20 студзеня калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суда пасьля паўторнага разгляду справы аб забойстве ў сьнежні 2015 года маладой пары ў доме на вуліцы Алібегава ў сталіцы і мужчыны ў пасёлку Калодзішчы (Менскі раён) вынесла прысуд, паведамляе БелаПан.
Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка прыгавораныя да сьмяротнага пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Сухарка ўпершыню прысутнічаў у зале пасяджэньняў у клетцы з пачатку паўторнага працэсу, тады ён быў выдалены з суда праз неадэкватныя паводзіны. Ён нават не гаварыў апошняга слова.
«Пажыцьцёвае — надта мякка». Менскі суд пачаў перагляд выраку забойцам трох чалавек
Абодва рабочыя піларамы абвінавачваліся ў забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакумэнтаў.
Былая актывістка БРСМ, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава прыгавораная да 12 гадоў пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці. Яна абвінавачвалася ў арганізацыі прычыненьня цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое мела вынікам па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека, і падрыхтоўцы да выкраданьня чалавека.
Вынесены прысуд можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.
Першы раз Менгарсуд абвясьціў прысуд па гэтай справе 6 сакавіка 2017 года: два пажыцьцёвыя зьняволеньні і 12 гадоў пазбаўленьня волі. 14 ліпеня Вярхоўны суд адправіў справу на паўторны разгляд у суд першай інстанцыі з новым складам судовай калегіі па крымінальных справах.
У сьнежні 2015 году ў сваёй кватэры былі забітыя хлопец і дзяўчына. Як раней выявілі сьледчыя, 27-гадовая выхавальніца дзіцячага садку і былая актывістка БРСМ Аліна Шульганава «замовіла» 44-гадоваму суседу Аляксандру Жыльнікаву і яго сябру Вячаславу Сухарку свайго былога сябра, які сышоў ад яе да іншай.
Быўшы п’янымі, Жыльнікаў і Сухарэнка нанесьлі дзьвюм ахвярам 140 удараў нажом, забралі з кватэры грошы і каштоўныя рэчы і ўцяклі. Пасьля затрыманьня выявілася, што зламысьнікі датычныя да яшчэ аднаго забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў аднаму зь іх кватэру.
Сухарка сьцьвярджае, што раней судзімы Жыльнікаў пераканаў яго ў тым, што яму не дадуць за забойства больш за 5 год турмы. Жыльнікаў нібы абяцаў Сухарку, што калі той возьме віну на сябе, то ён будзе вазіць Сухарку перадачы ў калёнію. Сухарка спачатку вінаваціў толькі сябе, але пазьней «выдаў» напарніка.