, што кіраўнік дыкастэрыі павінен мець магчымасьць служыць імшу і цэлебраваць сакрамэнты, а гэта могуць рабіць толькі мужчыны.
На думку экспэртаў, гэта кампрамісны крок, які адлюстроўвае жаданьне папы рухацца да большага ўцягваньня жанчын у кіраваньне царквой, але ў рамках кананічных абмежаваньняў.
59-гадовая Брамбільля займала пасаду намесьніка кіраўніка дэпартамэнту рэлігійных ордэнаў з 2023 году.
Яе прызначэньне стала магчымым дзякуючы ініцыяванай Францішкам рэформе 2022 году, якая дазволіла сьвецкім асобам, у тым ліку жанчынам, узначальваць дыкастэрыі Рымскай курыі і станавіцца прэфэктамі.
Хоць Францішак захаваў забарону на сьвятарскае пасьвячэньне для жанчын, ён працягвае дэманстраваць, што жанчыны могуць займаць кіраўнічыя пасады ў царкоўнай герархіі. Тым ня менш многія каталічкі па-ранейшаму выказваюць незадаволенасьць абмежаваньнямі, якія пакідаюць сьвятарства выключна за мужчынамі.
Форум